“Ствараем прыгажосць сваімі рукамі” У РЦКіНТ адкрылася выстава пад такой назвай
Дзясяткі экспанатаў для гэтай выставы ў Шчучынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці прадставіла аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН, дзе працуюць гурткі і клубы па інтарэсах, у якіх зацікаўлена займаюцца людзі з абмежаванымі магчымасцямі.
– Мы аказваем ім падтрымку, дапамагаем аднавіць страчаныя з-за хваробы навыкі і развіваем творчыя здольнасці. Нашы спецыялісты – таксама асобы крэатыўныя, умеюць захапіць, навучыць, павесці за сабой іншых, – гаворыць загадчыца аддзялення Аксана Шостак. – Падчас такіх майстар-класаў ідзе жывы абмен досведам. І вось якія цудоўныя работы нараджаюцца!
Сапраўды, уражваюць палёт фантазіі, разнастайнасць напрамкаў і тэхнік, неаспрэчнае майстэрства. А ўсё ж гэта зроблена людзьмі з інваліднасцю – насуперак цяжкасцям і стэрэатыпам. Не ўсе задумваюцца над тым, з якімі праблемамі штодзень сутыкаюцца і колькі намаганняў патрабуецца гэтым людзям, каб заставацца аптымістамі, быць у віры падзей і не губляць цікаўнасці да жыцця.
Дарэчы, некаторыя з аўтараў работ прыйшлі на выставу ў суправаджэнні блізкіх, з задавальненнем “прэзентавалі” свае творы, адказвалі на пытанні. Да прыкладу, Віталій Мэх нечакана здзівіў карцінамі-вышыванкамі. Менавіта каляровыя ніці, “чароўная” іголка, працавітасць і жаданне тварыць дапамагаюць маладому чалавеку самарэалізавацца. Знаходзіць натхненне ў вышыўцы і Ірына Бачко. Літаральна зачароўвалі прысутных глыбокія і пранікнёныя работы на біблейскія тэмы кіраўніка гуртка Наталлі Рудкоўскай. У чаканні Ражства і Навагоддзя яны знаходзілі асаблівы водгук у душы.
На выставе прадстаўлены і ўзоры калектыўнай працы. Напрыклад, пано з гербам горада Шчучына выканана ў тэхніцы модульнага арыгамі: для яго стварэння патрабавалася спачатку вырабіць больш за 2 тысячы папяровых модуляў, якія, канечне ж, рабілі талакой, а потым скрупулёзна збіралі ў адно цэлае накшталт мазаікі. Яшчэ адна неардынарная калектыўная работа – карціна “Палац князёў Друцка-Любецкіх”, якую энтузіясты з аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў выканалі ў … тэхніцы кінусайга – японскага рукадзелля з кавалачкаў тканіны. Словам, кожнага, хто наведае выставу “Ствараем прыгажосць сваімі рукамі”, чакаюць адкрыцці і пазітыўныя эмоцыі. Экспазіцыя ў цэнтры культуры будзе дзейнічаць да 6 снежня. Дарэчы, з яе экспанатамі можна пазнаёміцца і з адзнятага работнікамі культуры відэасюжэта, размешчанага ў сацыяльных сетках і на сайце РЦКіНТ.
ДАРЭЧЫ
Як адзначыла дырэктар РЦКіНТ Святлана Жвірбля, на сённяшні дзень у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адначасова дзейнічаюць шэсць выставак. Гэта персанальныя выставы беларускіх мастакоў – Вячаслава Аўгусціновіча са Смаргоні і мінчанкі Святланы Ветравай, арганізаваць якія дапамагло цеснае супрацоўніцтва з грамадскім аб’яднаннем культуры і мастацтва “Вячэра”. Прыцягваюць да сябе ўвагу наведвальнікаў фотагалерэі мясцовых майстроў, вернісаж карцін і малюнкаў выхаванцаў Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў.
– Нядаўна мы правялі рамонт у памяшканнях, дзе раней знаходзіўся ЗАГС. Гэтыя плошчы, адпаведна аформленыя, з цікавымі інтэр’ерамі, цяпер будуць выкарыстоўвацца як асобная выставачная зала, – падзялілася творчымі задумкамі Святлана Паўлаўна.
Дарэчы, арыгінальныя работы члена Саюза майстроў Беларусі Святланы Ветравай размяшчаюцца ўжо менавіта ў новай зале. Тут жа багата вырабаў таленавітых шчучынскіх рамеснікаў. Плануецца, што адметнай рысай новай выставачнай залы стане магчымасць не толькі палюбавацца, але і набыць любую з экспануемых тут работ.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.