Даведаліся, якія культуры вырошчваюць у Гродзенскім занальным інстытуце раслінаводства НАН Беларусі
Аграрыі Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства НАН Беларусі першыя ў Беларусі пачалі садзіць новы сорт бульбы польскай селекцыі “авацыя”. Для гэтага задзейнічалі ўнікальную двухрадную нямецкую саджалку “Grimme”, аналагаў якой у раёне няма.
– “Авацыя” – высокаўраджайны сталовы сорт з выдатнымі смакавымі ўласцівасцямі, – тлумачыць загадчыца аддзела бульбаводства занальнага інстытута Ніна Аляксандраўна Хох. – Лупіны клубняў гладкія, вочкі дробныя, мякаць жоўтая. Самі расліны вызначаюцца высокай устойлівасцю да хвароб і засухі. Садзім гэты сорт бульбы на палетках, дзе была праведзена сепарацыя ад камення. Прымяняем нямецка-галандскую тэхналогію: трактар у счэпцы з новай саджалкай “Grimme” дзеліць пралёт на дзве баразны на адлегласці 75 сантыметраў адна ад адной (звычайна гэта 70 сантыметраў) і змяшчае насенныя клубні на вяршыню грэбня. Такім чынам бульба не гніе падчас ліўняў, бо тут не застойваецца вада і не перасыхае ў спёку, бо паміж барознамі гуляе вецер.
Акрамя “авацыі”, аграрыі занальнага інстытута актыўна займаюцца развядзеннем айчыннага сталовага сорту бульбы “першацвет”, які характарызуецца раннім клубнеўтварэннем і высокай ураджайнасцю. Лупіны клубняў чырвоныя, сетчатыя, а мякаць жоўтая.
– Пад “другі хлеб” у нас адведзена звыш 110 гектараў, – зазначае дырэктар Гродзенскага занальнага інстытута НАН Беларусі Сяргей Мікалаевіч Шэўчык. – Штогод вядзём насенневодства па 10-15 сартам бульбы. Сельскагаспадарчым арганізацыям і фермерскім гаспадаркам рэалізоўваем 12 сартоў бульбы. Сярод іх “скарб”, “брыз”, “журавінка”, “уладар”, “Янка”, “вектар” і іншыя. Асаблівым попытам карыстаецца сорт “Лель”, які адрозніваецца высокім выхадам таварных клубняў. Акрамя таго, у апошні час вельмі запатрабаваны тэхнічныя сарты бульбы. Таму мы аднавілі насенневодства сартоў “здабытак” і “выток”, якія могуць назапашваць звыш 20% крухмалу. Праблем са збытам прадукцыі ў нас няма, бо можам адгружаць буйныя партыі: аптовым пакупнікам не трэба купляць тавар у розных месцах, што вельмі зручна. Аднак з-за ўзросшых вытворчых аб’ёмаў наша сховішча ўжо не здольна цалкам змясціць сабраны ўраджай, таму ў будучым плануем пашыраць яго плошчу.
У занальным інстытуце вялікую ўвагу надаюць не толькі бульбе, але і яблыневаму саду, які тут раскінуўся на плошчы 53 гектары. 10 гектараў займаюць маладзенькія яблынькі, пасаджаныя летась.
– Пры закладцы маладога сада зрабілі стаўку на саджанцы новай польскай селекцыі гатунку “рэд”, плады якіх чырвоныя, з цвёрдай лупінай, таму маюць выдатны таварны від, – дзеліцца вядучы аграном аддзела садаводства Святлана Станіславаўна Жук. – Пасадзілі сарты “чэмпіён”, “айдарэд” і “найдарэд” на карлікавых падвоях. Выкарыстоўваем інтэнсіўную сістэму пасадкі: звычайна садзяць 800-1100 дрэў на гектар, а ў нас іх налічваецца 1900-2300 на гектар. Усе саджанцы падвязаны да бамбуку і падрэзаны такім чынам, што яблыкі будуць расці ўздоўж ствала, як ягады абляпіхі. Сёлета плануем атрымаць тут не менш за 25 тон салодкага ўраджаю з кожнага гектара. Да восені засадзім маладымі яблынькамі яшчэ 6 гектараў: неабходныя саджанцы ўжо закупілі і прывезлі з Польшчы. Усяго мы вырошчваем 16 сартоў яблынь: “Хані Крысп”, “голдэн”, “глостэр”, “Алеся”, “дыямант” і іншыя. Збіраем у сярэднім па 40 тон яблыкаў з гектара, а ад асобных сартоў – да 80 тон. Віды на ўраджай у нас у бягучым сезоне сур’ёзныя, але існуе рызыка вясенніх замаразкаў. Ды і недахоп вільгаці адчуваецца, таму паліваем сад пры дапамозе трактара з цыстэрнай: такім чынам пад кожнае дрэўца трапляе 8-10 літраў вады.
Хутка ў занальным інстытуце запрацуе свой магазін, дзе можна будзе набыць усю прадукцыю, якую вырошчваюць навукоўцы.
– Мы рэалізуем насельніцтву саджанцы грушы, чарэшні, яблыні, вішні, слівы, буржамелю, буякоў і ажыны, – гаворыць выконваючая абавязкі загадчыка аддзела садаводства Інна Аляксандраўна Сінкевіч. – Таксама прадаём расаду перцу (9 сартоў), баклажана (2 сарты), кавуна і дыні (па 3 сарты). У нас можна купіць розныя кветкі: бягонію, сурфінію, пятунню, сальвінію, цынерарыю, агератуму і аксаміткі. Упершыню рыхтуем да продажу дэкаратыўныя расліны: саджанцы чаромхі, бэзу, туі, ядлоўцу, ёлкі і сасны. Калі вы любіце займацца садаводствам і агародніцтвам – абавязкова прыходзьце да нас за пакупкамі!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.