Добрай працы – добрыя вынікі. Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці падводзім вынікі года

 

Асноўныя сельскагаспадарчыя работы ў нашым раёне паспяхова скончыліся. Нягледзячы на не самыя спрыяльныя ўмовы надвор’я, гаспадаркі Шчучыншчыны сёлета сабралі добры ўраджай і з годнымі паказчыкамі завяршаюць гэты год. Цяпер самы час падвесці вынікі работы аграрыяў.  Аб актуальных дасягненнях і перспектывах сельскай гаспадаркі нашага рэгіёна нам паведаміў першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Шчучынскага райвыканкама Ігар Аверка.

 

Сёлета перад аграрыямі Шчучыншчыны стаяла задача ўбраць збожжавыя і зернебабовыя культуры без уліку кукурузы на плошчы 22098 гектараў. Таксама 6201 гектар быў выдзелены пад азімы і яравы рапс.

 

 

– Валавы збор збожжа без уліку кукурузы склаў больш за 122000 тон, – адзначае Ігар Аверка. – Пры сярэдняй ураджайнасці 55,3 цэнтнера з гектара. Што тычыцца валавога намалоту рапсу, то ён склаў 25397 тон. Такога ўраджаю рапсу ў гісторыі нашага раёна яшчэ не было. З кожнага гектара быў атрыманы 41 цэнтнер масланасення. Гэта выдатныя лічбы, мы можам ганарыцца такім вынікам.

 

 

Сумленная праца аграрыяў Шчучыншчыны ў гэтым годзе была адзначана на абласным узроўні. Раён заняў 3-е месца па выніках спаборніцтва на ўборцы збожжавых культур. Сярод перадавікоў варта адзначыць такія гаспадаркі, як СВУ “Пратасаўшчына”, дзе сёлета атрымалі ўраджайнасць збожжа больш за 110,9 цэнтнера з гектара. Высокія лічбы паказалі аграрыі з ААТ “Дэмбрава” (72,1 цэнтнера з гектара), добра завяршылі ўборку ААТ “Васілішкі” і філіял “Жалудоцкі агракомплекс”. Яны атрымалі практычна 60 цэнтнераў з гектара. Па валавым зборы збожжа безумоўным лідарам у нашым раёне з’яўляецца ААТ “Васілішкі” (37199 тон), на другім месцы ААТ “Дэмбрава” (19101 тона).

 

 

 

 

Таксама добра ўрадзіла бульба. Сёлета нашымі гаспадаркамі было пасаджана 402 гектары “другога хлеба”. Валавы збор культуры склаў больш за 15000 тон, пры ўраджайнасці 379 цэнтнераў з гектара.

 

 

– Выдатныя вынікі сёлета і ў жывёлагадоўлі. Ужо некалькі год запар наш раён займае трэцяе месца ў вобласці па надоях малака на  карову. За студзень – кастрычнік 2023 года сярэдні надой склаў 6794 кілаграмы. Валавая вытворчасць малака дасягнула 129713 тон – гэта практычна 109% да ўзроўню 2022 года. Сортам “экстра” рэалізавана 82,6% малака, – расказвае Ігар Уладзіміравіч.

 

 

Буйной рагатай жывёлы ў раёне 69449 галоў, што на 1926 адзінак больш, чым у мінулым годзе. Малочных кароў у гаспадарках Шчучыншчыны налічваецца 20096. Пагалоўе свіней складае больш за 105000 адзінак. Таксама маецца 149 тысяч галоў птушкі.

 

 

У раёне функцыянуюць 57 фермаў, якія займаюцца вырошчваннем і адкормам буйной рагатай жывёлы. У тым ліку працуюць 22 сучасныя малочнатаварныя комплексы і 6 малочнатаварных фермаў з малакаправодам.

 

Сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе буйной рагатай жывёлы па раёне складае 754 грамы (плюс 14 грамаў да ўзроўню 2022 года). Вырашчана буйной рагатай жывёлы за 9 месяцаў 10344 тоны (104,2% да 2022 года).

 

 

Варта адзначыць, што нашым раёнам вырабляецца больш за 10% сельскагаспадарчай прадукцыі ў Гродзенскай вобласці. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі за 9 месяцаў 2023 года склала 283 млн рублёў (102,3% да лічбаў 2022 года).

 

 

Як адзначыў Ігар Аверка, у раёне маюцца ўсе ўмовы для павелічэння ўраджаю ў наступным годзе. Сёлета ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны гаспадаркі правялі сяўбу азімых збожжавых культур, іх плошча склала 17280 гектараў, гэта практычна 64% у структуры пасяўных плошчаў раёна. Таксама на наступны год былі павялічаны плошчы пад азімы рапс.

 

 

Чакаецца павелічэнне вынікаў і ў галіне жывёлагадоўлі. Так, на наступны год у нашым раёне маюцца планы па будаўніцтве дзвюх малочнатаварных фермаў у ААТ “Дэмбрава” і саўгасе “Вялікае Мажэйкава”.

 

 

– Падводзячы вынікі сельскагаспадарчага сезона, скажу, што аграрыі Шчучыншчыны паказалі годны вынік, – падсумаваў Ігар Аверка. – Хачу выказаць вялікую падзяку ўсім працоўным калектывам і кіраўнікам гаспадарак, а таксама прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці за зладжаную і добрасумленную працу. Напярэдадні прафесійнага свята жадаю вам моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту і жыццёвага поспеху.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!