Сёння ўпершыню за гімназічныя парты селі першакласнікі

Першае верасня – цудоўнае свята! Дзясяткі хлопчыкаў і дзяўчынак спяшаюцца на ўрачыстыя лінейкі, прысвечаныя Дню ведаў, а сёлета – і Году малой радзімы. Шчучын пасля летніх канікулаў нібы ажывае ад яркіх усмешак дзяўчынак-шчабятушак, букетаў, беласнежных бантаў, прыгожых убораў і рознакаляровых шароў. Пачынаецца чарговы навучальны год!

Сёлета ўрачыстая лінейка ў гімназіі г. Шчучына была не зусім звычайнай. Упершыню за 14 год існавання гэтай навучальнай установы дружная педагагічная сям'я сустракала не толькі вучняў пятых класаў, але і першакласнікаў. З рознакаляровымі шарыкамі, у суправаджэнні адзінаццацікласнікаў і пад апладысменты гімназістаў яны горда занялі самае пачэснае месца на лінейцы.

Павіншаваць са святам сваю любімую гімназію, якой аддала многія гады, прыйшла намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта. Яна ад усяго сэрца пажадала творчых поспехаў і новых дасягненняў гімназістам і педагогам, і выказала надзею, што феномен адукацыі Шчучынскага рэгіёна, у тым ліку і гімназіі, будзе вядомы далёка за межамі нашай краіны.

Алена Васільеўна таксама выканала прыемную місію і ўручыла гімназісту Міхаілу Рэзчыкаву дапаўненне да Дыплома спецфонда Презідэнта.

Да ўдзельнікаў урачыстай лінейкі звярнулася выконваючая абавязкі дырэктара гімназіі Марына Паўлаўна Адашчык. Яна расказала, што нават летам жыццё ў гімназіі не спынялася ні на хвіліну. Рабяты не толькі добра адпачылі, на іх рахунку мноства карысных спраў.

Марына Паўлаўна шчыра прывітала новых членаў гімназічнай сям'і – першакласнікаў і пяцікласнікаў, пажадала поспехаў усім гімназістам, а асабліва выпускнікам, падзякавала за разуменне і падтрымку бацькам.

З салодкімі падарункамі-літарамі завітаў на лінейку Буквар. Першыя ў іх жыцці падручнікі "Беларусь – наша Радзіма" – падарунак Прэзідэнта нашай краіны – уручылі першакласнікам вучні 11 класа.

Віншуюць сваіх педагогаў гімназісты і ўручаюць ім кветкі. Адлятаюць у неба паветраныя рознакаляровыя шарыкі пяцікласнікаў. Гучыць першы ў гэтым навучальным годзе гімназічны званок, які кліча на ўрок, прысвечаны любай малой радзіме.

Першы ўрок у гімназіі на гэту тэму правяла для пяцікласнікаў Алена Васільеўна Пасюта і падарыла рабятам "чароўныя" сшыткі з сімвалічным надпісам "Мы разам!", як яшчэ адзін напамін аб тым, што трэба жыць дружна ў роднай краіне, любіць і шанаваць сваю малую радзіму.

Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!