Гэта ён, гэта ён – наш універсальны паштальён! Цэлы комплекс паслуг прывозіць вяскоўцам службовая “Лада” Галіны Балтрукевіч

Летась падчас урачыстасці з нагоды Сусветнага дня пошты Галіну Уладзіславаўну Балтрукевіч калегі віншавалі з новым статусам: ёй уручылі пасведчанне ветэрана працы рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Белпошта”. І справа тут, канешне, не ва ўзросце (такіх, як яна, на вёсцы называюць маладзіцы!), а ў салідным стажы работы ў галіне.

 

Здаецца, два дзесяцігоддзі праімчалі, нібыта адзін дзень. Праўда, за гэты час многае змянілася. Жанчыне ўжо няма патрэбы хадзіць “з тоўстай сумкай на рамяні” ды гнуцца пад яе цяжарам. Галіна Уладзіславаўна зараз увогуле вадзіцель аўтамабіля 4-га разраду аддзялення паштовай сувязі “Руткевічы”, і менавіта яна па выніках работы за 2020 год прызнана лепшай па прафесіі. Імя нашай гераіні занесена на раённую Дошку гонару.

Ці думала калі Галіна, што стане паштовым работнікам? Здаецца, першапачаткова выбірала іншую прафесію, але дакладна запомніла, як у дзяцінстве ўсе ў вёсцы з нецярпеннем чакалі візітаў паштальёна.
– Мы, школьнікі, з усіх ног несліся насустрач нашай “цёці Ядзі”, якая ўручала нам “Зорку” ды “Піянер Беларусі”, а дарослым – “Савецкую вёску”, пісьмы ад сваякоў. А як жа мы любілі купляць у яе яркія паштоўкі, прыгожа падпісвалі іх і адпраўлялі на святы ўсёй радні! Атрымліваць віншаванні таксама было надзвычай прыемна, – настальгічна ўспамінае Г. У. Балтрукевіч. – А аднойчы, калі я ўжо была старшакласніцай, Ядвіга Іосіфаўна нечакана прапанавала падмяніць яе падчас водпуску. “Ці ж спраўлюся?” – першае, што падумалася тады. Але ўсё атрымалася найлепшым чынам, а павага да прафесіі паштальёна засталася на ўсё жыццё.

Пасля заканчэння Вярбілкаўскай школы Галіна працягвала вучобу ў Лідзе, нейкі час працавала швачкай у Мастах, але малая радзіма прыцягвала нібы магнітам. Неўзабаве яна вярнулася ў родныя Вярбілкі, а ў аграгарадку Руткевічы знайшлася работа па душы.

– Як сёння памятаю, уладкавалася ў паштовае аддзяленне 1 чэрвеня 2000 года, тады нас было трое, а з цягам часу адбылася аптымізацыя. У 2017-м за мной замацавалі аўтамабіль “Лада”, і цяпер я адна абслугоўваю 23 вёскі Ражанкаўскага сельсавета, а яшчэ й хутары! Гэта вельмі нялёгкая задача, але ёсць разуменне, што ніхто не павінен застацца без свежых навін, – пераканана Галіна Уладзіславаўна.
Пакуль гутарым сонечным вясновым ранкам, жанчына збірае з сабой у “экспедыцыю” не толькі свежую карэспандэнцыю, але і тавары першай неабходнасці. Час ад часу раіцца з начальнікам аддзялення Веранікай Іванаўнай Якусік, з якой склаўся дружны дзелавы альянс.

 Проста з пошты вяскоўцам для рэалізацыі прывязуць муку і цукар, макарону і алей, слодычы і фруктовыя напоі, камбікорм і насенне, увогуле Галіна гатова выканаць амаль любы заказ. Людзі з задавальненнем карыстаюцца такімі паслугамі, а яшчэ – уносяць плацяжы, афармляюць падпіску. Словам, сёння службовы аўтамабіль Галіны Балтрукевіч – гэта і крама на колах, і банк, і пошта: тры ў адным! За месяц толькі выручка ад рэалізацыі тавараў складае болей за 2 тысячы рублёў.

– А вось падпіска перыёдыкі ідзе цяпер складаней: нават у самай маленькай вёсцы могуць сказаць, што сочаць за навінамі ў інтэрнэце, – кажа Г.У. Балтрукевіч. – Але раёнку нашу любяць, дужа агітаваць за яе не прыходзіцца. Я нават фірменны гадзіннік ад “Дзянніцы” неяк у падарунак атрымала за высокі ўзровень падпіскі. Ганаруся такім прэстыжным прэзентам.

Не сакрэт, што Галіну Уладзіславаўну заўжды чакаюць яе кліенты і таму, што абавязкова пачуюць ад паштальёна добрае слова і мудрую параду. Іншы раз адзінокім вяскоўцам так не хапае шчырага суразмоўцы, а паштальён у нас зрадні псіхолагу. І самі людзі заўжды гатовы адгукнуцца дабрынёй на дабрыню. Часам нашай гераіне прыходзіцца не толькі з сотню кіламетраў за дзень наматаць, але і змагацца з выпрабаваннямі надвор’я. У снежную замець ці міжсезоннае бездарожжа паштовую машыну дружна выходзілі штурхаць жыхары Новай Ражанкі і іншых вёсак, але такога, каб застацца адзін на адзін з праблемай, у Галіны Балтрукевіч яшчэ не было:

– Людзі ў нас вельмі добразычлівыя, спагадлівыя. У гэтым я не раз пераконвалася.
І дзяцей сваіх (а іх трое) жанчына заўжды вучыла высокай чалавечнасці. Дачка Аксана – педагог, мае намер паступіць у аспірантуру і заняцца навуковай дзейнасцю, не на жарт зацікавілася гісторыяй і ўжо атрымала другую вышэйшую адукацыю. Сын Павел таксама закончыў Купалаўскі ўніверсітэт, працуе тэхнікам-тэхнолагам па дрэве. А малодшы – Ілья – трэцякурснік Шчучынскага сельгасліцэя, пасля плённай вытворчай практыкі ў занальным інстытуце раслінаводства, дзе яго ўзнагародзілі за добрую працу, плануе туды ж працаўладкавацца. Дзеці – сапраўдны гонар Галіны Уладзіславаўны, а двое ўнукаў – яе любоў і пяшчота. А калі ў сям’і пануюць згода ды ўзаемаразуменне, то і работа ладзіцца.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!