Госць Шчучына – вядомы беларускі палітолаг Пётр Пятроўскі
Сёння ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі адбылася сустрэча з вядомым беларускім палітолагам, навуковым супрацоўнікам Інстытута філасофіі НАН Беларусі П.С. Пятроўскім. На яе сабраліся кіраўнікі ўстаноў адукацыі Шчучынскага раёна, выкладчыкі гісторыі, ідэалагічныя работнікі. Тэма лекцыі – “Беларусь у кантэксце абвастрэння міжнародных адносін і фарміравання новага біпалярнага свету”.
Госця прадставіла намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта.
-- Мы атрымліваем інфармацыю з самых розных крыніц, і сёння ў нас ёсць унікальная магчымасць задаць пытанні ўніверсальнаму эксперту – гісторыку, філосафу, палітолагу, падзяліцца сваім пунктам гледжання, зрэшты нават падыскутаваць, для чаго і ўстаноўлены ў зале “свабодны мікрафон”, -- запрасіла Алена Васільеўна. – Сярод ганаровых гасцей і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Павел Міхалюк. Ён таксама гатовы да адкрытага дыялогу з намі.
Лекцыя, што закранала самыя розныя аспекты як міжнароднага, так і нашага ўнутранага палітычнага і эканамічнага жыцця, узаемаадносін Беларусі з міжнароднай супольнасцю і непасрэдна з краінамі-суседзямі, праляцела як адно імгненне. Гэтаму спрыяў жывы і насычаны фармат гутаркі. Пётр Пятроўскі з задавальненнем адказаў на пытанні прысутных, а яшчэ падзяліўся тым, што лічыць Шчучыншчыну … сваёй малой радзімай. Бо ў вёсцы Рыча Дэмбраўскага сельсавета калісь жыла ягоная бабуля і сюды ён часта прыязджаў з Гродна: у дзяцінстве з асалодай праводзіў тут канікулы.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк шчыра падзякавала госцю за цікавую і змястоўную гутарку, выказала надзею на новыя сустрэчы і новыя цікавыя мерапрыемствы з удзелам навукоўцаў-аналітыкаў.
У нашым бліц-інтэрв’ю Пётр Сяргеевіч, адказваючы на пытанне “Што даюць такія дыялогавыя пляцоўкі?”, прызнаўся:
-- Самае галоўнае для мяне – гэта абмен думкамі. На месцах людзі іншы раз бачаць сітуацыю па-іншаму, і для мяне важна спусціцца са “сталічных нябёс” на рэальную зямлю, каб, магчыма, штосьці важнае для сябе зразумець і адчуць. Мяркую, што і для аўдыторыі, якая складалася з педагогаў, ідэалагічных работнікаў, стаў карысным і мой досвед таксама. Усім нам надзвычай важна сёння ўмець аддзяляць зерне ад мякіны.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.