Голас маладой сям'і

Заўтра, 18 лютага, – асноўны дзень выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў. А сёння ў выбаршчыкаў яшчэ ёсць магчымасць прагаласаваць датэрмінова. Скарысталася прадстаўленым заканадаўствам правам і сям'я Астаповіч. Свой выбар яны зрабілі на Астроўскім прыазёрным участку для галасавання №28, размешчаным у Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі.
Ігар Яўгенавіч Астаповіч – урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг УАЗ "Шчучынская ЦРБ", а яго жонка Валянціна Пятроўна працуе старшай медыцынскай сястрой хірургічнага аддзялення №2.
– На выбары хадзілі заўсёды, але рабілі гэта паасобку. Цяпер мы сям'я, і мы тут разам. А яшчэ – абое медыкі, а наша прафесія можа ў любы момант "падкарэкціраваць" асабістыя планы, – тлумачыць Ігар Яўгенавіч. – Паколькі субота выдалася спакойнай і свабоднай ад спраў, адкладваць на заўтра візіт на выбарчы ўчастак не сталі.
– Да таго ж я ў нядзелю буду працаваць у якасці назіральніка на ўчастку, які знаходзіцца ў сценах нашай бальніцы, – дадае жонка.
Абодва члены гэтай маладой сям'і лічаць сваім грамадзянскім абавязкам прыняць удзел у важным мерапрыемстве. Разумеюць, што ад абраных дэпутатаў у многім будзе залежаць якасць жыцця ў рэгіёне, раёне, горадзе... І разлічваюць, што гэтыя людзі будуць абараняць інтарэсы тых, хто даверыў ім такое важнае прадстаўніцтва ў органах улады.
Як расказалі ў выбарчай камісіі, працэс датэрміновага галасавання праходзіць ў спакойнай абстаноўцы, з захаваннем усіх норм выбарчага права.
Дзверы ўчастка для галасавання №28, як, прынамсі, і іншых, адкрыты сёння з 10 да 14 гадзін і з 16 да 19 гадзін.
Таццяна ПАЛУБЯТКА. Фота аўтара.