Італьянская піца, японскія сушы і ролы ў шчучынскай “Санце”. Паглядзіце, як крэатыўна арганізавала адкрыццё свайго новага маркета кампанія “Санта Рытэйл”

Супермаркет, адкрыццё якога так інтрыгавала шчучынцаў, сёння апраўдаў самыя вялікія спадзяванні. Яшчэ перад пачаткам урачыстасці на пляцоўцы ля магазіна ад душы весялілі народ веліканы-мядзведзі, а потым і ўвогуле ўварваліся жыццярадасныя піраты, абяцаючы пакупнікам багаты выбар морапрадуктаў ад “Санта Брэмар”. Між іншым, гэта вядомая кампанія па вытворчасці прадуктаў уваходзіць у агульны холдынг з “Санта Рытэйл”. Так што тут заўжды гарантуюць свежую і якасную рыбу.

 

 

Адкрываючы новы аб’ект, слова трымаў старшыня Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта Аляксей Садоўскі. Ён цёпла прывітаў сабраўшыхся, падкрэсліў, што Заводскі мікрараён у нашым райцэнтры зараз дынамічна развіваецца і ўмацаванне інфраструктуры тут вельмі дарэчы.

 

 

 – Гэта чарговая яркая падзея ў нашым горадзе. Мы даўно чакалі такога інвестара – узведзены маркет еўрапейскага ўзроўню з прасторнымі гандлёвымі плошчамі, з сучасным дызайнам, дзе не толькі вялікі асартымент тавараў, але і працуюць свае цэхі па выпечцы кандытарскіх вырабаў, вытворчасці запатрабаваных прадуктовых паўфабрыкатаў, -- адзначыў Аляксей Валянцінавіч. – Хочацца пажадаць поспеху заснавальнікам і прыемных пакупак спажыўцам.

 

 

Сімвалічную чырвоную стужку разам з кіраўніком раёна перарэзалі генеральны дырэктар ТАА “Санта Рытэйл” Аляксандр Чуйко і яго намеснік Яўген Цыбан.

 

У магазін рушылі шматлікія пакупнікі, якія прыйшлі і прыехалі не толькі са Шчучына, але і з населеных пунктаў раёна. Як і абяцалі арганізатары ўрачыстасці, гасцей частавалі марожаным, дзецям уручалі блакітныя шары з лагатыпам кампаніі. Слонімскі мясакамбінат наладзіў дэгустацыю сваёй прадукцыі. А шоу-мены брэсцкага агенцтва “Свята” захоплена праводзілі конкурсы і віктарыны, разыгрывалі мноства дысконтных картачак і купонаў на зніжкі.

 

 

Не ўтрымаліся і мы ад прыемных пакупак, былі ў захапленні ад разнастайнасці тавараў, заморскіх фруктаў і свежай зеляніны, багатага асартыменту мясных і малочных прадуктаў. Як нам удалося даведацца, работнікі цэхаў сёння аж з трох гадзін ночы выпякалі для шчучынцаў піцу, гатавалі ролы, сушы, кандытарскія смакоты.

 

 – Свежая і апетытная прадукцыя ў нас будзе заўсёды, -- абяцае загадчыца новага супермаркета Аксана Дымінская. – Гарантуем мы і культуру абслугоўвання, бо даражым кожным пакупніком.

 

Зручны рэжым работы супермаркета “Санта” – з 9 да 23 гадзін. Прыемна было даведацца, што дзякуючы новаму прадпрыемству шчучынцы атрымалі 56 працоўных месц, сярод якіх 23 прадаўцы, 6 кухараў, 4 кандытары і інш.

 

Прыемных вам пакупак, землякі, і смачна есці!

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!