Час рыхтавацца да турыстычнага сезона

 

Па ініцыятыве аддзела турыстычнай і інвестыцыйнай дзейнасці ўпраўлення эканомікі райвыканкама адбылася сустрэча за круглым сталом, на якую арганізатары запрасілі ўладальнікаў аграсядзіб, прадстаўнікоў раённай улады, службы па грамадзянстве і міграцыі, інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах, Белаграпрамбанка. Размова атрымалася надзвычай карыснай і інфарматыўнай.

 

На сустрэчу з энтузіястамі аграэкатурызму прыйшлі намеснікі старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Пасюта і Дзмітрый Крывецкі, якія падкрэслілі, што раённая ўлада надзвычай зацікаўлена ў плённай рабоце аграсядзіб: яны, безумоўна, даюць штуршок для развіцця сельскіх тэрыторый і спрыяюць актывізацыі турыстычнай дзейнасці.

 

Госці з задавальненнем знаёміліся між сабою, расказвалі аб сваіх справах і ініцыятывах, абменьваліся досведам. У кожнага з уласнікаў сядзіб ёсць свае ўнікальныя напрацоўкі – ці гэта конны двор “Кентаўр” Людмілы Босак, ці аграсядзіба “Раздолле” Алега Бяляўскага. Першыя, але ўпэўненыя крокі робяць “Арт-хаус” Валерыя Арціша, напоўненая крэатывам сядзіба “Эльза-СВС” Алены Саўкінай, прывабны хутарок ля Старой Спушы Вадзіма Казлякоўскага.

 

Старшы інспектар аддзела турыстычнай і інвестыцыйнай дзейнасці ўпраўлення эканомікі райвыканкама Таццяна Асіпчук заўважыла, што зараз на Шчучыншчыне дзейнічаюць 27 аграсядзіб, расказала аб развіцці турызму ў разрэзе рэспублікі, пазнаёміла з календаром фестываляў і брэндавых мерапрыемстваў нашага краю, якія будуць выклікаць жывы інтарэс не толькі ў мясцовых жыхароў, але і ў турыстаў.

 

Інспектар аддзела па грамадзянстве і міграцыі Шчучынскага РАУС Юрый Сцепанцэвіч літаральна “расклаў па палічках”, што за звесткі і якім чынам, згодна з заканадаўствам, павінны аператыўна накіраваць уласнікі аграсядзіб у службу міграцыі адразу пасля заключэння дагавору на засяленне замежных гасцей. Дарэчы, у гэтым выпадку іншаземцам ужо не спатрэбіцца працэдура рэгістрацыі на час прабывання ў аграсядзібе.
Новыя патрабаванні да суб’ектаў аграэкатурызму і ў падатковай інспекцыі. Аб гэтым падрабязна расказала начальнік упраўлення фізічных асоб ІМПЗ Рэспублікі Беларусь па Шчучынскім раёне Тамара Вінча.

 

Намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта пераканана: каб затрымаць турыста ў раёне, гаспадарам аграсядзіб варта працаваць у адной звязцы. Прыкладам можа служыць створаны на Шчучыншчыне турыстычны кластар “Церам забаў”, “прадзвінутыя” кластары Міншчыны, дзе таксама ёсць сэнс запазычыць каштоўны вопыт. Вырашана, што ў плённым супрацоўніцтве варта прадумаць сумесны міжнародны праект, пад які ёсць рэальная магчымасць выйграць гранты.

 

Падобныя сустрэчы будуць мець свой працяг. Адчувалася, што ўдзельнікі круглага стала пакідалі канферэнц-залу акрыленымі новымі ідэямі.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!