Майстар-класы ад “Майстрыхі”
У гарадскім пасёлку Жалудок падчас рэалізацыі праекта “Павышэнне якасці жыцця пажылых людзей” на гранты, выдзеленыя міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемаразуменне”, было закуплена як спартыўнае абсталяванне, так і прылады для плённай работы гуртка “Майстрыха”.
– У Доме культуры, дзе збіраюцца члены нашага аб’яднання па інтарэсах, у даступным карыстанні новая швейная машынка і аверлок. Набылі мы і тканіну, ніткі, тасьму, – расказвае мастацкі кіраўнік Жалудоцкага ГДК Валянціна Клімовіч, якая курыруе заняткі “Майстрыхі”. – Разам мы вучымся шыць прыгожыя рэчы для сервіроўкі стала, сувеніры, якія потым уручаем нашым імяніннікам. Людзі наведваюць гурток вельмі ахвотна, бо для многіх гэта выратаванне ад адзіноты. Да таго ж, як паказвае практыка, нашы землякі любяць вучыцца, нягледзячы на сталы ўзрост.
Сапраўдны майстар-клас для жыхарак Жалудка заўжды гатова правесці Марыя Хацук, за плячамі якой 33 гады работы ў атэлье. Сваім досведам з сяброўкамі не раз дзяліліся Тэрэза Кішко і Яніна Шанчук.
– Такія карысныя сустрэчы нас згуртоўваюць, напаўняюць уражаннямі. Мы тут многаму навучыліся, – у адзін голас прызнаюцца Тэрэза Вейкуць і Марыя Парфіновіч. – Падчас самаізаляцыі ў сувязі з нядаўняй эпідэміялагічнай сітуацыяй мы вельмі сумавалі па нашых занятках, а зараз іх зноў аднаўляем. Жыццё на пенсіі, калі мы актыўна ўключаемся ў такія праекты, набывае зусім іншы сэнс. Ёсць магчымасць і вольны час, каб самарэалізавацца і знайсці сваё творчае “я” ў новай справе.
Вельмі многія з жыхарак Жалудка не толькі спасцігаюць сакрэты рукадзелля, але і культывуюць здаровы лад жыцця. Заняткі на трэнажорах, так званая скандынаўская хада з палкамі сталі звыклай справай для тых, каму за 60. Вось каго старасць дома не застане!
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.