Летась работнікі ДРБУ-161 адрамантавалі ў раёне 18,5 кіламетра дарог
Аб’ём выкананых работ склаў амаль 3 мільёны рублёў, што ў супастаўных цэнах складае 110% да ўзроўню 2016 года. Не дзіва, што па выніках мінулага года калектыў дарожнікаў прызнаны пераможцай раённага спаборніцтва сярод прадпрыемстваў будаўнічага комплексу.
– Мы абслугоўваем 820 кіламетраў дарог мясцовага значэння і 178 кіламетраў вуліц населеных пунктаў, – гаворыць начальнік ДРБУ-161 М.І. Сцельмашок. – І ўсе яны павінны быць роўнымі і гладкімі, каб забяспечыць камфортнасць і бяспеку руху. Таму, там дзе гэта неабходна, праводзім рамонт. Так, летась прывялі ў парадак участкі дарог “Жалудок-Ліпічна”, “Скрыбаўцы-Зенеўцы”, “Багушы-Рыча”, “Пільчукі- Вялікае Сяло” і іншыя. Таксама падсыпалі ямы на дарогах агульнай плошчай 7,2 тысячы квадратных метраў.
Спыняцца на дасягнутым дарожнікі не збіраюцца і сёлета плануюць заасфальтаваць цэнтральную вуліцу ў вёсцы Гурнофель, а таксама аднавіць дарожнае пакрыццё на ўчастках “Васілішкі-Шайбакі”, “Шынкаўцы-Вострава” і іншых агульнай працягласцю 26 кіламетраў.
– Каб паменшыць сабекошт рамонтных работ, мы самі здрабняем камень на шчэбень, – зазначае Мечыслаў Іванавіч. – За мінулы год нарыхтавалі 4000 тон шчэбню. Таксама здабылі 20,9 метра кубічных пясчана-гравійнай сумесі, якую ў асноўным выкарыстаем для падсыпкі сельскіх дарог.
У ДРБУ-161 дзейнічае і свой асфальтабетонный завод з двумя змяшальнікамі, дзе за працоўную змену выпускаюць 500 тон асфальтабетоннай сумесі. Пры неабходнасці яго магутнасць можа быць павялічана да 700 тон. За 2017 год было назапашана 19,3 тысячы тон асфальта-бетоннай сумесі. А пакуль у раёне гаспадарыць зіма, дарожнікі пастаянна сочаць за станам дарожнай сеткі і пры неабходнасці своечасова ачышчаюць дарогі ад снежных заносаў і пасыпаюць пясчана-салянай сумессю, каб не дапусціць галаледзіцы.
– Штодзённа камфорт і бяспеку руху на зімовых дарогах забяспечваюць 4 пескараскідвальнікі з адваламі і 2 пагрузчыкі, – працягвае М.І. Сцельмашок. – Але ў выпадку, калі на раён абрушацца моцныя снегапады, у залежнасці ад сітуацыі мы можам задзейнічаць да 24 адзінак снегаўборачнай тэхнікі. Да таго ж у нас заключаны дагаворы з арганізацыямі раёна на пастаўку яшчэ 8 адзінак снегаачышчальнай тэхнікі. Гэтага дастаткова, каб аператыўна ліквідаваць усе наступствы стыхіі. Каб зіма не застала нас знянацку, на трох нашых пескабазах назапасілі 700 тон супрацьгалалёднага матэрыялу. І яго колькасць па меры выкарыстання пастаянна папаўняецца.
У гэтыя зімовыя дні дыспетчарская служба ДРБУ-161 працуе кругласутачна. Уся тэхніка, якая заступае ў дарожны дазор, аснашчана навігацыяй, што істотна павышае эфектыўнасць яе работы.
– У нас кожны работнік пры неабходнасці гатовы выйсці на працу ў любы час, – сцвярджае начальнік ДРБУ-161 М.І. Сцельмашок. – Мне пашчасціла, што побач працуюць такія прафесіяналы сваёй справы, як вадзіцелі Сяргей Яўгеньевіч Новік, Аляксандр Казіміравіч Місюк і Аляксандр Часлававіч Швінта. Бездакорна выконваюць свае абавязкі трактарысты Станіслаў Янавіч Барысевіч, Яўген Станіслававіч Руды, машыніст катка Мікалай Уладзіміравіч Хільмончык і старшы майстар па ўкладцы асфальтабетону Алег Людвікавіч Ціцяк. Усе яны – людзі незаспакоеныя, адказныя і працавітыя. Менавіта з такіх работнікаў і складаецца наш дружны калектыў, які на сённяшні дзень налічвае 93 чалавекі. Таму ў тым, што дарогі Шчучыншчыны будуць заўсёды ў парадку, – можаце не сумнявацца!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота Ганны КАСПЕР.