На гэтым тыдні Дзяржаўтаінспкцыя Гродзеншчыны праводзіць комплекс мерапрыемстваў па выяўленні вадзіцеляў, якія селі за руль у стане алкагольнага ап’янення

У сувязі з гэтым супрацоўнікі аддзела ДАІ Шчучынскага РАУС і журналіст “Дзянніцы” накіраваліся ў сумесны рэйд, каб высветліць, якія парушэнні правілаў дарожнага руху дапускаюць вадзіцелі на дарогах Шчучыншчыны, і ці знаходзяцца такія, што кіруюць аўтамабілем нападпітку. 
Інспектары дарожна-патрульнай службы Андрэй Аляксандравіч Антановіч і Дзмітрый Генадзьевіч Гайдук вырашылі адправіцца ў бок Ражанкі і заняць пазіцыю непадалёку чыгуначнага вакзала. Быў час-пік – канец працоўнага дня, таму машыны ішлі практычна безупынным патокам і ў адзін, і ў другі бок. Інспектары спынялі не толькі аўтамабілі, але і матацыклы, правяралі дакументы, а таксама стан транспартных сродкаў. Забягаючы наперад, скажу, што не знайшлося ніводнага кіроўцы п’яным за рулём.


– Гэта зусім не значыць, што ўсе вадзіцелі разумеюць ступень адказнасці і не дазваляюць сабе ўжываць спіртное, – гаворыць Андрэй Аляксандравіч. – Літаральна ў панядзелак мы затрымалі механізатара адной з гаспадарак раёна, які на энерганасычаным трактары з плугамі ехаў у стане алкагольнага ап’янення. Колькасць алкаголю ў крыві мужчыны складала 1,91 праміле. А падчас свята горада, калі яго ўдзельнікі пачалі раз’язджацца па дамах, былі затрыманы пяць вадзіцеляў, якія перад паездкай ужывалі спіртное. Чацвёра з іх – жыхары нашага раёна. Так што не ўсё так бязвоблачна, як хацелася б. Вадзіцеляў не палохаюць ні вялікія штрафы, ні тая небяспека, якой яны падвяргаюць пасажыраў свайго аўтамабіля і іншых удзельнікаў дарожнага руху. 


Якія ж парушэнні аказаліся найбольш распаўсюджанымі падчас рэйду? Усе аштрафаваныя вадзіцелі кіравалі сваім транспартным сродкам без допуску да ўдзелу ў дарожным руху, прасцей кажучы, без тэхагляду. Дарэчы, калі вадзіцель першы раз уплачвае штраф за такое парушэнне, інспектар можа назначыць яго у памеры ад адной да трох базавых велічынь, калі паўторна – ад дзвюх да пяці. 
Тэхагляд у аўтамабіля “Аўдзі 80” закончыўся ў кастрычніку мінулага года. Машына зусім не новая – 1986 года выпуску. Гаспадар сцвярджае, што намераны ў бліжэйшы час прывесці свой транспартны сродак у належны тэхнічны стан і атрымаць допуск да ўдзелу ў дарожным руху. 
Больш за год ездзіць па дарогах без тэхнічнага агляду “Фольксваген-Пасат” 2001 года выпуску, у “Пежо 306” ён закончыўся ў снежні мінулага года. Са снежня 2016 года не праходзіў тэхагляд і ўладальнік аўтамабіля “Форд Гэлэксі”. 
– Мне дзешавей плаціць штрафы, чым тэхагляд і дарожны збор, – сцвярджае жыхар Гродна, які разам з маленькім сынам вёз халадзільнік для родных
– А вы ўпэўнены, што машына тэхнічна абсалютна спраўная, побач з вамі – маленькі сын? – не магла ўтрымацца я ад пытання. – Яна ж ужо даўно не праходзіла тэхагляд.
– Абсалютна ўпэўнены! – нават не думаючы, адказаў вадзіцель. – За гэтым я сачу з усёй адказнасцю.
І тым не менш, ён атрымаў штраф у памеры дзвюх базавых велічынь, паколькі затрымліваецца ўжо не ўпершыню. 
Толькі два месяцы таму набыў свой аўтамабіль малады кіроўца з паўтарагадовым вадзіцельскім стажам. І пакуль яшчэ не атрымаў допуск да ўдзелу ў дарожным руху. Але штрафам яго супрацоўнікі ДАІ не пакаралі. 
– Нам дадзены такія паўнамоцтвы, – тлумачыць Д. Г. Гайдук. – Калі ў вадзіцеля няма ніякіх парушэнняў правілаў дарожнага руху, мы можам яго на першы раз толькі папярэдзіць. 
У якім стане знаходзіцца транспартны сродак, прайшоў ён тэхагляд або не, залежыць толькі ад гаспадара. Прызнацца, нават здзівілася, калі ўбачыла на дарозе старэнькі “Масквіч”, якому, як пазней аказалася, больш за трыццаць год, а ў вадзіцеля былі ў парадку ўсе неабходныя дакументы, у тым ліку і тэхагляд. Гэту машыну ён набыў сабе з адной мэтай – ездзіць на рыбалку. Бывае і такое!
Дарэчы, аплаціць штраф вадзіцелі маглі на месцы праз тэрмінал, калі мелі з сабою плацёжную картку. Такую паслугу супрацоўнікі ДАІ прадстаўляюць ужо каля двух год. За гэты час больш за тысяча штрафаў аплачана парушальнікамі такім чынам.


– З 1 кастрычніка гэтага года поўнасцю будзе адменена ўплата штрафаў наяўнымі сродкамі, – гавораць інспектары. – Унесці неабходную суму магчыма будзе толькі праз тэрмінал з карткі або згодна са складзеным пратаколам на працягу трыццаці дзён – у банку, а таксама пры дапамозе сістэмы АРІП. 
Аналізуючы дарожную сітуацыю ў раёне, А.А. Антановіч адзначыў, што самыя злосныя парушальнікі дарожнага руху – пешаходы і веласіпедысты. А вадзіцелі працягваюць парушаць хуткасны рэжым на дарозе М6, нягледзячы на рамонтныя работы.
– У гэтыя дні паралельна праводзілася мерапрыемства “Маршрутнае таксі”, – гаворыць Андрэй Аляксандравіч. – Мы правяралі наяўнасць пуцявога ліста, фізічны стан вадзіцеля, выкананне ім правілаў перавозкі пасажыраў. У сераду на аўтадарозе М6 затрымалі вадзіцеля маршрутнага таксі, які ўжо паўгода ездзіць без вадзіцельскага пасведчання. А ў салоне – адзінаццаць пасажыраў. Прыйшлося перасадзіць іх у іншую маршрутку, а на ўладальніка таксі быў складзены пратакол за допуск за руль вадзіцеля-бяспраўніка. Пакаранне панясе і сам вадзіцель. А людзі давяраюць яму свае жыцці!
І ўсё ж, на шчасце, пераважная большасць удзельнікаў дарожнага руху – людзі дысцыплінаваныя і адказныя. У гэтым мы і пераканаліся падчас рэйду. Менавіта з іх павінны браць прыклад парушальнікі. Толькі тады нашы дарогі стануць бяспечнымі. 
Ганна РУДСКАЯ. 
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!