Экскурсія – на замежнай мове, на памяць – сувенір. У Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі гатовы сустракаць гасцей
Зусім нядаўна Шчучыншчына ўвайшла ў бязвізавую зону. Цяпер замежным турыстам будзе нашмат прасцей трапіць на нашу гасцінную зямлю і пазнаёміцца з тутэйшымі славутасцямі. А нам, безумоўна, ёсць ім што паказаць!
У Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі гасцей з іншых краін сустракалі ўжо даўно – усім вядома, што гэта ўстанова дадатковай адукацыі размясцілася ў былым палацы Друцкіх-Любецкіх. Таму і не абмінаюць яе турысты. А крэатыўныя педагогі і выхаванцы абавязкова запрашаюць іх у музей – менавіта там сабраны ўсе гістарычныя звесткі пра былых уладальнікаў гэтай жамчужыны архітэктуры, пра наш самабытны гарадок, пра авіяцыйнае мінулае Шчучына і пра многае-многае іншае…
– А каб нашы госці змаглі ўсё зразумець, мы прапануем ім экскурсіі з аўдыё-гідам на замежнай мове, – расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Таццяна Сяргееўна Трахімчык. – Літаральна за гэты год была праведзена вялікая работа па перакладзе тэксту экскурсіі на польскую, нямецкую, англійскую і французскую мовы. У гэтым нам дапамаглі педагогі ўстаноў адукацыі раёна. Экскурсіі на польскай і нямецкай мовах ужо былі апрабаваны, і нашы наведвальнікі засталіся вельмі задаволенымі. Паслухаць экскурсію на адной з моў магчыма дзякуючы спецыяльна распрацаванай праграме. Кожны, у каго ёсць смартфон, пры дапамозе Wi-Fi падключаецца да нашага камп’ютара і выбірае мову, а затым і гукавую дарожку з адпаведнай залай. Падчас індывідуальнай экскурсіі можна скарыстацца планшэтам, у якім знаходзіцца віртуальная кніга з больш поўнай інфармацыяй пра экспанаты музея. У цяперашні час мы працуем над перакладам назваў экспанатаў на замежныя мовы – увогуле, стараемся зрабіць так, каб кожнаму, хто трапіць у наш палац, было цікава і камфортна.
Наведваючы гэты помнік архітэктуры, кожны турыст зможа набыць прыгожы сувенір на памяць. І пра гэта паклапаціліся творчыя педагогі і рабяты. У палацы працуе “Сувенірная лаўка”, у якой не толькі можна выбраць выдатныя вырабы мясцовых таленавітых майстроў – кіраўнікоў аб’яднанняў па інтарэсах і іх выхаванцаў, але і даведацца пра традыцыйныя рамёствы беларусаў. Кожны з педагогаў пры неабходнасці можа паказаць майстар-клас.
– Для таго, каб ствараць сувеніры, у нас працуе творчая майстэрня, – расказвае Таццяна Віктараўна Іоч, загадчык аддзела выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладного мастацтва. – Мы збіраемся ўсе разам, дзелімся сваімі ідэямі і ў выніку такой агульнай творчай працы нараджаюцца мілыя прыгожыя рэчы. А часам гэта атрымліваецца больш сур’ёзная работа, як, напрыклад, пано з выявай Шчучына. Мы нават стварылі свой “Каталог сувенірнай прадукцыі”, у якім можна выбраць усё, што спадабалася і зрабіць на гэта заказ. Больш за ўсё попытам карыстаюцца каляндарыкі, абярэгі, вырабы з саломкі і іншыя. Нядаўна пасля экскурсіі рабяты раскупілі ўсе каляндарыкі. А падчас выбарнай кампаніі нашы сувеніры ручной работы карысталіся попытам у наглядальнікаў з СНД.
Сваю лепту ў агульную “сувенірную” справу ўносіць кожны педагог дадатковай адукацыі. Напрыклад, Міхаіл Іванавіч Шайтар прапануе эксклюзіў – разныя пярсцёнкі з дрэва. Ганна Аляксандраўна Кузяк і Алена Ігнацьеўна Вашчыла – майстрыцы ў саломапляценні: закладкі з аплікацыяй, лялькі, званочкі, лапцікі – іх работы. Разьба і роспіс па дрэве – канёк Сяргея Іванавіча Сасноўскага. Ён вырабляе і прыгожыя статуэткі. Мілыя мяккія цацкі ад Вольгі Паўлаўны Рогавай не раз нагадаюць пра паездку ў Шчучын. Сапраўдныя маленькія шэдэўры ствараюць Алена Анатольеўна Калеснікава – з цеста, а Наталля Сямёнаўна Маліноўская – з фоамірана. Прыгожы від рукадзельнага мастацтва – скрапбукінг – даўно асвоілі Людміла Анатольеўна Куралёва і Ірына Аляксееўна Жукоўская. Вокладкі і паштоўкі, змайстраваныя іх рукамі, таксама стануць цудоўным сувенірам. А вось такія папулярныя каляндарыкі распрацоўвае камп’ютарны дызайнер Анастасія Сяргееўна Варапаева.
– Сёлета мы больш увагі ўдзялілі абярэгам, народным мотанкам-лялькам і іншым прыгожым сувенірчыкам, – гаворыць Таццяна Віктараўна. – А цяпер, напярэдадні Новага года, безумоўна, у работах загучаць і святочныя калядныя і навагоднія матывы.
…Шчыра прызнацца, каб прыйшлося выбіраць штосьці на памяць з гэтай колькасці ўнікальных эксклюзіўных работ, нават і не ведаю, на чым бы я спынілася. У кожны з гэтых твораў укладзена столькі душы і працы… Напэўна, любы быў бы дарагі па-свойму, таму што ў ім – часцінка нашай малой радзімы.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара і з архіва ПТДіМ.