Яе гады – яе багацце

Сёння Галіна Іосіфаўна Стасюкевіч з аграгарадка Ражанка адзначае 90-гадовы юбілей

– Цяпер Галіна Іосіфаўна жыве ў сваёй дачкі – Ніны Вацлаваўны Якусік, – расказвае па дарозе да дому гераіні мой гід Валянціна Людвікаўна Болтач, дзякуючы якой мы і даведаліся пра юбілей. – Нашы тры настаўніцкія сям’і – Болтач, Будзіловіч і Якусік – сябруюць ужо шмат гадоў. Ніна Вацлаваўна самая шчаслівая з усіх нас, таму што ў яе яшчэ ёсць мама. Галіна Іосіфаўна і для ўсіх нас стала блізкім і дарагім чалавекам...

У доме Якусікаў мяне ўжо чакалі. Галіна Іосіфаўна пры поўным парадзе выйшла насустрач. Нават у такім паважаным узросце ва ўсёй яе постаці адчуваецца настаўніцкая выпраўка, нібы яна ў чарговы раз рыхтуецца даць урок сваім маленькім вучням. 

…Я слухаю ўспаміны маёй гераіні і не перастаю здзіўляцца, наколькі яна памятае сваё жыццё, кожную падзею, кожную дробязь. Нарадзілася Галіна Іосіфаўна ў далёкім 1927 годзе ў вёсцы Малая Каменка Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці. У сям’і была старэйшая з дзяцей і дапамагала бацькам расціць сваіх чацвярых братоў. Бацька працаваў кавалём, а мама была дома – займалася дзецьмі і гаспадаркай. 

– Як сёння помню тыя плеценыя калысачкі, у якіх гадаваліся я і мае браты, – расказвае Галіна Іосіфаўна. – Мама ідзе працаваць у поле, калыску бярэ з сабою, а я на правах старэйшай прыглядваю за малымі. Так і раслі.

У дзяцінства ўварвалася вайна…

– Гэта было нечакана, страшна і вельмі трывожна, – успамінае Галіна Іосіфаўна. – 22 чэрвеня, у нядзелю, тата ездзіў у горад. Ён толькі вярнуўся, мы, дзеці, паабедалі і пабеглі на вуліцу. Раптам у боку аэрадрома ўбачылі полымя, а затым раздаліся нейкія невядомыя гукі. “Гэта, напэўна, вучэнні”, – патлумачыў нам тата. Толькі гукі не заціхалі. А потым аб’явілі, што пачалася вайна…

Ужо 27 чэрвеня немцы поўным ходам ішлі на Бабруйск. Першыя – матацыклісты. Абстралялі радыёвузел, разбурылі вышку. А потым мы пачулі страшны гул. Прыкладваеш вуха да зямлі, а яна гудзіць. Гэта пайшлі танкі.  
Нас, падлеткаў, немцы прымушалі многа працаваць. Мы пілавалі дровы. Добра калі пападаліся бяроза або асіна, а калі елка або сасна – прыходзілася вельмі цяжка. Набярэцца смалы на пілу – не пацягнуць. Больш чалавечныя немцы, што назіралі за нашай работай, давалі крыху адпачыць, а пападаліся і такія, што пры іх ні на мінуту немагчыма было спыніцца. 

Ганялі нас і на торфараспрацоўкі. Сухі торф накідвалі ў плеценыя кошыкі з дзвюма ручкамі і ставілі іх на ваганеткі, якія з двух бакоў піхалі па рэйках. Машыны ў тое месца, дзе ляжаў торф, не даязджалі. Таму прыходзілася яго вывозіць такім чынам. Нагрузіць за дзень трэба было не менш за 30 кошыкаў. Аднойчы, стомленыя, не змаглі ўтрымаць ваганетку, і яна перавярнулася разам з торфам. На шчасце, немец толькі пасварыўся на нас. Торф дастаўлялі за восем кіламетраў на электрастанцыю, каб выпрацоўваць электрычнасць. 
Кожная сям’я выкапала ў сваім агародзе акопы. Калі ў вёсцы размясціўся атрад немцаў, стала зусім трывожна. Па начах яны выязджалі на крытых машынах, што ў народзе празвалі “чорнымі воранамі”, і збіралі людзей, якіх адвозілі ў горад на біржу, а затым адпраўлялі на работы ў Германію. Фашыстам дапамагалі добраахвотнікі, большасць з якіх былі  “ўласаўцы”. 

