Камунальнікі ўзяліся за добраўпарадкаванне часткі вуліцы камсамольскай у Шчучыне
На месцы перакрыжавання вуліц Камсамольскай і Гастэлы ў Шчучыне ў напрамку былога ваеннага аэрадрома пачалося маштабнае добраўпарадкаванне. Камунальнікі паступова прыводзяць у парадак абочыны абапал аўтамабільнай дарогі, каб работнікі ДРБУ-161 маглі хутчэй пакласці тут новы асфальт.
– Над добраўпарадкаваннем часткі вуліцы Камсамольскай даўжынёй прыкладна 420 метраў мы працуем ужо два тыдні, – дзеліцца бетоншчык 4-га разраду РУП ЖКГ Анатолій Гацэк. – Ужо ўбралі старыя пешаходныя дарожкі і знялі слой чарназёму. На яго месца засыпалі слой жоўтага пяску таўшчынёй да 15 сантыметраў, каб выключыць прарастанне пустазелле. Нядаўна паставілі новыя бардзюры з аднаго боку праезнай часткі і пачалі ўкладваць тратуарную плітку. Каб пешаходам было зручна рухацца, шырыню тратуара зробім 1,4 метра. Для гаспадароў уласных дамоў зробім з’езды з дарогі.
Пакуль добраўпарадкоўваць вуліцу Камсамольскую Анатолію Іванавічу дапамагае вопытны напарнік Анатолій Люляк. Але як толькі камунальнікі закончаць капітальны рамонт дома №4 па вуліцы 17 Верасня ў Шчучыне, сюды прыбудзе працоўная падмога.
– Большая частка работ там ужо завершана, – канстатуе Анатолій Гацэк. – Нашы будаўнікі адрамантавалі там дах, замянілі старыя вокны на шклопакеты, устанавілі новыя дзверы ў тамбурах пад’ездаў і цяпер кладуць новую плітку на лесвічных пляцоўках, робяць адкосы. Паралельна манціруюць новыя зліўныя трубы, абшываюць металапрофілем балконы, выкарыстоўваючы для гэтага тры пад’ёмныя краны з “люлькамі”. Работы, як бачыце, у нас хапае. Але толькі так можна зрабіць родны Шчучын больш прыгожым і камфортным для пражывання!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.