Для дзелавых сустрэч і ўрачыстасцей

У адміністрацыйным будынку “Жалудоцкага агракомплексу” сваімі сіламі аднавілі актавую залу больш чым на сто месцаў. Пасля рамонту тут закуплена новая мэбля, устаноўлены экран і мультымедыйная апаратура, на сцэне – сімвалы дзяржаўнай атрыбутыкі. 

Аформлена галерэя фота­здымкаў ветэранаў вайны і працы, перадавых работнікаў гаспадаркі. Гэта экспазіцыя будзе пастаянна папаўняцца. На кніжных паліцах сабрана літаратура пра родны пасёлак. А цэлая выстава рукатворных сувеніраў з калосся ўносіць святочны струмень у строга вытрыманы дзелавы інтэр’ер.
– Умовам працы і культуры вытворчасці мы надаём вялікую ўвагу, – сцвярджае дырэктар “Жалудоцкага агракомплексу” Станіслаў Юльянавіч Гузень. – Вось і актавай зале надалі сучасны выгляд. Цяпер ёсць магчымасць у дастойных умовах праводзіць сходы працоўнага калектыву, урачыстасці з нагоды прафесіянальных святаў, збірацца разам, каб абмеркаваць надзённыя пытанні.
Таццяна ВАЛЯНЦІНАВА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!