Малады кіраўнік СТФ “Ельня” Аляксей Хартановіч з задавальненнем ідзе на працу і з не меншым задавальненнем спяшаецца дамоў

У сельскагаспадарчую галіну ён прыйшоў свядома: яшчэ старша­класнікам падчас летніх канікулаў працаваў на зерняскладзе, а першая студэнцкая практыка праходзіла за штурвалам камбайна, другая – у кабіне МАЗа і за рулём трактара. Аляксей Хартановіч не па чутках ведаў і ведае, што такое праца аграрыя – цяжкая, адказная, але запатрабаваная самім жыццём. Калі канчатковы выбар быў зроблены, вырашыў скарыстацца мэтавым накіраваннем на вучобу ад ААТ “Шчучынаграпрадукт”.

 

У Гродзенскім аграрным універсітэце з цікавасцю спасцігаў навуку зоаінжынера, а за добрую паспяховасць студэнта чакала дадатковая стыпендыя ад гаспадаркі. Для юнака, які рана застаўся без бацькі, гэта было не лішнім. Не пужала і перспектыва, што пасля заканчэння ВНУ на працягу пяці гадоў прыйдзецца адпрацоўваць.
 

 

– Што значыць адпрацоўваць? – не пагаджаецца з фармуліроўкай Аляксей. – Я прыехаў у сваю родную гаспадарку, дзе працаваў мой тата, дзе і зараз працуе мая мама. Вярнуўся сюды, каб жыць, працягваць дынастыю, прымяняць на практыцы тыя веды, што атрымаў ва ўніверсітэце, і памнажаць інвестыцыі, укладзеныя ў мяне нашым прадпрыемствам.

 

У ААТ “Шчучынаграпрадукт”А.І. Хартановіч ужо паўтара года: асвоіўся, заваяваў пэўны аўтарытэт, навучыўся падбіраць ключык да кожнага з падначаленых, бо працаваць з людзьмі таксама справа не з простых.

 

Першае рабочае месца Аляксея – на МТФ “Скоржыкі” ў якасці памочніка кіраўніка фермы. Потым навічку давялося падмяняць спецыялістаў падчас водпускаў на розных фермах гаспадаркі – у “Заполлі”, “Жылічах” і іншых. Гэта мела свае плюсы – дапамагло скласці цэласную карціну па вытворчасці малака ў сельгасарганізацыі. Маладога спецыяліста асабліва радаваў патэнцыял МТФ “Вярбілкі”, дзе сфарміравалася дружная каманда.

 

–У “Вярбілках” на пасадзе памочніка кіраўніка фермы я працаваў паўгода і быў упэўнены, што тут і будзе маё сталае месца работы, – распавядае пра сваю пакуль кароткую працоўную біяграфію Аляксей Хартановіч.

 

– Але аднойчы на ранішнюю дойку прыехала наш дырэктар Вольга Браніславаўна Патапчык і, паназіраўшы за арганізацыяй работ, прапанавала мне новы накірунак. Так у верасні мінулага года я быў назначаны заатэхнікам на свінаводчую таварную ферму “Ельня”.

 

Тое, што дырэктар ААТ “Шчучынаграпрадукт” робіць стаўку на маладых – відавочна. Для прафесійнага росту пачаткоўцаў у гаспадарцы створаны ўсе ўмовы: тут падтрымліваюць ініцыятыўных, дапамагаюць раскрыць і апрабаваць на справе свае здольнасці. Калі адбылася ракіроўка кадраў, і колішні кіраўнік СТФ “Ельня” Аляксандр Пятровіч Чаплюк заняў пасаду намесніка дырэктара, Вольга Браніславаўна Патапчык прыняла досыць смелае рашэнне даверыць 12-тысячную свінаферму маладому спецыялісту – 23-гадоваму Аляксею Іванавічу Хартановічу. І, як паказвае практыка, не памылілася.

 

– Менавіта А.П.Чаплюка і галоўнага ўрача фермы В.С. Рудага я без усялякага перабольшвання лічу сваімі настаўнікамі ў прафесіі. Увогуле чалавек пастаянна павінен вучыцца. Вось і мне давялося на практыцы засвоіць, наколькі важную ролю ў свінагадоўлі адыгрывае біялагічная абарона, выкананне ўсіх нюансаў ветэрынарна-санітарных нормаў. Наша ферма – гэта нібыта асобная краіна, дзе дзейнічаюць свае правілы, куды можа трапіць толькі “свой” чалавек.

 

Аказваецца, перад тым, як работнік пераступіць парог фермы, ён у абавязковым парадку прымае душ, кожны дзень апранае свежае спецадзенне, а каб пазбегнуць “лішніх” кантактаў, як правіла, абедае ў сталовай на гэтай жа ферме, куды прывозяць свежапрыгатаваныя абеды.

 

На СТФ “Ельня” закрыты цыкл вытворчасці: нованароджаных парасятак з месяца пераводзяць у групу па дарошчванні, дзе яны знаходзяцца да 100-110 дзён, а затым ставяць на адкорм. На тэрыторыі фермы дзейнічае ўласны камбікормавы цэх. Тут па спецыяльнай рэцэптуры гатуюць для свіней “далікатэсы”, клапоцяцца пра збалансаванае меню. Усе працаўнікі зацікаўлены ў захаванні пагалоўя і павелічэнні прывагі жывёл: ад гэтага напрамую залежыць заробак.

 

– Увогуле зарплаты ў апошні час выраслі, прадугледжаны надбаўкі і прэміі за выкананне плана і рост вытворчых паказчыкаў, – зазначае кіраўнік СТФ “Ельня”. – Гэта ўсе разумеюць і стараюцца. Таму працаваць з такой камандай прыемна. Вытворчая дысцыпліна, згуртаванасць, гатоўнасць падставіць плячо таварышу – гэта характэрна для нашага калектыву.

 

 Па словах А.І. Хартановіча, з іх свінафермы штомесяц рэалізуецца 75-80 тон прадукцыі, якая пастаўляецца на Гродзенскі мясакамбінат і ў каўбасны цэх ААТ “Шчучынаграпрадукт”.

 

– Прадукты для хатняга стала з задавальненнем купляю ў нашай фірменнай краме “Смак”, – зазначае Аляксей. – Бо дакладна ведаю, з чаго яны выраблены, наколькі экалагічныя, якая чысціня і акуратнасць валадараць на нашай ферме. У планах – правесці рэканструкцыю, каб у большым аб’ёме выкарыстоўваць аўтаматызацыю вытворчых працэсаў і зменшыць ручную працу, аблегчыць нагрузкі на жывёлаводаў.

 

На працягу ўсёй нашай гутаркі з маладым спецыялістам адчувалася, што ён – перакананы патрыёт свайго аграпрадпрыемства, цэніць усё тое, што робяць тут для людзей, і насамрэч імкнецца працаваць так, каб унесці свой уклад у агульную справу. 

 

Кажуць, шчаслівы той чалавек, які з задавальненнем ідзе на працу і з не меншым задавальненнем спяшаецца дамоў. Мне здаецца, што малады кіраўнік СТФ “Ельня” менавіта з гэтай кагорты. Яму цікава жыць, тварыць, працаваць… І ўсё лепшае ў Аляксея Хартановіча, безумоўна, яшчэ наперадзе.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!