Галоўны рэдактар раённай газеты “Дзянніца” Сяргей КАСПЯРЧУК: “Важна зрабіць асэнсаваны выбар”

Вынясенне на ўсенароднае абмеркаванне праекта змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю мае лёсавызначальнае значэнне для далейшага развіцця Беларусі, бо распрацоўцы праекта папярэднічаў вялікі грамадскі дыялог.

 

Змяненні і дапаўненні Асноўнага Закона краіны не ўзніклі ніадкуль, а падрыхтаваны з улікам сучаснай абстаноўкі, патрабаванняў часу, новых выклікаў і пагроз. У праекце захавана пераемнасць з дзеючай Канстытуцыяй Беларусі, якая забяспечыла гістарычнае развіццё краіны без узрушэнняў і шокаў. Былі створаны магчымасці для развіцця эканомікі, у тым ліку дзякуючы моцнай дзяржаўнай уладзе. Гэта сістэма дзяржаўнага ладу сябе апраўдала і не раз устаяла перад знешнімі і ўнутранымі выклікамі. Але за апошнія 25 гадоў жыццё ўнутры краіны значна змянілася, з’явіліся новыя галіны эканомікі, мы запусцілі ў космас уласны спадарожнік, стварылі электрамабіль, пабудавалі атамную электрастанцыю, развіваем біяінжынерыю…

 

Трэба адзначыць, што ў свеце практычна не засталося канстытуцый у першапачатковай рэдакцыі. Толькі ў 21-м стагоддзі каля 90 краін свету паспяхова ажыццявілі канстытуцыйныя рэформы, 57 прынялі новыя канстытуцыі. Так і нашы змяненні абумоўлены новым беларускім грамадствам.

 

Калі коратка падсумоўваць прапанаваныя змяненні, лічу важным падкрэсліць наступнае. Па-першае, замацаванне суверэннасці нашай дзяржавы, захаванне нашай самабытнасці, сацыяльна справядлівага грамадства, недапушчальнасць знешняга ўздзеяння. Па-другое, абавязак дзяржавы забяспечыць захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта найважнейшыя фундаментальныя каштоўнасці, што надаюць моц дзяржаве праз пераемнасць пакаленняў. Па-трэцяе, атрымліваюць далейшае развіццё такія сацыяльныя інстытуты, як сям'я і шлюб, абноўлены палажэнні і гарантыі, якія датычацца клопату аб пажылых грамадзянах, інвалідах, у асобны артыкул вынесена навела аб моладзі.

 

Акрамя таго, пэўныя змены закранулі палітычную сістэму беларускага грамадства, выбарчую сістэму, дзейнасць Канстытуцыйнага суда. Дамінантай змяненняў з’яўляецца замацаванне ў Асноўным Законе вышэйшага прадстаўнічага органа нашай краіны -- Усебеларускага народнага сходу -- з яго найважнейшай задачай -- забяспечваць непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадскую згоду.

 

Кожны з нас, грамадзян Беларусі, абавязаны ўважліва аднесціся да тэксту прапанаваных змяненняў. На тое і разлічана ўсенароднае абмеркаванне, каб кожны грамадзянін краіны меў магчымасць сфармуляваць сваю пазіцыю, давесці яе і зрабіць на рэферэндуме свой асэнсаваны выбар на карысць квітнеючай, незалежнай і сацыяльна арыентаванай Беларусі.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!