У людзей адабралі ўсё: кароў, курэй, парасят. З курамі немцы распраўляліся ў адно імгненне: зловяць птушку, возьмуць яе паміж пальцаў, як махнуць, так і адляталі: тулава – сабе, галава – сабе. Яшчэ і падатак збіралі: яйкі і іншыя прадукты харчавання. А калі ў людзей не было чым яго даць, забіралі маёмасць. Плаціш падатак – вяртаюць маёмасць. Цяжкае было жыццё… 

Настаўніца з Біцеўцаў

У 1945 годзе Галіна Іосіфаўна закончыла школу і паступіла ў Бабруйскае педагагічнае вучылішча. 

– Нас было 70 чалавек, – успамінае мая гераіня. – Пасля заканчэння вучылішча большасць маладзенькіх настаўніц накіравалі ў Гродзенскую вобласць. Хтосьці трапіў ў Шчучынскі раён, а я і яшчэ некалькі дзяўчат – у Васілішкаўскі. Адна жанчына пацікавілася, дзе мы будзем працаваць. Даведаўшыся, толькі рукамі пляснула: “Ах, мае мілыя, гэта ж самы бандыцкі раён!”. Мы – у слёзы. 

Прыехалі мы ў аддзел адукацыі, які тады знаходзіўся ў Астрыне. Нам прапанавалі тры школы: Біцеўскую, Задваранскую і школу, якая мясцілася ў былым маёнтку Іваноўскіх у Галавічполі.  

Да Задваран дабраліся на падводах разам з людзьмі, якія прывозілі зерне ў Астрыну. Школа мясцілася ў звычайнай вясковай хаце, у адным канцы якой жылі вяскоўцы. Самаробныя доўгія сталы, каля іх – лаўкі, на якіх магло сесці чалавек пяць. На сцяне – квадратная дошка і партрэт Леніна. Вось такія былі класы. Пакуль не было заняткаў, мясцовая жыхарка ўстанавіла пасярод класа кросны і ткала. 

У школе ў Біцеўцах усё выглядала, як і ў Задваранах. Мы з сяброўкай засталіся ў Біцеўцах, а трэцюю дзяўчыну накіравалі ў Задвараны, адкуль яе крыху пазней перавялі ў Лядск. Мая сяброўка працавала са мной толькі два месяцы, а затым пераехала ў Сабакінцы. Так на ўсё жыццё там і засталася. Для мяне невялічкая вёска Біцеўцы таксама стала другой радзімай: там я пазнаёмілася са сваім мужам, там нарадзіліся двое маіх дзяцей: сын Іван і дачка Ніна.

Галіна Іосіфаўна працавала ў Біцеўскай пачатковай школе з 1948 года. Праз некалькі гадоў пачалася народная будоўля па ўзвядзенні новай сямігодкі, якая адкрылася ў 1963 годзе і аб’яднала тры школы – Задваранскую, Біцеўскую і з вёскі Трудавая. 

– Перад нараджэннем сына да апошняга дня праводзіла заняткі, – расказвае Галіна Іосіфаўна. – Тады ж не было ніякага водпуску па доглядзе дзіцяці. Мне на замену прыслалі настаўніцу. Было свята, дзеці не прыйшлі ў школу. І яна таксама пакінула сваё працоўнае месца. Якраз прыехала праверка, і маю калегу больш не дапусцілі да работы. Прыйшлося мне самой зноў весці ўрокі. Малюсенькага сына брала з сабою. Прасіла цёцю Стасю, якая працавала на кухні, каб прыгледзела за малым. Яна яго і спавівала, і няньчыла. Праз чатыры гады нарадзілася дачушка. Тады мне ўжо было лягчэй: гадаваць Ніначку дапамагаў яе брацік.

