Любіш купацца – выконвай правілы бяспекі

У раёне ўсталявалася анамальна гарачае надвор’е, і многія шчучынцы, ратуючыся ад спёкі, “пацягнуліся” да вады. Адным з самых папулярных месцаў для адпачынку стала гарадское возера. У другой палове дня тут і ўвогуле яблыку няма дзе ўпасці. Сюды прыходзяць цэлымі сем’ямі: пакуль дзеці “лепяць” пясочныя замкі і палошчуцца ў вадзе, дарослыя загараюць на сонейку і ўважліва сочаць за сваімі кравінкамі.

Не ўседзеў дома і шчучынец П.Я. Балобан, які прыйшоў на гарадскі пляж разам са сваёй сямігадовай унучкай.

-- Светачка прыехала да нас з Мінску, каб адпачыць на летніх канікулах і набрацца сіл, -- гаворыць Павел Янавіч. – А дзе яшчэ бавіць час такой спёкай, як не ля возера?! Тут заўсёды шмат дзяцей, таму унучцы не будзе сумна. Пляж прасторны, вакол купальнай зоны ўсталяваны буйкі. Адно абурае, што падчас абкошвання берагоў шмат травы трапіла ў возера. Яе неабходна абавязкова вылавіць, каб не дапусціць забруджвання вадаёма.

Амаль увесь светлавы дзень на шчучынскім возеры дзяжурыць старшыня раённай арганізацыі ТВВАД В.А. Бужынскі: ён уважліва сочыць за парадкам і не дапускае да вады дзяцей, якія задумалі купацца без нагляду  бацькоў. Не атрымаецца акунуцца і тым, хто прыйшоў сюды нападпітку.

-- Дарослыя павінны абавязкова сачыць за адпачынкам сваіх дзяцей і быць для іх прыкладам ва ўсім, у тым ліку і ў плане культуры паводзін, -- зазначае Віктар Аляксандравіч. – Мы ў сваю чаргу гатовы ў любую хвіліну прыйсці на дапамогу. У нас ёсць усё неабходнае для выратавання людзей: біноклі, лодкі, выратавальныя кругі і іншае. Аднак, каб пазбегнуть бяды, неабходна выконваць элементарныя правілы бяспекі: не заплываць за буйкі, не дапускаць пераахаладжэння арганізма і піць дастаткова вады. Таксама рэкамендую насіць галаўныя ўборы, каб не атрымаць сонечны ўдар.

Хочацца звярнуць увагу ўсіх аматараў водных працэдур, што купацца ў іншых месцах строга забараняецца. Не нырайце на рэчках і азёрах, не ведаючы іх дна. Не плавайце ў стане алкагольнага ап’янення. Памятайце, водная стыхія не даруе памылак!

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.