Дароўны сертыфікат на 500 еўра. Даведаліся, для каго зроблены падарункі ад князёў Чацвярцінскіх

На гэтым тыдні старшыня раённай арганізацыі ГА БТЧК Галіна Станіславаўна Мацюк даставіла ў гарадскі пасёлак Жалудок гуманітарную дапамогу. Дароўны сертыфікат на суму 500 еўра быў атрыманы па лініі Чырвонага Крыжа ад польскага фонда “Праметэй для пажылых людзей” імя Марыі і Уладзіміра Чацвярцінскіх. Грошы прызначаліся на закупку і перадачу пацыентам сястрынскага аддзялення Жалудоцкай гарбальніцы, дзе знаходзяцца адзінокія нямоглыя людзі, сродкаў гігіены. Прыгожыя лазневыя рушнікі, сурвэткі, шампуні і многае іншае павінны парадаваць старэнькіх.

 


 

-- Род князёў Чацвярцінскіх здавён быў апекуном нашага пасёлка, -- гаворыць галоўны ўрач гарбальніцы Яўгенія Адольфаўна Астаповіч. -- У складаныя 90-я з гуманітарнай дапамогай сюды пастаянна прыязджала з Бельгіі ўнучка князя Уладзіміра Чацвярцінскага --  Ізабэла, дарэчы, дама Мальтыйскага ордэна, які славіцца сваёй гуманітарнай дзейнасцю. А гэтым летам у Жалудок завітала цэлая дэлегацыя прадстаўнікоў знакамітага роду. У холе нашай бальніцы мы разам адкрылі мемарыяльны куток у гонар княгіні Ізабэлы. Тады госці наведалі палаты пацыентаў, пагутарылі з насельнікамі аддзялення сястрынскага догляду. Так завязалася супрацоўніцтва. У далейшых планах фонда прафінансаваць устаноўку ліфта ў бальніцы, каб была магчымасць без цяжкасці для пажылых людзей выводзіць іх на прагулку на свежае паветра.

 

 

Падарункі з княжацкага фонду прымалі для сваіх падапечных самі медработнікі. У бальніцы зараз строгі каранцін: людзей сталага веку тут аберагаюць з асаблівым клопатам.

-- Спадзяемся, што каранцін – мера часовая. А ўвогуле нашы бабулі і дзядулі не абдзелены ўвагай. Частыя госці ў іх работнікі культуры з цікавымі канцэртнымі праграмамі, школьнікі-валанцёры, шэфы з вытворчасці і, безумоўна, актывісты раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа, -- сцвярджаюць медработнікі.

Кіраўнік калектыву жалудоцкіх медработнікаў Я.А. Астаповіч накіравала ліст падзякі ў адрас замежных спонсараў.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!