Сцэну раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ў мінулы чацвер расквяціў сапраўды “Феерверк талентаў”

Сустрэча стала цудоўнай магчымасцю падвесці вынікі адыходзячага года, успомніць яго цікавыя моманты і, вядома ж, узнагародзіць лепшых з лепшых, тых, хто дасягнуў бліскучых перамог. 

Раздзялілі з рабятамі радасць цудоўнага дня старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк, намеснік старшыні райвыканкама А.В. Пасюта, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі  райвыканкама Т.В. Ганчарук, госця з Варэны – загадчык аддзела інвестыцый і развіцця Варэнскага раённага муніцыпалітэта Святлана Грышкевічэне.
З віншавальным словам да таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак звярнуліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк і намеснік старшыні райвыканкама А.В. Пасюта. 

   
-- Таленавіты чалавек той, хто ўмее ў звычайным знайсці незвычайнае і захапляецца жыццём, -- адзначыла ў сваёй віншавальнай прамове Алена Васільеўна. – Я жадаю гэта ўменне пранесці праз усё жыццё. Мы з радасцю назіраем, як з маленькіх зорачак вырастаюць таленавітыя  зоркі. Перакананы, на нашай шчучынскай зямлі вы зможаце раскрыць свой талент. 
Кіраўніцтва раёна падрыхтавала прыемны сюрпрыз дзіцячым школам мастацтваў. Падарункавыя сертыфікаты на набыццё акардэона, гітары, цымбал і скрыпкі атрымаў дырэктар Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў І.І. Сасноўскі. Новыя музычныя інструменты таксама з’явяцца ў Астрынскай, Васілішкаўскай і Жалудоцкай ДШМ.


Як вядома, Шчучын удзельнічае ў праграме трансгранічнага супрацоўніцтва «Літва-Латвія-Беларусь». У рамках гэтай праграмы быў праведзены конкурс лагатыпаў сумеснага праекта, у якім прынялі ўдзел як навучэнцы школ мастацтваў Варэны, так і Шчучына. Лепшай стала конкурсная работа вучня аддзялення выяўленчага мастацтва Шчучынскай ДШМ Андрэя Мацко! Юны мастак атрымаў заслужаную ўзнагароду.
У той дзень на сцэну падняліся пераможцы і прызёры міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсаў і фестываляў, лаўрэаты V Юбілейнага міжнароднага праекта-конкурсу сучаснага мастацтва і крэатыўнай творчасці «Апельсінавая бяроза».  Для кожнага знайшліся цёплыя словы і падарункі. 


Падчас сустрэчы госці змаглі акунуцца ў чароўны свет музыкі і фарбаў. Лепшыя з лепшых парадавалі ўсіх сваімі музычнымі нумарамі. У фае РЦКіНТ была арганізавана выстава работ навучэнцаў мастацкага аддзялення ДШМ, дзе можна было пазнаёміцца з малюнкамі юных мастакоў Шчучыншчыны.
Спадзяемся, што юныя музыканты і мастакі яшчэ не раз гучна заявяць пра сябе не толькі на ўвесь раён, але і на ўсю краіну!
Ганна КАСПЕР. 
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!