В.Р. Навасардзян: “Інтарэсы спажыўцоў заўжды на першым месцы”

Спажывецкай кааперацыі Беларусі – 100 год. За векавую гісторыю кааператыўны рух даказаў сваю запатрабаванасць і жыццядзейнасць. У агульнай скарбонцы працоўных дасягненняў ёсць і важкі ўклад нашых землякоў. З якімі вынікамі падышлі да знакавай даты работнікі Шчучынскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, расказаў дырэктар гэтай арганізацыі Вануш Рубікавіч НАВАСАРДЗЯН.

– Вануш Рубікавіч, як сёння спажыў­кааперацыя раёна прадстаўлена ў сферы рынку тавараў і паслуг?
– Спажывецкая кааперацыя – шмат­профільная структура. У яе складзе рознічны гандаль – асноўны від дзейнасці, нарыхтоўчая галіна, грамадскае харчаванне, прамысловая вытворчасць. Усе гэтыя галіны цесна ўзаемазвязаны. Прамысловасць выпусціла – гандаль прадаў... Нарыхтоўшчыкі закупілі – гандаль прадаў... У сістэме спажывецкай кааперацыі раёна 90 магазінаў, 75 працэнтаў якіх на сяле, 12 аўтакрам – абслугоўваюць звыш 300 вёсак, 4 аб’екты грамадскага харчавання, нарыхтоўчыя пункты і прамысловыя прадпрыемствы.
Канешне, за апошні час гандлёвая сетка скарацілася – яшчэ 15 год назад толькі магазінаў было каля двух соцень, аднак якасць абслугоўвання насельніцтва не пацярпела. Усе змены на кааператыўным мерыдыяне – патрабаванне часу. Так, праведзеная аптымізацыя дазволіла ўкласці больш сродкаў у мадэрнізацыю аб’ектаў у горадзе і аграгарадках, што вывела іх на новы ўзровень гандлёвага сэрвісу. За апошнія тры гады быў пабудаваны ўніверсам на вуліцы Рудага, капітальна адрамантаваны магазіны ў Астрыне, Каменцы, Ражанцы. Штогод на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы – рамонт, набыццё сучаснага тэхналагічнага абсталявання, тэхнічную ўмацаванасць аб’ектаў выдаткоўваем 5-6 мільярдаў недэнамінаваных рублёў. А пік мадэрнізацыйных працэсаў прыйшоўся на 2015 год, калі горад рыхтаваўся да Дня беларускага пісьменства: тады на аб’екты гандлю і грамадскага харчавання накіравалі каля 20 мільярдаў. 
– У спажывецкай кааперацыі цяпер сур’ёзныя канкурэнты – буйныя гандлёвыя сеткі, прыватныя гандляры і рэстаратары. Якія крокі робіце для павышэння іміджу сваіх аб’ектаў?
– Не сакрэт, мы страцілі пэўную зону дзейнасці. Раней удзельная вага спажыўкааперацыі на рынку тавараў і паслуг раёна даходзіла да 35-37 працэнтаў, цяпер жа складае 29 працэнтаў. Канешне, калі адчыняе дзверы новы магазін, вобразна кажучы, пірог усё роўна падзеліцца. Але, каб канкурыраваць з сецевікамі і каб большая частка гэтага пірага засталася нам, патрэбна ўзважаная і гібкая цэнавая палітыка. Над гэтым і працуем, а яшчэ над пашырэннем асартыменту тавараў, павышэннем культуры абслугоўвання. Штомесяц на аўкцыённых пляцоўках нашых магазінаў прадстаўлена да 40 пазіцый тавару. Дамаўляемся аб прадастаўленні зніжак з вытворцамі, змяншаем гандлёвыя надбаўкі – і рознічныя цэны захоўваюць прывабнасць для пакупніка. Прадаём тавары ў крэдыт. Укараняюцца і дысконтныя праграмы. Зноў жа па сістэме франчайзінгу адкрылі магазін “Марк Формэль”. Прапрацоўваем пытанне аб адкрыцці ў Шчучыне яшчэ аднаго магазіна з фірменным брэндам – “ОМА”, дзе шчучынцы змогуць набыць танны тавар. Адным словам, для спажыўкааперацыі раёна інтарэсы пакупнікоў па-ранейшаму на першым месцы.
Сёлета, развіваючы гандлёвую сетку, робім акцэнт на мадэрнізацыю і рэканструкцыю дзеючых аб’ектаў, аўтаматызацыю тэхналагічных працэсаў, укараненне прагрэсіўных метадаў продажу, набыццё новых аўтакрам для абслугоўвання сельскага насельніцтва. 
– Сёння спажывецкая кааперацыя з’яўляецца інструментам у рэалізацыі сацыяльна-эканамічнай палітыкі, найперш у сельскай мясцовасці...
