Месячнік добрых спраў
Цэлы шэраг акцый і цікавых мерапрыемстваў праводзіцца на Шчучыншчыне ў рамках месячніка Чырвонага Крыжа.
– Надзвычай жывой і карыснай атрымалася сустрэча з навучэнцамі СШ №1 г. Шчучына, дзе мы вялі гутарку аб гісторыі таварыства Чырвонага Крыжа, яго традыцыях, пазнаёмілі рабят з дзейнасцю нашай раённай арганізацыі, – гаворыць старшыня РА БТЧК Галіна Станіславаўна Мацюк. – Асаблівы акцэнт зрабілі на ролі валанцёраў у нашай рабоце. Прыемна, што многія хлопчыкі і дзяўчынкі пажадалі папоўніць рады юных памочнікаў і актывістаў Чырвонага Крыжа.
Такія ж адкрытыя дыялогі прайшлі ў трэцяй гарадской школе і Ражанкаўскім д/с-СШ. А якой урачыстай ды прыгожай атрымалася імпрэза для пажылых адзінокіх людзей, што пражываюць у аддзяленні кругласутачнага знаходжання ТЦСАН у г.п. Астрына! Тут да нашай ініцыятыўнай групы “Апора” далучыўся мясцовы валанцёрскі атрад “Продвижение” на чале з кіраўніком атрада Ю.Р. Скарынка.
Гучалі песні, цёплыя пажаданні, а самае галоўнае – валанцёры з непадробнай увагай слухалі аповеды і ўспаміны пажылых людзей пра іх нялёгкі жыццёвы шлях, пра цяжкасці пасляваеннага часу, згадкі пра ваеннае ліхалецце. Насельнікі аддзялення Лідзія Мацвееўна Карніцкая і Уладзімір Паўлавіч Гуцко пажадалі маладому пакаленню зберагчы дабрыню і чысціню сэрцаў, дастойна крочыць па жыцці, пераадольваючы ўсе іспыты лёсу. А калі загучала мелодыя песні “Домік вокнамі ў сад”, бабулькі і дзядулі не ўтрымаліся ад слёз, расчуліліся.
Не маглі актывісты Чырвонага Крыжа не завітаць і на раённае свята сям’і. Удзельнікам агляду-конкурсу ад раённай арганізацыі БТЧК былі ўручаны падарункі. А 15 мая, калі ўся краіна адзначала Дзень сям’і, старшыня РА БТЧК Г.С. Мацюк і валеолаг УАЗ “Цэнтральная раённая бальніца” Я.Б. Капіца арганізавалі акцыю “Прывітанне, малыш!” Яны завіталі ў радзільнае аддзяленне і ўручылі падарункі новаспечаным матулям – І.А. Салейка і А.Л. Замара. Месячнік Чырвонага Крыжа працягваецца, і кожны з актывістаў гэтай дабрачыннай арганізацыі ўносіць свой уклад у высакародную справу гуманізму.
Таццяна ВАЛЯНЦІНАВА.