Калі пацыент не ідзе ў бальніцу, бальніца… едзе да яго!

Нядаўна ў Шчучынскай ЦРБ з’явіўся новы сучасны перасоўны медыцынскі комплекс. У Гродзенскай вобласці гэта першы праект мабільнай медыцыны. Усё для таго, каб дайсці да кожнага жыхара і палепшыць якасць медыцынскага абслугоўвання ў раёне. Мы правялі з медыкамі адзін працоўны дзень, пазнаёміліся са спецыфікай пазакабінетнай працы і работай новага перасоўнага медыцынскага комплексу.

 

 Не было і 8 гадзін раніцы, як перасоўны медыцынскі комплекс ад’ехаў ад раённай бальніцы. Нас ужо чакалі жыхары вёскі Багушы Дэмбраўскага сельсавета. Пакуль едзем – экскурсія. З выгляду звычайны аўтобус, а ўсярэдзіне – паўнавартасныя дыягнастычныя кабінеты з сучасным медыцынскім абсталяваннем. Агляд для жанчын праводзіцца ў асобным памяшканні. Аўтаматызавана працоўнае месца ўрача з доступам у інтэрнэт для таго, каб усю інфармацыю адразу заносіць у базу дадзеных. Трэба выдаць рэцэпт – і гэта, калі ласка!
Памочнік урача Таццяна Яновіч тлумачыць, што яна працуе ў пары з урачом агульнай практыкі. На гэты раз людзей у белых халатах было больш. Разам з загадчыкам Дэмбраўскай амбулаторыі Сяргеем Падзялінскім на раён выехалі дзве яго медыцынскія сястры.

 

 

Горад аддаляецца… Пакуль едзем, цікаўлюся, ці цяжка круціць баранку медыцынскага аўтобуса? Вадзіцель Валяр’ян Клышэвіч на дарозе не навічок. За плячыма 40-гадовы стаж, а цяпер яшчэ і сямітонны комплекс. Аказалася, упраўляцца з такой тэхнікай нескладана, праўда, бярэ такі “звер” звыш 19 літраў паліва на 100 кіламетраў. У кабінеце камфортна і цёпла. Усе дарогі вадзіцель добра ведае, таму праца – у радасць.
Падабаецца працаваць з людзьмі і для людзей і Таццяне Яновіч. Яна зусім нядаўна вярнулася ў медыцыну з дэкрэтнага водпуску. Раней дзяўчына загадвала Лядскім ФАПам, таму паездка па знаёмых багушоўскіх мясцінах стала асабліва кранальнай.

 

 

 

Тым часам мы на месцы. Цікавімся ў вяскоўцаў, дзе быў былы ФАП, і спыняемся на прыпынку ля яго. Чакаць першых пацыентаў доўга не давялося. Праверыць здароўе, не адыходзячы ад дома, вырашылі многія. Адзін за другім вяскоўцы падыходзяць да дзвярэй аўтобуса, пытаюць, ці прымае ўрач. Ківаю галавой і дапамагаю падняцца па прыступках.

 

 

 

Пацыенты распранаюцца, затым ідуць у кабінет, дзе Таццяна бярэ на аналізы кроў. Затым жанчыны ідуць на гінекалагічны агляд, мужчыны чакаюць сваёй чаргі. З радасцю пацыенты згаджаюцца на кардыяграму.
Далей у дыялог уступае ўрач. Сяргей Падзялінскі трэці год працуе на Дэмбраўскім участку, таму кожнага пацыента ведае ў твар, знаёмы з гісторыяй яго хвароб. Жартуе, маўляў, за мяжой яго называлі б сямейным урачом. Сёння ў Сяргея Падзяінскага прыём па-за кабінетам.

 

 

 

– Працаваць на вёсцы мне падабаецца, – гаворыць урач. – На тэрыторыі майго ўрачэбнага ўчастка – 1495 чалавек, з іх 150 дзяцей. – Многім пажылым людзям даехаць да амбулаторыі праблематычна, цяпер гэта пытанне вырашана.

Адразу бачна, што ў Багушах, хай сабе маладога, але ўжо вопытнага і ўмелага ўрача паважаюць і любяць, да парад яго прыслухоўваюцца. Малады чалавек выслухоўвае ўсе скаргі. Далей ціск змерае, дасканала сэрца слухае, праводзіць комплекснае абследаванне. Адным назначае лекі, другім раіць выконваць усе парады і змяніць звыклыя таблеткі на іншыя. Дарэчы, набыць лекі пацыенты маглі адразу на месцы. Гэтаму факту яны былі вельмі рады. Кажуць, цяпер не трэба прасіць дзяцей прывезці лекі з горада, або думаць, чым і як дабрацца да райцэнтра.

 

 

 

Пакуль ідзе прыём, выходжу з пакоя, каб пагутарыць з пацыентамі. Яны скардзяцца на здароўе, наракаюць на слабую зіму і, як на споведзі, распавядаюць пра сваё жыццё… Візіт медыкаў аказаўся чарговай магчымасцю сустрэцца і падзяліцца навінамі. Пытаю, ці падабаецца ім такі від медыцынскай паслугі? У адзін голас хваляць кіраўніцтва раёна і бальніцы за добрую ідэю. Завяраюць, што ФАП на колах – рэч патрэбная. Дабрацца да Дэмбрава не так і проста. Праз лес пешшу – каля 8 кіламетраў, а машына не ў кожнага ёсць.
– Комплекс добры, адно толькі месца ў аўтобусе малавата, – каменціруе жанчына, якая толькі ўвайшла. – Людзі пажылыя, стаяць доўга цяжка….

 

 

– А мне ўсё падабаецца, – кажа С.В. Толкач. – Да райцэнтра не заўсёды выберэшся, а тут медыкі самі прыехалі.

 

Раз за разам дзверы адчыняюцца, і адтуль выходзяць людзі, нейкія пасвятлеўшыя і павесялелыя. Адразу бачна, у ход пайшлі не толькі лекі, але і добрыя словы.

У дзень нашага прыезду амбулаторыю на колах наведалі 25 чалавек. Далей – новыя вандроўкі, новыя пацыенты і сустрэчы, але гэта ўжо будзе зусім іншая гісторыя.

 

Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!