Лепшы вынік у гісторыі. Шасцікласніца з Васілішак устанавіла новы рэкорд “Шкаліяды”

 

У Мінску прайшоў фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы сярод дзяцей-падлеткаў “Шкаліяда”. Удзел у мерапрыемстве прынялі 210 юных спартсменаў з розных куткоў Беларусі, сярод іх была вучаніца 6 “А” класа Васілішкаўскай сярэдняй школы Ксенія Бекіш.

 

Наша зямлячка, без перабольшвання, паказала лепшы вынік у гісторыі спаборніцтваў, устанавіўшы новы рэкорд па кіданні тэніснага мяча. 35,24 метра – менавіта такую высокую планку адолела Ксенія.
Яна падзялілася з намі сваімі ўражаннямі ад спаборніцтваў:

 

– Вельмі рада, што атрымалася ўстанавіць новы рэкорд. Для мяне “Шкаліяда” стала важным мерапрыемствам. На турніры была класная атмасфера. Удзел прымалі шмат дзяцей з усёй Беларусі, таму страху я не адчувала, наадварот, было весела. Мяне пастаянна падтрымлівалі, мой трэнер і настаўнік фізкультуры Віктар Іванавіч Жамойда тэлефанаваў па тры разы на дзень, моцна перажывала за мяне мама. Думаю, што такая падрымка мне і дапамагла дасягнуць высокага выніку.  

 

Адзінаццацігадовая Ксюша вучыцца ў школе добра: на дзявяткі і васьмёркі. Не дзіўна, што любімым прадметам юнай спартсменкі з’яўляецца фізкультура. Цікава, што акрамя лёгкай атлетыкі Ксенія Бекіш яшчэ займаецца футболам. І гуляе дзяўчынка даволі добра. На пазіцыі нападаючага яна выступае за каманду лідскай СДЮШАР “Юнацтва” і мае шэраг індывідуальных і камандных узнагарод.

 

Прымаць удзел у “Шкаліядзе” могуць вучні да шостага класа, а гэта значыць, што ў наступным годзе Ксенія Бекіш будзе старацца біць рэкорды ўжо на іншых спаборніцтвах. Таму жадаем ёй поспеху на шляху да новых спартыўных вышынь!

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!