Іван Бартэль -- старшы эксперт Шчучынскага раённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз

Іван Янавіч Бартэль вось ужо 15 год носіць на плячах пагоны з зоркамі. Першыя, лейтэнанцкія, прымацаваў на кіцелі ў 2003-ім, калі скончыў Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь і прыйшоў служыць у органы ўнутраных спраў. Апошнія пяць год ён, старшы эксперт Шчучынскага раённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, маёр юстыцыі, з гонарам апранае форму супрацоўніка гэтага аўтарытэтнага сілавога ведамства.
“Спраўдзілася мая дзіцячая мара, – усміхаецца афіцэр, успомніўшы, як яшчэ ў малодшых класах напісаў у анкеце, што хоча стаць міліцыянерам. Праўда, на шляху ў прафесію, пра якую марыў, быў яшчэ Лідскі індустрыяльны тэхнікум: пасля заканчэння 9 класа Навадворскай сярэдняй школы Іван Бартэль спасцігаў там азы спецыяльнасці “тэхнічнае абслугоўванне і рамонт аўтамабіляў“. А ў 1999 годзе перад мэтанакіраваным юнаком адчыніліся дзверы міліцэйскай ВНУ, а дакладней – следча-экспертнага факультэта. 
– Пры размеркаванні папрасіў накіраваць мяне ў Шчучын, вельмі хацеў служыць бліжэй да бацькоўскага дома, – расказвае Іван Янавіч. – У Шчучынскім РАУС першым рабочым месцам стаў не кабінет следчага, а менавіта такім спецыялістам я выйшаў са сцен акадэміі, а эксперта. Таму давялося вучыцца дадаткова, каб атрымаць допускі на права выканання трох відаў экспертыз – трасалагічнай, дактыласкапічнай і экспертызы халоднай зброі. Гэта найбольш распаўсюджаныя і запатрабаваныя віды даследаванняў.


 Першым настаўнікам маладога эксперта-крыміналіста Івана Бартэля стаў яго калега Васіль Паўлавіч Барыбкін. Калі той пайшоў на павышэнне, нейкі час давялося застацца адзіным спецыялістам такога профілю. Сітуацыя дабавіла напружанасці ў працы, але і загартавала таксама, прызнаецца Іван Янавіч. А праз пэўны час у райаддзел прыйшоў служыць Дзмітрый Анатольевіч Апановіч – цяперашні начальнік раённага аддзела ДКСЭ.
– Калі ў 2013 годзе ў нашай рэспубліцы быў створаны Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз, туды ўвайшлі экспертныя падраздзяленні многіх ведамстваў, у тым ліку і міліцэйскага, – нагадвае І.Я. Бартэль. – Сутнасць мае і маіх калег работы не змянілася, яна засталася запатрабаванай: без эксперта-крыміналіста іншым разам немагчыма выкрыць вінаватых або даказаць, што падазраваемы не мае дачынення да правапарушэння... Між тым палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база, павялічыўся штат, што дазволіла зменшыць тэрміны выканання экспертыз і павысіць іх якасць.
Пятнаццаць год службы – гэта сур’ёзны вопыт, не адзін “зношаны“ чамаданчык эксперта-крыміналіста і вялікая колькасць рабочых эпізодаў, калі праца была выніковай і прыносіла задавальненне.
– Аднойчы, перад Новым годам гэта было, дальнабойшчык падвозіў спадарожнікаў – мужчыну і жанчыну, – расказвае Іван Янавіч. – Калі яны выйшлі, вадзіцель заўважыў знікненне 50 еўра. Аб факце крадзяжу паведаміў у міліцыю. Займацца гэтай справай давялося і мне. Апрацаваўшы дзверцы кабіны, выявіў сляды пальцаў рук. А хутка ў базе дадзеных знайшліся іх “блізняты“, якія належалі жыхару Лідскага раёна. Так вузельчык і развязаўся, зладзеі былі затрыманы і засталіся без навагодняга “падарунка“.
У Шчучыне працуецца і жывецца вельмі добра, запэўнівае суразмоўца. Кажа, неяк абмяркоўвалі з жонкай Інай (а яна родам з Жалудка. – Заўв. аўтара) варыянт пераезду ў абласны цэнтр. Але, узважыўшы ўсе “за” і “супраць“, засталіся. І не шкадуюць. Тут у сям’і свой дом, сябры, добрая праца. І хаця ў Івана Янавіча яна не толькі цікавая, але і напружаная, жонка, што вельмі важна для чалавека ў пагонах, разумее і падтрымлівае. “Мая работа для мяне і для яе заўсёды на першым месцы“, – кажа наш герой. У пары двое дзетак: 12-гадовы Захар і 4-гадовая Вера. Сын часта запрашае дамоў сяброў, і тыя вачэй не зводзяць з хатняга любімца Мухтара, дрэсіроўкай якога займаецца Іван Янавіч. Гэта яго хобі. “Люблю ўзяць сабаку і прагуляцца па парку. Стому бы рукой здымае“, – прызнаецца гаспадар дома.
Калі выпадае вольная хвіліна, усе разам едуць у Новы Двор, дзе ім заўжды рады бацькі Лілія Мікалаеўна і Ян Мар’янавіч. Дарэчы, старэйшыя Бартэлі – педагогі, выхавалі дастойных дзяцей – дваіх сыноў (малодшы Сяргей таксама скончыў Акадэмію МУС, ён – начальнік другога аддзялення раённага аддзела Следчага камітэта) і дачку (Аксана – студэнтка, будучы інжынер-машынабудаўнік, але паралельна атрымлівае і юрыдычную адукацыю).
– На малой радзіме лепш, чым у чужых людзях, – перакананы Іван Янавіч. – Яна сілы дае, каб чалавек мог пакінуць свой след на зямлі. Добры след.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!