Крыўдная параза: госці з Дзятлава перамаглі шчучынскіх футбалістаў

 

На мінулым тыдні, у суботу, на гарадскім стадыёне “Алімп” футбольны клуб “Шчучын” прымаў гасцей – каманду ФСК “Дзятлава”. Сустрэча праходзіла ў рамках 13-га тура Другой лігі.

 

Перад матчам безумоўным фаварытам лічылася менавіта шчучынская каманда, якая абыходзіла ФСК “Дзятлава” ў турнірнай табліцы на 10 ачкоў. Аднак сустрэча паказала, што ў футболе няма нічога немагчымага і ўсё вырашаецца толькі на полі, падчас гульні.

 

 

У першым тайме перавагу мела наша каманда. Шчучынцы атакавалі вароты саперніка і мелі некалькі добрых шанцаў для таго, каб адкрыць лік голам. Аднак добрая гульня галкіпера а таксама зладжаныя дзеянні ў абароне далі магчымасць дзятлаўскай камандзе адбіць усе атакі.

 

Другі тайм таксама пачаўся атакамі “Шчучына”, аднак на 51-й хвіліне госці злавілі нашу каманду на контратацы, і капітан ФСК “Дзятлава” Арцём Гузік забіў гол. Пасля гэтага гульня выраўнялася і ўжо абедзве каманды па чарзе атакавалі і абараняліся. Некалькі разоў здавалася, што яшчэ крыху і “Шчучын” зможа зраўняць лік, але гэтага не адбылося. На 70-й хвіліне матча дзятлаўцы зноў правялі эфектыўную контратаку, яе вынікам стаў пенальці ў нашы вароты. Свой шанец госці зноў рэалізавалі, і лік на табло стаў ужо 0:2. На 77-й хвіліне адставанне шчучынскай каманды скараціў Арцём Байгот, які трапным ударам паразіў вароты ФСК “Дзятлава”. Забіты гол надаў хлопцам імпульс, і наша каманда, заціскаючы саперніка, панеслася ў атаку, аднак зноў паплацілася за гэта праблемамі ў абароне. На 82-й хвіліне дубль аформіў у вароты “Шчучына” Арцём Гузік. Да канца матча нашы футбалісты не пераставалі атакаваць. У гэтым ім дапамагалі заўзятары на трыбунах, якія да самага фінальнага свістка не пераставалі зараджаць нашых гульцоў падтрымкай. Аднак змяніць сітуацыю не атрымалася. Вынік сустрэчы – 1:3, на карысць гасцей з Дзятлава.

 

 

Пасля 13-га тура становішча нашай каманды пагоршылася. Застаўшыся з 21 балам, “Шчучын” саступіў трэцяе месца “Слонім-Сіці”, у якіх 23 ачкі. Зараз бліжэйшы пераследнік шчучынцаў – ваўкавыская “Змена”, якая з 20 ачкамі займае пяты радок.

 

Вынікі гульні пракаментаваў галоўны трэнер шчучынскай каманды Дзмітрый Кірылаў:

 

– Сёння не атрымалася гульня як у атацы, так і ў абароне. Мелі магчымасць, але шмат не забілі. У саперніка было каля чатырох момантаў, яны іх практычна ўсе і рэалізавалі. Зараз нам трэба дапрацоўваць гульню ў абароне. Паўплывала і тое, што некаторыя нашы гульцы толькі прыйшлі са спаборніцтваў па пляжным футболе і два тыдні не гулялі. Будзем трэніравацца, будзем працаваць. Крыўдна, канечне, бо былі шанцы на першае месца, зараз мы іх практычна згубілі. Добра паказалі сябе дзятлаўцы: сабраліся, згулялі строга ў абароне і практычна не далі нам нічога зрабіць. Але не трэба адчайвацца, нам па сілах перамагчы любую каманду ў Гродзенскім дывізіёне, таму будзем рыхтавацца да наступнай гульні.

 

 

Наступную сустрэчу наша каманда правядзе на выездзе супраць ФСК “Масты”. Гульня пройдзе на гарадскім стадыёне ў Скідзелі, менавіта там у гэтым сезоне прымаюць сваіх гасцей мастаўчане. Каманда з суседняга раёна займае зараз восьмы радок турнірнай табліцы, але разам з тым мастаўчане з’яўляюцца аднымі з самых нязручных для нас сапернікаў. У гэтым сезоне “Шчучын” ужо прайграваў ім 1:2, таму матч абяцае быць цікавым. Гульня адбудзецца ў нядзелю, 28 жніўня. Жадаем поспеху нашай камандзе!

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!