З клопатам аб вашым здароўі. У Сусветны дзень без аўтамабіля прадстаўнікі Чырвонага Крыжа разгарнулі мабільны медыцынскі пункт у цэнтры Шчучына

Штогод 22 верасня адзначаецца Сусветны дзень без аўтамабіля. Ініцыятыва накіравана на спрыянне памяншэнню выкідаў выхлапных газаў у атмасферу. Зрабіць свой унёсак у ачышчэнне паветра можа кожны. Дастаткова хаця б некалькі разоў на год перасядаць з аўтамабіля на ровар альбо ўвогуле замяніць паездкі на пешыя прагулкі. Тым больш, што такая дадатковая фізічная актыўнасць толькі ўмацуе здароўе.
З гэтымі думкамі цалкам згодны прадстаўнікі Шчучынскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, якія сёння арганізавалі мабільны медыцынскі пункт у цэнтры Шчучына каля крамы “Fix Price”. У гэтым пункце ўсе жадаючыя могуць памераць свой ціск, узважыцца і атрымаць кансультацыю ад прафесійных медсясцёр Любові Кавалёвай і Ліліі Візгалавай.
– Мы і ціск людзям памераем і дамо рэкамендацыі па леках, – расказвае старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Юлія Вароніна. – За дзве гадзіны нашымі паслугамі скарысталіся каля 50 чалавек, у асноўным гэта людзі старэйшага ўзросту. Нашы шчучынцы з радасцю да нас падыходзяць і застаюцца задаволенымі ад гэтай ініцыятывы. Сёння мы арганізавалі мабільны пункт у рамках акцыі “Шчучын – здаровы горад”. Згодна з гэтай ініцыятывай распрацаваны план мерапрыемстваў, у якіх мы бярэм актыўны ўдзел. Часцей за ўсё мерапрыемствы прымеркаваны да нейкіх міжнародных дат, як, напрыклад, сённяшні Сусветны дзень без аўтамабіля, ці Сусветны дзень без тытуню, Сусветны дзень донара крыві.
Як адзначае Юлія Вароніна, адзін з асноўных кірункаў дзейнасці Чырвонага Крыжа – служба сёстраў міласэрнасці. Медсёстры абслугоўваюць маларухомых, адзінокіх людзей, інвалідаў, аказваюць медыцынскія паслугі, дапамагаюць прыбраць у доме, прыгатаваць паесці.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.