– Нам з братам вельмі падабалася маміна работа, – далучаецца да размовы Ніна Вацлаваўна. – Я нават у школу пайшла, калі мне было толькі шэсць годзікаў. Мама не хацела мяне запісваць так рана. Помню, яна пойдзе на работу, а тата мяне апране і я ззаду. Каля двух кіламетраў прыходзілася дабірацца да школы. Нарэшце мама здалася і я стала першакласніцай. 

Іван і Ніна закончылі школу, а затым паступілі на гістарычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута. Сама Галіна Іосіфаўна прысвяціла школе 44 гады і 26 дзён, як дакладна падлічыла мая суразмоўца. 

Шчасце ёсць…

– Якім Вы былі настаўнікам? – цікаўлюся ў Галіны Іосіфаўны. 

– Я заўсёды шкадавала сваіх вучняў, – на хвіліну задумаўшыся, адказвае яна. – Нават пасля ўрокаў пакідаць не хацела. Паабяцае дзіця, што заўтра прыйдзе падрыхтаваным, і я яго адпускала. Самым лепшым прыкладам для мяне заўсёды была мая першая настаўніца Валянціна Сцяпанаўна Манько. Яна таксама любіла сваіх вучняў і ніколі нікога не крыўдзіла. Так і для мяне ўсе дзеці былі роўнымі. 

У працоўнай кніжцы Галіны Іосіфаўны Стасюкевіч толькі два запісы: адзін – аб прыняцці на работу, другі – аб выхадзе на заслужаны адпачынак. Як дарагую рэліквію яна захоўвае два медалі “За доблесную працу”, якімі была ўзнагароджана. 

– Галіна Іосіфаўна, Вы лічыце сябе шчаслівым чалавекам?

– Немагчыма адназначна адказаць на гэта пытанне, – разважае мая гераіня. – Я пражыла цяжкае жыццё. Муж хварэў, а амаль дваццаць год таму пайшоў з жыцця. Мы самі будавалі дом, трэба было даглядаць гаспадарку. Я шчаслівая ад таго, што столькі год жыву на зямлі, што маю магчымасць радавацца сваім дзецям, чацвярым унукам і сямі праўнукам. І спадзяюся, што хтосьці з іх працягне нашу педагагічную дынастыю. Дарэчы, не толькі мае дзеці сталі настаўнікамі, але і жонка сына таксама ўсё жыццё адпрацавала ў школе. А цяпер ўнучка Наталля, якая жыве з сям’ёй у Лідзе, выхоўвае дзяцей у дзіцячым садку. Магчыма, хтосьці з праўнукаў таксама пойдзе па педагагічнай сцяжыне. Гэта высакародная справа і трэба яе працягваць. 

– Ведаеце, а мама і зараз не губляе сувязі са сваімі сябрамі і знаёмымі, а таксама з Аляксандрай Якаўлеўнай Міцкевіч, з якою амаль семдзесят год таму прыехалі разам на работу, – гаворыць Ніна Вацлаваўна. – Часта тэлефануе ў Біцеўцы, звязваецца са старшынёй Васілішкаўскага сельвыканкама Тамарай Іванаўнай Зубрыцкай, каб даведацца пра апошнія навіны, цікавіцца падзеямі ў краіне, з нецярпеннем чакае чарговы нумар “Дзянніцы”. У яе пакоі нават свой тэлефон праведзены…

Я развіталася з гэтымі прыемнымі жанчынамі і ў чарговы раз злавіла сябе на думцы, што з асобым пачуццём павагі і захаплення стаўлюся да людзей таго пакалення, якое прадстаўляе Галіна Іосіфаўна. Яны вызначаюцца вялікай любоўю да жыцця, мужнасцю і стойкасцю. І сёння паважанай Галіне Іосіфаўне хочацца пажадаць моцнага здароўя і яшчэ доўгіх-доўгіх гадоў. З юбілеем Вас, шаноўная!

Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара і з асабістага архіва Н.В. Якусік.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!