Досвед супраць спрыту: шчучынскія футбалісты завяршылі сезон 2021/2022 (+відэа)

 

У пачатку кастрычніка традыцыйна ў Шчучыне завяршаецца сезон вялікага футбола. У гэтым годзе ФК “Шчучын” заняў чацвёртае месца ў турнірнай табліцы Гродзенскага дывізіёна Другой лігі.  Перад тым як сысці на міжсезонны перапынак, футбалісты нашага раёна вырашылі правесці незвычайны матч, у якім каманда “моладзі” гуляла супраць “ветэранаў шчучынскага футбола”. Сустрэча праходзіла на футбольнай пляцоўцы на вуліцы Авіятараў і сабрала нямала зацікаўленых гледачоў.

 

Дружыну ветэранаў склалі гульцы, якія ў мінулым выступалі за розныя шчучынскія футбольныя каманды. Таксама ў яе складзе былі і сталыя прадстаўнікі ФК “Шчучын”. Каманда іх сапернікаў была прадстаўлена дзеючымі маладымі футбалістамі.

 

 

Гульня мела таварыскі характар, аднак прайграваць ніхто не хацеў, а інтрыга не спадала аж да самага канца сустрэчы. Дзякуючы дублю Віталя Косцірава “Ветэраны” амаль увесь матч мелі лікавую перавагу. Але “Моладзь” не пакідала надзеі на перамогу, і таму спачатку Данііл Касцевіч адзначыўся ўзяццем варот, а пасля за некалькі хвілін да канца асноўнага часу пенальці рэалізаваў Арцём Байгот. Ветэраны на гэта адказалі голам, які не быў залічаны па прычыне афсайду. Такім чынам, пасля другога тайма лік на табло быў 2:2, таму мацнейшага каманды вызначалі ўжо ў пасляматчавай серыі пенальці.

 

Пяці ўдараў у пасляматчавай серыі камандам не хапіла, таму білі да першага промаху. У выніку больш удачлівымі былі прадстаўнікі “Моладзі”: спрыт перамог досвед. Але мусім адзначыць добрую гульню “Ветэранаў”, якія цягам амаль усяго матча вялі па ліку.

 

У пачатку незвычайнага матча галоўны трэнер ФК “Шчучын” Дзмітрый Кірылаў падвёў вынікі сезона, адзначыў праблемныя месцы каманды, пахваліў за дасягненні і выказаў планы на наступны сезон:

 

­­– Каманда ў нас добрая, але чагосьці ў гэтым годзе не хапіла. Маглі браць і першае месца ў Гродзенскім дывізіёне, бо з моцнымі камандамі мы гулялі добра. Але чацвёртае месца – гэта не кепска, улічваючы тое, што раней мы думалі пра першую пяцёрку. Аднак, паўтаруся, гэтай камандзе абавязкова трэба браць прызавое месца і нават першае. Патэнцыял у нас вялікі, таму будзем трэніравацца і дасягаць поспеху ў наступным годзе.

 

 

Варта адзначыць, што ў гэтым годзе нашы футбалісты таксама ўдзельнічалі ў спаборніцтвах па пляжным і міні-футболе, дзе мелі добрыя вынікі. Так, на чэмпіянаце Гродзенскай вобласці па міні-футболе МФК “Шчучын” заняў 3 месца, а ў чэмпіянаце і кубку Беларусі па пляжным футболе наш ПФК “Шчучын” узяў срэбныя медалі. Такім чынам, сёлета шчучынскія спартсмены мелі шмат важных перамог, а нашы балельшчыкі атрымалі незабыўныя эмоцыі. Таму дзякуем нашым хлопцам за добры сезон і жадаем новых дасягненняў у наступным. Галоўныя перамогі наперадзе!

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!