Драматычны матч у Свіслачы: шчучынцы пацярпелі крыўдную паразу

У суботу, 10 верасня, на гарадскім стадыёне ў Свіслачы прайшла нешэраговая сустрэча мясцовай каманды і футбольнага клуба “Шчучын”. Гульня праходзіла ў рамках 16-га тура Другой лігі.

 

Гэты матч меў прынцыпова важнае турнірнае значэнне. Да пачатку сустрэчы “Свіслач” займала другое месца ў турнірнай табліцы і апярэджвала “Шчучын” усяго на 2 ачкі, таму перамога дазваляла б нашай камандзе абысці саперніка і замацавацца ў першай тройцы.

 

Матч пачаўся з упэўненых дзеянняў з боку нашай каманды. Шчучынцы, нягледзячы на статус гасцей, абсалютна па-гаспадарску пачалі атакаваць вароты саперніка і змаглі стварыць некалькі небяспечных момантаў. Аднак да гола з нашага боку не дайшло. А вось свіслацкія футбалісты хутка намацалі сваю гульню і ўжо самі пачалі прэсінгаваць і біць у створ. Адзін з гэтых удараў на 34-й хвіліне прывёў да гола ў нашы вароты. “Шчучын” не разгубіўся і працягнуў паказваць годны футбол, але ж да канца першага тайма нашы забіць гол не змаглі.

 

У другім тайме “Шчучын” не даваў расслабіцца саперніку, і на 50-й хвіліне Арцём Байгот з пенальці зраўняў лік на табло. Здалося, што зараз наша каманда працягне наступаць і пераможа ў гэтым матчы, аднак суддзя з гэтым не быў згодны. Праз 6 хвілін пасля гола “Шчучын” застаўся ў меншасці: другую жоўтую картку атрымаў Аляксей Піліпчык. Але доўга футбалісты “Свіслачы” не радаваліся, бо адразу ж былі вымушаны стрымліваць яшчэ большы націск нашай каманды. Гуляючы ў меншасці, шчучынцы не спынялі тэмп і былі блізкія да другога гола, аднак мяч забіла “Свіслач”. На 77-й хвіліне суддзя паставіў пенальці ў нашы вароты. Шчучынскі галкіпер Вадзім Калечыц адбіў удар з адзінаццаціметровай кропкі, але з дабівання свіслаччане такі адзначыліся голам. На 81-й хвіліне матча “Свіслач” забіла яшчэ адзін гол. Увесь гэты час “Шчучын” не сядзеў на месцы, а атакаваў і меў добрыя моманты, але не шанцавала нашай камандзе, мяч проста не хацеў залятаць у вароты саперніка. На 83-й хвіліне матча быў выдалены яшчэ адзін гулец нашай каманды Аляксандр Кірылаў. А на 85-й хвіліне была пастаўлена канчатковая кропка ў матчы: другую жоўтую картку атрымаў трэці футбаліст “Шчучына”. Лагічным было абурэнне нашых землякоў, каманда збіралася датэрмінова завяршыць сустрэчу, але ўсёткі было вырашана дагуляць матч без трох палявых. Такім чынам, фінальны лік на табло – 3:1 на карысць “Свіслачы”.

 

Цяжка прызнаваць, але тры выдаленні ў гэтым матчы паставілі крыж на срэбраных прэтэнзіях “Шчучына” у гэтым сезоне. Тэарэтычныя шанцы нашай каманды на трэцяе месца яшчэ застаюцца, аднак для гэтага нам трэба толькі перамагаць і чакаць памылак каманды “Слонім-Сіці”.

 

Такім чынам, пасля 16 тура “Шчучын”, маючы 27 ачкоў, працягвае займаць чацвёртае месца ў турнірнай табліцы Гродзенскага дывізіёна. На другім і трэцім радку размясціліся “Свіслач” і “Слонім-Сіці”, у іх па 32 ачкі. Бліжэйшы пераследнік нашай каманды – ваўкавыская “Змена” – мае 23 ачкі і ідзе на пятым месцы.

 

Наступную гульню наша каманда правядзе ў Шчучыне на гарадскім стадыёне “Алімп”. У госці да нас завітае лідар дывізіёна гродзенскі “Нёман-Белкард”. Сапернік вельмі цяжкі, але нашай камандзе патрэбна толькі перамога. Матч адбудзецца ў суботу, 17 верасня. Прыходзьце на трыбуны гарадскога стадыёна “Алімп”, каб падтрымаць нашых хлопцаў!

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота Крысціны БАЙГОТ.      

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!