“Добры тэлефон”, сястрынская “Дапамога” і нераўнадушныя сэрцы валанцёраў. Як актывісты Чырвонага Крыжа дапамагаюць людзям сталага веку
– Зараз, у наш трывожны і неспакойны час, вельмі важна падтрымліваць адзін аднаго, быць разам і ўзаемадзейнічаць, – лічыць старшыня раённай арганізацыі БТЧК Галіна Станіславаўна Мацюк. – Вось і мы на падставе Пагаднення аб супрацоўніцтве ва ўмовах распаўсюджання САVІD-19, якое Беларускі Чырвоны Крыж заключыў з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, працуем у цеснай звязцы з сацыяльнай службай раёна.
Увогуле, грамадскае жыццё нашай арганізацыі ідзе ў звыклым рытме, не існуе нейкай “надзвычайшчыны”, але ўвага да падапечных, якіх у нас найбольш з ліку пажылых людзей, стала яшчэ больш прадметнай. 26 адзінока пражываючых і інвалідаў сталага ўзросту атрымліваюць падтрымку па лініі службы сясцёр міласэрнасці “Дапамога”. Прычым гэта не толькі жыхары Шчучына, але і Астрыны, Жалудка.
Не абходзіцца грамадская арганізацыя і без ініцыятывы моладзі. З ліку паўналетніх добраахвотнікаў – навучэнцаў сельгасліцэя – створаны дзейсны валанцёрскі атрад “Мы разам”. З рабятамі правялі інструктаж, забяспечылі апазнавальнымі бэйджамі, медыцынскімі маскамі, пальчаткамі, дэзінфіцыруючымі сродкамі, каб яны ў бяспечных умовах маглі аказваць дапамогу іншым – даставіць пажылым людзям пакупкі з прадуктовага магазіна, лякарствы з аптэкі, дапамаглі выклікаць урача – словам, актывісты гатовы адгукнуцца на любую просьбу.
Дарэчы, Беларускі Чырвоны Крыж арганізаваў лінію “Добры тэлефон”. Са сваёй праблемай можна звярнуцца па мабільніку, набраўшы нумар 201, і па стацыянарным тэлефоне – 112. Званкі бясплатныя.
– Можна патэлефанаваць і да нас – у офіс раённай арганізацыі БТЧК у Шчучыне па нумары 21-7-97, – зазначае Галіна Станіславаўна. – Чым зможам – дапаможам. Вось і зараз тым, хто аказаўся у крытычнай сітуацыі, сабралі прадуктовыя наборы. Заходзяць да нас людзі, якія маюць патрэбу ў адзенні. Падбіраем. Паралельна інфармуем наведвальнікаў, што важна рабіць у мэтах прафілактыкі каварнага віруса. Вялікімі саюзнікамі ва ўсіх справах сталі для нас супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на чале са Святланай Уладзіміраўнай Шанчук.
Але, па прызнанні лідара грамадскага руху Чырвонага Крыжа, не ўпускаюцца з поля зроку арганізацыі і іншыя важныя накірункі работы. З нагоды наступаючага юбілею – 75-годдзя Вялікай Перамогі, наведаліся да жыхара вёскі Зара камунізму Аляксандра Пятровіча Галаватага, які падчас вайны быў вязнем фашысцкага канцлагера: пацікавіліся жыццём і патрэбамі пажылога чалавека, уручылі падарунак, павіншавалі з наступаючым святам.
– Няхай май будзе ясным і сонечным, нясе чалавецтву перамогу над усім негатыўным, – пажадалі госці і Аляксандру Пятровічу, і ўсім людзям.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.