“Мой дом заўсёды адкрыты для людзей”. Даведаліся, якімі клопатамі і захапленнямі жыве “проста Марыя” з вёскі Галынка

 

Краем раскрытых душ і дзвярэй назваў родную Беларусь Уладзімір Караткевіч. Гэты выраз міжволі ўсплыў у памяці пры знаёмстве з камунікабельнай, добразычлівай і творчай жанчынай Марыяй Чаргейка. Яна – стараста вёсак Галынка і Трахімчыкі, а таму жыве інтарэсамі землякоў. Аднак не столькі па абавязку, колькі па закліку свайго нераўнадушнага сэрца, стараецца прыйсці на дапамогу кожнаму, хто ў гэтым мае патрэбу.
І, безумоўна, заўжды трымае руку на пульсе часу, імкнецца быць у курсе ўсіх навін рэспублікі і рэгіёна, дакладна ведаць функцыі і тэлефоны “жыццядайных” службаў, каб аператыўна вырашыць тыя злабадзённыя пытанні, што могуць ўзнікнуць ці то ў вёсцы, ці то ў кагосьці дома.

 

– А яшчэ наша Марыя Канстанцінаўна заўзяты кветкавод і ўвогуле вельмі любіць зямлю. Вырошчвае на сваім участку сапраўдныя дзівосы і тым самым паказвае прыклад іншым. Хацелася б, каб газета расказала ўсім пра нашу крэатыўную старасту, – выказала сваё пажаданне даўняя чытачка “Дзянніцы” Антаніна Аўсяная.

 

Прызнаемся: у самы разгар кветкавага сезона з-за шматлікіх рэпарцёрскіх спраў прыехаць у Лагады не атрымалася. Але і зараз, калі стаіць такі цудоўны сонечны верасень, а фарбы лета яшчэ не пабляклі, на ўтульным падворачку Марыі Канстанцінаўны ўражвае фларыстычная разнастайнасць. Сама гаспадыня, элегантная жанчына з цудоўным пачуццём гумару, не перастае здзіўляць сваімі агранамічнымі ведамі і расповедам аб кожнай кветачцы, а яшчэ – зайздроснай працавітасцю.

 

 

– Вось ружы зацвілі паўторна, а надараецца, што і тройчы цвітуць. Гэта дзякуючы своечасовай абрэзцы кустоў і падкормцы. Наогул кожная расліна свайго індывідуальнага догляду патрабуе, пэўных ведаў і, безумоўна, любові, – сцвярджае наша новая знаёмая. – А па дыпломе я сапраўды аграном. І выбірала калісь гэту прафесію свядома. Не заўсёды працавала па спецыяльнасці, але цяга да таго, каб штосьці вырошчваць, пастаянна эксперыментаваць, атрымліваць нешта такое, каб здзівіць сябе і іншых – гэта ў мяне, мабыць, на генетычным узроўні. Калі дослед атрымаўся і распаўсюдзіўся, а вынік перастаў быць інавацыяй, то мне становіцца папросту нецікава. Я адшукваю і спрабую зноў нешта нязведанае.

 

 

У агародчыку Марыі Канстанцінаўны нямала экзатычнага. Яна з задавальненнем частуе гасцей сакавітымі кавунамі з нейкай асаблівай ноткай у смаку – у разрэзе жоўтымі, бы месяц, дыняй, што вырасціла ды выспеліла ў беларускім клімаце, балгарскімі перцамі, каляровай капустай… У яе мноства сартоў памідораў, і ўсе без выключэння сёлета далі добры ўраджай, а значыць, можна падзяліцца і з іншымі. Вось такая шчодрая натура!

 

 

– І мама, Ганна Антонаўна, у мяне такая ж! Зараз ёй 87, і я з пяшчотай даглядаю сваю матулю. Яна ўжо не здолее сама да суседак схадзіць, дык я тых сябровак да нас запрашаю, каб усім весялей было, – усміхаецца Канстанцінаўна. – А неяк пашчасціла, што называецца, паставіць на ногі адну са старэнькіх аднавясковак, што дужа захварэла. Калі людзі адчуваюць клопат і любоў, у іх з’яўляецца стымул і прага да жыцця. Гэта відавочна. Каб мець магчымасць даглядаць нямоглых бацькоў, я ў свой час ўладкавалася ў службу аховы цэнтра селекцыі і генетыкі ў свінагадоўлі Гродзенскага племпрадпрыемства. Таму, шчыра кажучы, спаць даводзіцца мала: часцяком па начах дзяжурствы. Да таго ж патрабуе шмат працы зямля, але мне па душы такая работа! З дня ў дзень назіраеш плён сваіх рук…

 

 

І дзе толькі чэрпае энергію гэта няўрымслівая жанчына? Бо не сакрэт, што давялося ёй пераадолець нямала выпрабаванняў, а жыццёвы шлях быў больш усланы шыпамі, чым ружамі. Упэўнена, душэўныя сілы Марыя Канстанцінаўна чэрпае ў шчырай хрысціянскай веры, у любімых захапленнях, міласэрнасці і жаданні тварыць дабро. Яна цудоўна кулінарыць і заўсёды гатова прыйсці на дапамогу сябрам, калі падчас сямейнай урачыстасці патрабуецца неяк па-асабліваму арыгінальна накрыць стол. А выпечка ў Канстанцінаўны дык увогуле мяжуе з узорам гастранамічнага мастацтва.

 

 

Яшчэ адно прыгожае хобі – пакаёвыя расліны, сярод якіх авакада, дрэўцы лімона, пальмы... Багата ў Марыі вазонаў – дома і на рабоце. Да прыкладу, усе свае кактусы яна перавезла на працу, інтуітыўна адчуўшы, што там для іх больш спрыяльны мікраклімат. І сапраўды! “Калючкі” зацвілі: кожны від – сваёй неверагоднай цуда-кветкай. А хто ж не ведае прыкмету, што нечаканае цвіценне кактуса – да радаснай падзеі?!

 

 

Вось так жыве і зараджае сваёй пазітыўнай энергетыкай тых, хто побач, Марыя Чаргейка – неабыякавы, ініцыятыўны чалавек і майстрыца на ўсе рукі.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва Марыі Чаргейка.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!