Калі дапамога патрэбна неадкладна. Малады спецыяліст Шчучынскай ЦРБ фельчар Анастасія Пыжык расказала аб сваіх першых кроках у прафесію

 

Калі чалавек трапляе ў небяспечную сітуацыю, звычайна першым медыкам, які прыходзіць яму на дапамогу, з’яўляецца фельчар. Менавіта ад правільнасці і хуткасці дзеянняў гэтых спецыялістаў часта залежыць не толькі здароўе, але і жыццё пацыента. Праца не з лёгкіх і ў некаторых момантах вельмі стрэсавая, але дапамога людзям павінна заўсёды стаяць на першым месцы, упэўнена малады спецыяліст, фельчар Шчучынскай ЦРБ Анастасія Пыжык.

 

Анастасія далучылася да каманды шчучынскіх медыкаў адносна нядаўна, але, як прызнаецца сама, ужо зразумела, што знаходзіцца на сваім месцы. Дзяўчына – памочнік урача і працуе на аказанні неадкладнай медыцынскай дапамогі.

 

– Па сутнасці мая праца падобная на хуткую дапамогу, але я дзейнічаю самастойна, – адзначае Насця. – У асноўным езджу на выклікі да людзей з павышаным ціскам, тэмпературай, болямі ў жываце. Дыспетчару паступае выклік, і мы з вадзіцелем накіроўваемся да хворага. Такім чынам зніжаецца нагрузка на брыгады хуткай дапамогі, у якія ўваходзяць ужо тры чалавекі.

 

Сама Анастасія Пыжык родам з Астрыны. Падчас вучобы ў школе сярод яе любімых прадметаў былі біялогія і руская літаратура. Пайсці ў медыцыну дзяўчына вырашыла ў адзінаццатым класе, а, атрымаўшы атэстат, паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі каледж.

 

– Па-сапраўднаму я палюбіла медыцынскую справу на першым курсе каледжа, падчас першай практыкі, дзе адразу трапіла ў аперацыйны блок. Там здараліся экстраныя сітуацыі, выконваліся цяжкія аперацыі. Але гэта быў карысны досвед, бо я вывучала медыцынскую справу на практыцы, а не па кніжках. Было цікава даведацца, як дзейнічаць у крытычнай сітуацыі.

 

Анастасія расказвае, што як толькі прыйшла на працу ў Шчучын, то спачатку ездзіла на выклікі са старэйшымі калегамі, набіралася досведу ў іх. Адзін з самых цяжкіх выездаў адбыўся ў першы ж месяц самастойнай працы.

 

 

– Тады брыгады хуткай дапамогі былі заняты на экстраных выкліках. Я прыехала да бабулі, якая страціла прытомнасць. На месцы высветлілася, што жанчына знаходзілася ў цяжкім каматозным стане, у яе быў інсульт. Я не баюся стрэсавых сітуацый, аднак сутыкнулася з такім упершыню і крыху разгубілася. Але літаральна праз імгненне сабралася і пачала рабіць усе патрэбныя маніпуляцыі. Мы дачакаліся брыгады хуткай дапамогі, і жанчыну своечасова даставілі ў бальніцу. Са сваёй задачай я паспяхова справілася, але памятаю, як некалькі дзён перажывала за тую сітуацыю.

 

Выпадкі, калі ад спрактыкаванасці фельчара залежыць жыццё чалавека, здараюцца часта, у такіх сітуацыях кожная хвіліна мае значэнне. Тут вельмі важна правільна паставіць дыягназ і хутка пачаць аказваць неабходную дапамогу. Набірацца практычных ведаў маладому спецыялісту дапамагаюць старэйшыя калегі. У любы час дня і ночы яна можа разлічваць на іх дапамогу.

 

– Тое, што вывучаецца ў каледжы, – гэта тэорыя. Практыцы вучышся непасрэдна на месцы працы. Век жыві, век вучыся – гэтае выслоўе асабліва тычыцца медыцынскіх работнікаў, бо на працы мы часта здаем разнастайныя залікі, – дзеліцца Анастасія Пыжык.

 

Пытанне з месцам размеркавання ў дзяўчыны не стаяла, яна адразу хацела працаваць у Шчучыне. На думку Анастасіі, тут ёсць некалькі плюсаў. Першы – праца недалёка ад дома і сям’і, а яшчэ ў малых райцэнтрах хутчэй можна стаць добрым спецыялістам.

 

У Шчучыне Анастасія здымае кватэру. Дзяўчына аплачвае толькі камунальныя паслугі, астатняе кампенсуе бальніца. Зарплата таксама задавальняе. Ёсць магчымасць браць дадатковыя дзяжурствы, таму зарабіць заўсёды можна, галоўнае – жаданне.

 

Анастасія расказвае, што ў яе медыцынскай практыцы нярэдка трапляюцца пацыенты, якія своечасова не звяртаюцца па дапамогу і чакаюць да апошняга. Толькі гэта няправільна. Заўсёды лепш перастрахавацца і праверыць сваё здароўе, лічыць малады спецыяліст. Абавязкова раз на год трэба праходзіць дыспансерызацыю, гэта працэдура дапамагае своечасова знайсці захворванне альбо папярэдзіць яго развіццё.

 

Свае планы на будучыню Анастасія Пыжык характарызуе коратка і ясна – працягваць удасканальваць навыкі, каб стаць добрым спецыялістам і далей дапамагаць людзям. Дзяўчыне падабаецца ў Шчучыне, і сваю кар’еру яна хоча звязаць менавіта з гэтым горадам.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!