Сёння на свята ў памяць аб цудатворнай іконе ў Ракавічы прыехаў архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній

Па даўняй традыцыі 9 і 10 жніўня ў нас на Шчучыншчыне праходзіць урачыстасць у гонар цудатворнай Ракавіцкай іконы Божай Маці. Сёння -- другі дзень свята. На самым досвітку ён сабраў вернікаў на літургію і Водаасвятны малебен ля цудатворнай ракавіцкай крыніцы.
А дзявятай гадзіне раніцы святары і шматлікія вернікі хлебам-соллю сустракалі архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Антонія. Уладыка павіншаваў усіх са святам, благаславіў, пагутарыў з моладдзю.
Архіепіскап узначаліў наступную, больш познюю, Боскую літургію. Яму саслужылі святары Шчучынскага і іншых благачынняў Гродзенскай епархіі. Усе разам людзі шчыра маліліся, просячы ва Усявышняга міру, згоды і ўзаемаразумення паміж народамі, прасілі таксама Заступніцу падараваць ім здароўе і дабрабыт у сем’ях, пасеяць зярняты дабрыні, міласэрнасці і глыбокай веры ў сэрцах усіх зямлян.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.