На веласіпедзе – па правілах
Восень – час вельмі небяспечны для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху, а асабліва для пешаходаў і веласіпедыстаў. У апошнія дні лістапада ў нашым раёне пад коламі аўтамабіляў загінулі два веласіпедысты. Што стала прычынай гэтых здарэнняў будзе ўстаноўлена, толькі чалавечыя жыцці ўжо не вярнуць…
Кожны веласіпедыст, накіроўваючыся ў дарогу на сваім двухколым транспарце, павінен ведаць, што святлоадбівальныя элементы, ліхтар і гукавы сігнал – гэта неад’емная частка абсталявання веласіпеда. Ведаць-та ведаюць, а вось наколькі выконваюць патрабаванні правілаў дарожнага руху? Каб атрымаць адказ на гэта пытанне, мы накіраваліся ў рэйд разам з супрацоўнікамі АДАІ Шчучынскага РАУС старшым інспектарам ДПС А.А. Антановічам і інспектарам ДПС П.К. Малахвеем.
Першым, каго мы ўбачылі толькі ўехаўшы ў Ражанку, быў зусім не веласіпедыст, а як пазней высветлілася, работнік мясцовай гаспадаркі, што вяртаўся з работы дамоў. Мужчына быў добра нападпітку (алкатэст паказаў наяўнасць 2,9 праміле алкаголю ў крыві) і ішоў па сярэдзіне дарогі: нездарма кажуць, п’янаму і мора па калена. Пакінуць такога пешахода на дарозе супрацоўнікі ДАІ, вядома, не маглі. Таму ўсадзілі яго ў аўтамабіль і падвезлі да дому, папярэдне, канешне, склаўшы пратакол.
Як патлумачыў парушальніку Андрэй Аляксандравіч Антановіч, ён будзе пакараны штрафам у памеры ад трох да пяці базавых велічынь. Гэта паведамленне выклікала ў мужчыны моцнае абурэнне.
– Што ў мяне грошы лішнія? – невядома каму адрасаваў ён сваё пытанне. Напэўна, не лішнія, толькі вось на гарэлку іх чамусьці не шкода. І яшчэ адно… Невядома, чым закончылася б яго п’яная вандроўка па праезнай частцы дарогі, калі б крыху сцямнела… Не берагуць людзі свае жыцці…
Не заўсёды выконваюць патрабаванні правілаў дарожнага руху і вадзіцелі, не своечасова праходзяць тэхнічны агляд на сваіх транспартных сродках. Адну такую жанчыну-вадзіцеля затрымалі супрацоўнікі ДАІ. Мінімальны штраф, які прадугледжаны за данае пакаранне, – адна базавая велічыня. Аднак яго памер можа вагацца і да трох велічынь.
А вось веласіпедысты аказаліся надзвычай законапаслухмянымі ўдзельнікамі дарожнага руху. Я.А. Ермакоў вяртаўся на веласіпедзе са ст. Ражанка. Веласіпед у мужчыны быў абсталяваны згодна з усімі патрабаваннямі.
– А як жа? – нават здзівіўся Яўгеній Аляксандравіч, – ад гэтага ж залежыць мая ўласная бяспека!
Ужо дваццаць год за рулём веласіпеда і Д. В. Ярашук.
– Пакуль стаіць добрае надвор’е – так і дабіраюся на работу ў Мікелеўшчыну, – тлумачыць Дзмітрый Вячаслававіч. – Вяртаючыся ў цемнаце, абавязкова надзяваю камізэльку. Канечне, калі пачнуцца снегапады, перасяду ў аўтамабіль.
У поўным парадку аказаліся веласіпеды і ў І.А. Мазурыча і Аляксандра Трахімчыка. Мужчыны таксама вярталіся з работы. Іх двухколы транспарт меў усю неабходную экіпіроўку.
– Дык пра гэта пастаянна і ў газетах пішуць, і па тэлебачанні нагадваюць, – гаворыць Іосіф Альфрэдавіч. – Правільна абсталяваны веласіпед – гэта вялікая гарантыя бяспекі.
Некаторых веласіпедыстаў мы нават не прасілі спыніцца, таму што здалёк было відаць святлоадбівальныя элементы і ліхтары.
– Не лішнім будзе яшчэ раз нагадаць пешаходам, што яны павінны рухацца па тратуары, пешаходнай або веласіпеднай дарожцы, а пры іх адсутнасці – па абочыне, – расказаў Андрэй Аляксандравіч. – Калі даных элементаў дарогі няма – можна ісці па краі праезнай часткі дарогі насустрач руху транспартных сродкаў, а ў цёмны час сутак – абавязкова са святлоадбівальным элементам.
Што тычыцца веласіпеда, ён павінен быць абавязкова абсталяваны люстэркам задняга бачання, гукавым сігналам, спераду – святлоадбівальным элементам белага колеру, ззаду – чырвонага, а па баках – аранжавага. Акрамя таго, рухаючыся ў цемнаце, веласіпедыст павінен уключаць спераду фару са святлом белага колеру, ззаду – ліхтар са святлом чырвонага колеру.
Як кажуць, у кожнага свой лёс і ад яго нікуды не дзецца. Толькі можа не трэба яго спакушаць?
Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара.