Хрэсным ходам – у Ракавічы! Дзясяткі паломнікаў сёння адправіліся да галоўнай святыні шчучынскага краю

 

Цудатворную Ракавіцкую ікону Божай Маці называюць адным з сямі цудаў Шчучыншчыны. Па даўняй традыцыі штогод 9-10 жніўня ў нашым раёне праходзіць урачыстасць у гонар гэтай святыні. Фэст у Ракавічах збірае сотні паломнікаў з усёй Гродзеншчыны. Нярэдка прыязджаюць вернікі і з іншых куточкаў нашай Беларусі, нават госці з іншых краін. Даведаліся, як сёння распачалося свята…

 

Зранку Благачынны Шчучынскай царкоўнай акругі айцец Аляксандр Пасцярняк адслужыў Боскую літургію ў храме святога Архангела Міхаіла. Затым адбылося  набажэнства ў саслужэнні іерэяў Алега Засіма і Алексія Кірылаўца. Малебен праходзіў у гонар велікамучаніка і лекара Панцелеімона, дзень памяці якога праваслаўныя хрысціяне адзначаюць сёння – 9 жніўня.

 

 

– Вельмі радасна, што сёлета і ў набажэнстве, і ў Хрэсным ходзе ўдзельнічае больш людзей, чым летась, – падзяліўся пасля службы сваімі ўражаннямі айцец Аляксандр Пасцярняк. – Настрой ва ўсіх вельмі радасны, нямала моладзі, сярод якой юнакі і дзяўчаты праваслаўнага ваенна-патрыятычнага клуба “Дружына”. Хутка ўдзельнікі падсілкуюцца, і мы рушым у шлях. Па дарозе будзем спыняцца ў кожным населеным пункце, разам з мясцовымі жыхарамі сумесна маліцца ля паклонных крыжоў. Насычаная праграма чакае ў Ракавічах.

 

 

Удзел у Хрэсным ходзе прымаюць свяшчэннаслужыцелі, пеўчыя, прадстаўнікі шматлікіх прыходаў як нашага раёна, так і вобласці.

 

– Нас з храма Усіх Беларускіх Святых горада Гродна прыехала 20 чалавек, якраз паспелі на набажэнства, – кажа Лілія Янковіч. – Усе вельмі чакалі гэтай падзеі, расказвалі, як было цудоўна ў мінулым годзе. Я ўпершыню ўдзельнічаю ў гэтым свяце, хоць Шчучыншчына – мая малая радзіма, і менавіта ў Ракавіцкай царкве мяне, ураджэнку вёскі Борці, хрысцілі бацькі. Сённяшняя сустрэча вельмі значная для мяне.

 

 

– Не перажываеце, што шлях такі доўгі – праз станцыю Ражанка, вёскі Багуславова і Валянчыцы? – пытаю ў новай знаёмай.

 

– Што вы! Упэўнены ў сваіх сілах і Божай дапамозе нават людзі сталага веку. Дый дзетак нямала. Я нават пазнаёмілася з пяцігадовым Дзімам з нашай дэлегацыі, – з добрай усмешкай гаворыць Лілія.

 

 

Вырашылі пазнаёміцца з тым самым Дзімушай і мы. Маленькі “крапышок” шпарка цягнуў за руку і маму, і бабулю, імкнучыся стаць для іх лакаматывам і ні ў якім разе не адстаць ад калоны. Яго мама – гродзенка Любоў Лебедзева – ужо трэці раз бярэ ўдзел у ракавіцкім духоўным свяце, выношвае планы паўдзельнічаць праз некалькі дзён ва Ўсебеларускім Хрэсным ходзе з Жыровічаў у Мінск. Маладую жанчыну ва ўсім падтрымлівае яе сям’я, асабліва матуля – Таццяна Дзмітрыеўна, якая крочыць побач.

 

– А вось зярняты веры пасеяла ў маім сэрцы бабуля. Каюся, не адразу яны далі ўсходы, – шчыра прызнаецца Люба. – У юнацтве здавалася, што трэба жыць выключна сваім розумам, а з гадамі зразумела: яно нашмат лепей, калі жывеш з Богам…

 

 

Так доўгая людская рака, на чале якой крочылі харугваносцы, з малітвамі і духоўнымі спевамі, шчырай і цёплай размовай крочыла да сваёй духоўнай мэты. Дарэчы, напрыканцы горада, на адным са скрыжаванняў з вуліцай 17 Верасня, да “галоўнай ракі” далучыліся прыхаджане з новага храма Богаяўлення на чале з настаяцелем Ігарам Каласоўскім.

 

У гэтыя хвіліны Хрэсны ход працягвае свой шлях. А мы абавязкова раскажам вам і аб далейшых падзеях падчас свята ў Ракавічах.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!