Калектыўны імунітэт -- праз вакцынацыю. Даведаліся, аб чым ішла размова на адзіным дні інфармавання

 

У працоўны калектыў ААТ “Орля” прыехала не толькі раённая, але і абласная інфармацыйна-прапагандысцкая група. Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Ірына Сцепаненка вельмі пераканаўча і, што называецца, на жывых прыкладах раскрыла злабадзённую тэму сённяшняга адзінага дня інфармавання: “Вакцынацыя як эфектыўны спосаб супрацьдзеянню распаўсюджання каранавіруснай інфекцыі”. Дакладчыка падтрымала і галоўны санітарны ўрач Шчучынскага раёна Анастасія Круковіч, якая ўпэўнена: вакцынацыя – гэта адзіны спосаб спыніць СОVІD-19. Дарэчы, сярод удзельнікаў мерапрыемства было нямала тых, хто ўжо зрабіў прышчэпкі, клапоцячыся як пра ўласнае здароўе, так і здароўе сваіх блізкіх.

 

--  Увогуле ў нашым раёне супраць СОVІD-19 ужо вакцыніравана 4235 чалавек, амаль тысяча з іх – гэта людзі ва ўзросце за 60 год, -- адзначыла Анастасія Вячаславаўна. – Вакцынацыя праводзіцца ў Шчучынскай і Астрынскай паліклініках, амбулаторыях у Першамайску, Каменцы, Ражанцы, Дэмбраве, Орлі, працуюць і выязныя брыгады медыкаў. Пры неабходнасці выдаецца сертыфікат, што вы прайшлі вакцынацыю. А запісацца на прышчэпку можна і праз інтэрнэт -- на сайце Шчучынскай ЦРБ.

 

З 15 ліпеня ў нашай краіне на платнай аснове могуць прайсці вакцынацыю замежныя грамадзяне, а для жыхароў Беларусі гэта дапамога бясплатная. Паводле прагнозаў спецыялістаў, пандэмія будзе спынена, калі ва ўсім свеце атрымаюць прышчэпкі як мінімум 60% насельніцтва.

 

 

Яшчэ адно важнае пытанне, якое разглядалася на дні інфармавання, – садзеянне занятасці насельніцтва. Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шчучынскага раёна Святлана Шанчук адзначыла, што ў кіраўніцтва ААТ “Орля” наладжана цеснае супрацоўніцтва з раённай службай занятасці. А першы сакратар райкама БРСМ Алена Пратасевіч выказала словы ўдзячнасці за тое, што ў гэтай гаспадарцы заўжды прыязна адносяцца да другаснага працаўладкавання вучнёўскай моладзі падчас летніх канікулаў. Вось і зараз тут працуюць і маюць магчымасць зарабіць уласны рубель больш за два дзясятка рабят.

 

Надзвычай цёплым і эмацыянальным было выступленне  рэктара Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святланы Сяргейкі, дарэчы, былой выпускніцы Орлеўскай школы. Святлана Антонаўна звярнула ўвагу землякоў на выхаванне маладога пакалення, на тое, як важна, каб дзеці чэрпалі інфармацыю не толькі з інтэрнэту, але і ў жывых гутарках са сваімі бацькамі, бабулямі і дзядулямі: ведалі гісторыю свайго роду і малой радзімы, раслі патрыётамі, як мага часцей з першых вуснаў чулі праўду аб мінулай вайне і тых сваяках, якія здабывалі для нас перамогу і мірнае неба над галавой.

 

Сітуацыю са злачыннасцю на тэрыторыі Орлеўскага сельсавета прааналізаваў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргей Асовік, адзначыўшы, што большасць злачынстваў адбываецца з-за бытавога п’янства, таму вельмі важна ўсім разам змагацца з гэтым сацыяльным злом, працаваць на прафілактыку. А першы намеснік начальніка Шчучынскага РАНС Артур Малмыга расказаў аб пажаранебяспечных сітуацыях у лясных масівах, папярэдзіў аб неабходнасці быць асцярожнымі на вадаёмах.

 

Інфармацыйна-прапагандысцкія групы сёння пабывалі ў працоўных калектывах РУП ЖКГ, раённага вузла сувязі, на Шчучынскай птушкафабрыцы. З работнікамі Жалудоцкага агракомплексу сустрэўся старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі. І ўсюды актуальная размова аб супрацьдзеянні каранавіруснай інфекцыі пашыралася яшчэ і да дыялогу на іншыя жыццёва важныя тэмы. Людзі мелі магчымасць напрамую задаць хвалюючыя пытанні, узняць злабадзённыя праблемы. У зваротнай сувязі, уменні пачуць і рэальна дапамагчы і ёсць глыбінны сэнс падобнага роду сустрэч.

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!