– Нашы гандлёвыя арганізацыі ў сельскіх населеных пунктах – асноўная крыніца жыццезабеспячэння насельніцтва. Ніводная вёска без абслугоўвання не застаецца. Калі за апошні час і закрылі адзін-два магазіны, то толькі таму, што яны свой рэсурс выпрацавалі. Каля трох дзясяткаў крам знаходзяцца ў населеных пунктах з невялікай колькасцю жыхароў. Не сакрэт, многія з іх нерэнтабельныя, але нават іх стараемся захоўваць. Выконваем і даручэнне Прэзідэнта забяспечыць стопрацэнтнае абслугоўванне аўтакрамамі вёсак, дзе адсутнічаюць стацыянарныя гандлёвыя кропкі. Даязджаем і да населеных пунктаў, дзе засталося па 2-3 жыхары, такіх як Вугольнікі, Місюкоўшчына, Шніпкі і іншыя. А самы дальні пункт нашага клопату – прыгранічная вёска Пяцюлеўцы. У аўтакрамах шырокі асартымент прадуктаў харчавання, тут ажыццяўляюць прыём заказаў, у тым ліку на буйнагабарытныя тавары з наступнай дастаўкай пакупніку. Летам іх маршрут пралягае і праз дачныя масівы.
Таксама, каб павысіць тавараабарот, развіваем сезонны, святочны і выязны гандаль. Каля 10 нашых гандлёвых кропак ёсць на рынках Гродна. Заваёўваем і сталічнага пакупніка.
– Вануш Рубікавіч, як выглядае сёння настольніца-самабранка грамадскага харчавання?
– Застаюцца запатрабаванымі і аб’екты грамадскага харчавання ў горадзе – рэстаран “Шчучын” і кафэ “Залаты бераг”, і на сяле – кафэ ў Жалудку і Васілішках. Дарэчы, пасля мадэрнізацыі наш рэстаран мае ці не самы дастойны выгляд сярод аналагічных аб’ектаў спажыўкааперацыі вобласці: тут надзвычай прыгожа і камфортна. Кулінарным талентам здзіўляюць майстры-повары, кліентаў прывабліваюць акцыі і разнастайнае меню. Шчучынцы з задавальненнем адзначаюць тут памятныя даты, ладзяць сямейныя ўрачыстасці. Развіваем і прыдарожны сэрвіс: на трасе М6 карыстаецца попытам аднайменнае кафэ з кругласутачным графікам работы.
– Ці спраўляецца раённая спажыў­кааперацыя з задачай купіць усё тое, што сельскі жыхар вырасціў і жадае прадаць?
– У 10 нарыхтоўчых пунктах прымаем практычна ўсе віды прадукцыі – ад другасных рэсурсаў, прадукцыі земляробства і жывёлагадоўлі да дзікаросаў і грыбоў. Актыўна працуюць і чатыры раз’язныя нарыхтоўшчыкі. Выручанае вяскоўцамі за дары садоў і агародаў – істотная прыбаўка ў сямейны бюджэт. Да таго ж, прапаноўваючы людзям – патэнцыяльным здатчыкам – супрацоўніцтва на ўзаемавыгадных умовах, мы дапамагаем у рашэнні надзённай праблемы глыбінкі – занятасці людзей. 
Цесныя стасункі ўстаноўлены з фермерамі Шчучынскага, Лідскага і Мастоўскага раёнаў. З мінулага года вырашчаная і закупленая ў фермерскіх гаспадарках прадукцыя там і захоўваецца, і пастаўляецца ў гандлёвую сетку па меры патрэбы. Такая практыка сябе апраўдала: страты меншыя, якасць агародніны і садавіны належная.
Дарэчы, ад дзейнасці нарыхтоўчага сектара, а таксама прамысловай галіны (а гэта чатыры цэхі – паўфабрыкатаў, забойны, рыбны і швейны) – самы важкі ўнёсак у фінансавую скарбонку філіяла. Да прыкладу, у мінулым годзе мы мадэрнізавалі жывёлазабойны цэх. Цяпер ён адпавядае ўсім санітарным і ветэрынарным нормам. У выніку аб’ёмы вытворчасці ўзраслі практычна ў два разы. Будзем працягваць пачатае, каб са сваёй прадукцыяй выйсці на расійскі рынак. 
У рэчышчы часу працуюць і іншыя вытворчыя падраздзяленні. Адным словам, увесь калектыў пастараўся, каб да юбілею і прафесійнага свята наш філіял прыйшоў са станоўчымі рэзультатамі.
– Дастойна пройдзены беларускай спажыўкааперацыяй стогадовы шлях – гэта заслуга людзей, у тым ліку і шчучынскіх кааператараў...
– І іх імёны назаўжды застануцца ў слаўным летапісе роднай арганізацыі. Гэта прадстаўнікі розных пакаленняў, прафесій і пасад, але ўсе яны вызначаюцца выключнай працавітасцю і адказным стаўленнем да сваіх абавязкаў. Гонар нашага філіяла – А.Л. Смірноў, М.А. Бузюк, Н.А. Яцкевіч, Г.Ф. Дзятчык, Н.П. Шаўчэнка, Ф.В. Кахновіч, Т.П. Кухарчык, З.Г. Паталета. Заслужаны аўтарытэт маюць М.Я. Мармыш, Ж.У. Ткачук, І.Д. Пекар, В.І. Крышаловіч, І.І. Куцэйка, Р.В. Карпук, А.С. Галецкая, Г.І. Тарасевіч, Л.У. Асененка і многія іншыя іх калегі. Хачу шчыра падзякаваць усім ветэранам, цяперашнім работнікам за дастойны ўклад у агульную справу, плённую працу і вернасць прафесіі, клопат аб павышэнні іміджу спажыўкааперацыі. Жадаю вам, шаноўныя калегі, моцнага здароўя, шчасця і ўсіх зямных даброт.
Інтэрв’ю правяла Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!