Эстафета памяці сям’і Бейма. Даведайцеся пра сённяшніх носьбітаў гераічных традыцый, гісторыю дзеда-франтавіка і гімн “хаты бацькоў” у Зачэпічах

У гэтай вялікай і дружнай сям’і існуе нямала традыцый, але ёсць адна асабліва значная. На 9 Мая, дзе б хто ні быў з дзяцей і ўнукаў, а павінен дакладна прыехаць у вёску Зачэпічы – у радавое гняздо. Зразумела, што ніхто і нікога не прымушае, але покліч душы і генетычная памяць не дазваляюць зрабіць іначай.

 

Такім чынам на прыгожай, дагледжанай сядзібе Канстанціна Аляксандравіча і Яўгеніі Панцялееўны Бейма збіраецца 16 чалавек – прадстаўнікоў розных узростаў. Для кожнага з іх Дзень Вялікай Перамогі – Свята з вялікай літары. Бо з пакалення ў пакаленне ў гэтай сям’і перадаецца эстафета памяці: і хвалюючыя аповеды пра ваеннае ліхалецце, перажытае іх продкамі, і прыкметныя рэліквіі, што засталіся ад бацькі і дзеда-франтавіка Аляксандра Іосіфавіча Гузеня – фотаздымкі, дакументы, высокія ўзнагароды… Сярод іх – ордэны Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны першай ступені, медалі “За баявыя заслугі” і “За Перамогу над Германіяй”, многія іншыя.

 

– 9 Мая мы ўсе – і дарослыя, і дзеці – перш-наперш ідзём ускладаць кветкі на месцы апошняга спачыну дарагога нам чалавека – Аляксандра Іосіфавіча Гузеня, успамінаем, якім ён героем быў, як мужна змагаўся ў гарачых бітвах, як метка страляў – на ўзроўні снайпера! – расказвае цяпер ужо старэйшы з сям’і Бейма – Канстанцін Аляксандравіч. – У мірным жыцці тата быў надзвычай клапатлівым у адносінах да блізкіх, майстрам на ўсе рукі, душой кампаніі, які ўмеў расказаць пра перажытае і ўбачанае так, што гэта запомнілася назаўсёды. Тыя гісторыі, суровую праўду аб вайне, пачутую з першых вуснаў, я перадаў сваім дзецям, а яны – сваім.

 

 

Канстанцін Аляксандравіч і Яўгенія Панцялееўна выхавалі трох цудоўных дачок і сына, які, здаецца, увабраў усё самае лепшае ад бацькі і дзеда. Ужо даўно на сямейным савеце вырашана, што менавіта Руслан Канстанцінавіч будзе працягваць місію захавальніка гераічнай спадчыны свайго роду: прыйдзе час і перадасць духоўныя каштоўнасці па ланцужку радаводу свайму сыну – Уладу, той – новым пакаленням... Так задумана, што ніколі не перарвецца эстафета памяці. Гэта і ёсць дарога ў бессмяротнасць слаўнага салдата Перамогі Аляксандра Гузеня.

 

Яго прызвалі ў рады Чырвонай Арміі ў 1944-м – адразу пасля вызвалення нашых мясцін ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Адмысловы паляўнічы, Аляксандр Іосіфавіч быў залічаны ў войска стралком. Спачатку ваяваў у складзе супрацьтанкавай дывізіі, а пасля двух цяжкіх раненняў і лячэння ў шпіталях зноў вяртаўся на лінію агню ў склад 363-га стралковага палка, напрыканцы вайны служыў у артылерыі. Наш зямляк з кагорты тых, хто мог бы сказаць пра сябе: мы паў-Еўропы па-пластунску “прапахалі”…

 

– Тата ўдзельнічаў у многіх стратэгічных ваенных аперацыях, вызваляў ад фашысцкай чумы краіны Еўропы, дайшоў да Берліна і расказваў, што асабліва жорсткія баі былі на вуліцах сталіцы Германіі, – кажа сын франтавіка Канстанцін Бейма. – Шмат таварышаў палягло менавіта ў апошнія дні перад самай Перамогай. Вось тое асабліва крыўдна ды балюча. Сапраўды гэта свята са слязамі на вачах.

 

З ордэнамі і медалямі ў званні сяржанта вяртаўся Аляксандр Іосіфавіч на малую радзіму. Большую частку жыцця ён пражыў у вёсцы Зачэпічы. Старажылы памятаюць гэтага чалавека як унікальнага цесляра, што дапамагаў землякам адбудоўваць разбураныя вайной і спаленыя дамы, вырабляў адмысловыя аконныя рамы, дзверы, усю неабходную мэблю, а потым, у лепшыя часы, з задавальненнем майстраваў унучкам цацкі і калыскі для іх лялек.

