Хто адкрыў “Скарбоначку бабулінай памяці”? Даведаліся, з якой узнагародай вярнуліся астрынскія артысты з абласнога фестывалю “Слонімскія цудадзействы”

 

З прыўзнятым настроем і лаўрэацкім дыпломам трэцяй ступені вярнуліся дамоў з абласнога фестывалю “Слонімскія цудадзействы” ўдзельнікі ўзорнай тэатральнай студыі “Звычайны цуд” Астрынскага Дома культуры і тэатральнай творчасці. Новая пастаноўка “Скарбоначка бабулінай памяці” па матывах дзіцячых твораў Цёткі выклікала вялікі інтарэс у гледачоў і атрымала высокую ацэнку журы.

 

– Над спектаклем мы з юнымі выхаванцамі працавалі каля паўгода, – падзялілася мастацкі кіраўнік студыі Наталля Лукіна. – Было вывучана нямала біяграфічнага матэрыялу з дзяцінства самой Алаізы Пашкевіч – нашай славутай зямлячкі, чыё 145-годдзе мы будзем сёлета адзначаць. Вельмі адказна падбіралі сцэнічныя касцюмы (нават лапці навучыліся плесці!), цікавіліся этнаграфіяй, арганічна ўплялі ў канву пастаноўкі карагоды і народныя танцы. Усё гэта па-сапраўднаму ўпрыгожыла гэту творчую работу.

 

Прэм’ерны паказ быў арганізаваны перад навучэнцамі пачатковых класаў Астрынскай СШ імя А.С, Пашкевіч (Цёткі), і спектакль адразу атрымаў мноства ўхвальных водгукаў – і ад маленькіх гледачоў, і ад іх настаўнікаў. Яшчэ больш упэўнена і натхнёна выступалі юныя артысты на фестывальнай сцэне ў Слоніме.

 

– Я вельмі ўдзячна маім выхаванцам за старанне, бо насамрэч за гэтым поспехам стаіць вялікая праца, – гаворыць Наталля Аляксандраўна. – Падтрымку ў падрыхтоўцы спектакля адчувала і ад шматлікіх калег. Гэта наша агульная перамога.

 

Плануецца, што на спектакль “Скарбоначка бабулінай памяці” запросяць бацькоў школьнікаў у Дзень сям’і, цудоўным дапаўненнем стане гэта работа і пры вывучэнні дзецьмі літаратурнай спадчыны Алаізы Пашкевіч.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Галіны ПЕТУШОК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!