Паказальныя заняткі з афіцэрамі ваенных камісарыятаў Гродзенскай вобласці прайшлі ў Шчучынскім раёне
Паказальныя заняткі з афіцэрамі ваенных камісарыятаў Гродзенскай вобласці прайшлі ў Шчучынскім раёне пад кіраўніцтвам намесніка ваеннага камісара Гродзенскай вобласці палкоўніка Аляксандра Уладзіміравіча Харашуна.
Падчас сустрэчы гаворка ішла пра арганізацыю і правядзенне мерапрыемстваў пераводу ваеннага камісарыята раёна з мірнага на ваенны час, асаблівасці арганізацыі і правядзення агнявой падрыхтоўкі на ўчастку мясцовасці. Тэарэтычныя пытанні абмеркавалі на базе ваеннага камісарыята Шчучынскага раёна, а таксама на палігоне на тэрыторыі былога ваеннага аэрадрома.
У выпадку пераводу ваеннага камісарыята раёна з мірнага на ваенны час павінен выконвацца асаблівы комплекс мерапрыемстваў па ўстанаўленні і ўдасканаленні ўзроўню прафесійных ведаў і навыкаў ваеннаслужачых, якія прыбылі з запасу на даўкамплектаванне ваеннага камісарыята.
– На занятках мы мадэліравалі алгарытм дзеянняў ва ўмовах ваеннага часу, – расказвае намеснік ваеннага камісара – начальнік мабілізацыйнай групы капітан Аляксей Аляксандравіч Сіўко. – У гэты перыяд штат пашыраецца і яго структура змяняецца. Таму кожнаму неабходна давесці, што будзе ўваходзіць у яго абавязкі і якія задачы ён будзе выконваць.
На тэрыторыі былога ваеннага аэрадрома афіцэрам прадэманстравалі варыянт арганізацыі месца для правядзення практычнага занятку па агнявой падрыхтоўцы. На асобным участку абсталявалі вучэбныя кропкі і мішэннае поле, дзе ваеннаслужачы можа адтачыць свае навыкі валодання стралковай зброяй у адпаведнасці з нарматывамі. Менавіта такая арганізацыя месца для агнявой падрыхтоўкі ўсімі ўдзельнікамі заняткаў была прызнана ўзорнай.
Юлія ЦІМАШЧУК.
Фота аўтара.