 

 

– Бацька пры ўсёй сваёй занятасці будаўніцтвам і цяжкай сялянскай працай знаходзіў час на… фотасправу! Фотаапарат у яго быў на штатыве – “Фотакор”, і, накрываючыся чорным палатном, тата рабіў амаль студыйныя здымкі, сам праяўляў плёнкі, друкаваў картачкі. Вось гэты фотаальбом – цалкам з ягоных фотаработ, – паказвае Канстанцін Аляксандравіч чарговую сямейную рэліквію. – Нядрэнна разбіраўся наш тата і ў тэхніцы. Першы ў вёсцы матацыкл “Мінск М-105” быў на нашым надворку, як, дарэчы, і першы тэлевізар – “Нёман”. Бацька рамантаваў і матацыклы, і тэлевізары. А яшчэ прыдумаў ставіць на экран каляровую плёнку, і тэлеперадачы атрымліваліся нібыта ў колеры! Пра сапраўдныя каляровыя тэлевізары ў той час мы нават не чулі. Нейкім чынам тата рэтушаваў “пад колер” і фотаздымкі, фарбуючы кабетам сукенкі, дзяўчынкам – банты. Валодаў нейкімі сваімі сакрэтамі, каб фотакартачка атрымалася ва ўзорыстым абрамленні, а калі на дакумент – то з запатрабаваным вугельчыкам. Да райцэнтра ад нас далёка, і да таты пастаянна звярталіся з просьбамі людзі, а ён нікому не адмаўляў.

 

Многія таленты Аляксандра Іосіфавіча перадаліся яго дзецям і ўнукам. Да прыкладу, Канстанцін Аляксандравіч – такі ж адмысловы і трапны паляўнічы, умелы рыбак і грыбнік. Яго сын Руслан – не толькі дасканала валодае гэтымі ж навыкамі, але проста генетычна ўвабраў дзедава майстэрства па рабоце з дрэвам, дый фотасправай займаўся з юнацтва, асвоіўшы спачатку фотаапарат “Змена”, а потым і прэстыжны “ФЭД”. Юнак пасля заканчэння Орлеўскай школы паступіў у Гродзенскае вучылішча, паспяхова асвоіў прафесію сталяра-станочніка і, яшчэ будучы навучэнцам, вырабіў прыгожыя і якасныя дзверы ў бацькоўскую хату, што надзейна служаць і сёння. Руслан Канстанцінавіч можа на выдатна справіцца з любым, нават самым складаным заказам. Нядаўна на сядзібе бацькоў ён узвёў каларытную лазню, а зараз працуе над інтэр’ерам і мэбляй, выкарыстоўваючы пры гэтым не толькі сучасныя прылады працы, але і дзедаўскія рубанкі, пілы, лобзікі, стамескі. Гэту спадчыну таксама збераглі ў Зачэпічах. Да таго ж Руслан Канстанцінавіч узяўся самаручна ўзвесці дом для сваёй сям’і, праўда, у прыгарадзе Шчучына.
У гэтай задумцы яму дапамагае не толькі бацька, але і сын Улад, дарэчы, студэнт Купалаўскага ўніверсітэта. Малады чалавек не цураецца фізічнай працы, вывучае матэматыку і інфарматыку, захапляецца ігрой на гітары, як, між іншым, усе мужчыны роду Бейма!

 

 

– Яшчэ ў школе я напісаў на конкурс дакументальную працу “Гартаючы старадаўні альбом” і заняў другое месца ў рэспубліцы, – дзеліцца Улад Бейма. – Мне нічога не прыйшлося дадумваць. Сямейная гісторыя і захаваная памяць аб прадзедзе дапамаглі ўваскрэсіць далёкія падзеі. Гэта вельмі важна – знаць аб сваіх каранях, ганарыцца сваімі продкамі, усведамляць іх дачыненне да вялікай гісторыі і быць дастойным прадаўжальнікам роду. І пра вайну трэба ведаць – каб жыць у міры.

 

Лаўлю сябе на думцы, што гэта вялікая журналісцкая ўдача – пазнаёміцца з такімі цікавымі людзьмі, нашчадкамі салдата Перамогі Аляксандра Гузеня, які, нягледзячы на перанесеныя выпрабаванні, цяжкія раненні, нялёгкія сялянскія клопаты, пражыў доўгае і шчаслівае жыццё, пастаянна працуючы, рупячыся, думаючы аб будучым. Аднойчы, на 90-м годзе, у яго проста спынілася сэрца. На дварэ стаяў 1996 год. Усяго крыху не дажыў да новага тысячагоддзя, пра якое многа думаў і рабіў надзвычай смелыя прагнозы, што на дзіва нашчадкам зараз сапраўды збываюцца.

 

 

У цёплы сонечны дзень мы сядзім у “жывой” альтанцы пад вінаградам, дзе на стале, на бялюткім абрусе, беражліва выкладзены асабістыя рэчы і ваенныя ўзнагароды галоўнага героя нашага аповеду, якога сёння хоць і няма між намі, але прысутнасць яго відавочная. А шасціструнная гітара малодшага з суразмоўцаў – Улада, таксама бы эстафета, перадаецца з рук у рукі: ад дзеда – да сына і ўнука. І разносіцца па партызанскім зачэпіцкім краі галоўная песня майскіх дзён – “Дзень Перамогі”. А калі за гэтым жа сталом 9 Мая сустракаюцца Беймы – усе 16 чалавек, то звініць тут прыгожымі галасамі нямала шчымлівых ды хвалюючых ваенных і сучасных песень. А гімнам сям’і, як прызналіся нашы героі, у апошні час стаў хіт “Не прадаецца хата бацькоў!” Гэта ж хата, дзе без гучных слоў і лозунгаў выраслі сапраўдныя патрыёты сваёй Бацькаўшчыны, сваёй Айчыны.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!