Дабрыня, яна ад веку – упрыгажэнне чалавека. Даведайцеся, ці ўласціва гэта рыса характару жыхарам раёна, якія носяць прозвішчы Дабрылка і Добрук

 

Добрыя, працавітыя, гасцінныя, сціплыя, таленавітыя… Метавіта такія якасці складаюць профіль характару людзей, якія жывуць на Шчучыншчыне. А сёння мы вырашылі пазнаёміць вас, паважаныя чытачы, з землякамі, чые прозвішчы сугучныя ці не з самай пазітыўнай рысай – дабрынёй. У Год народнага адзінства яна нам вельмі патрэбна.

 

Яніна Добрук: “Маю шчасце ў дзецях і ўнуках”

 

У тэлефоннай трубцы чуецца прыемны голас, і з першых хвілін адчуваеш да субяседніцы давер, быццам мы з Янінай Вацлаваўнай Добрук з вёскі Залесна знаёмы даўно. Цікаўлюся ў жанчыны, што добрае сустрэлася на яе жыццёвым шляху за восем дзясяткаў гадоў.

 

– Выгадавала чацвёра дзяцей, маю пяцёра ўнукаў, дачакалася праўнучка, – расказвае мая новая знаёмая. І з цеплынёй дапаўняе: – Праўнучку Марэку другі годзік ідзе, такі пацешны хопчык. Я тупаю, і ён як салдацік паўтарае. Паказала малому партрэт майго мужа, а яго прадзеда Міхаіла Генрыхавіча, дык адразу запомніў…
Міхаіла Генрыхавіча Добрука, на жаль, ужо даўно няма ў зямным жыцці. Але памяць аб ім жыве ў сэрцах вялікай радні. Мае працяг і яго прозвішча з адценнем дабрыні – праз сыноў Андрэя і Анатолія і ўнукаў.

 

Сама ж Яніна Вацлаваўна з Тумашаўцаў, з роду Міцкевічаў. Пасля сямігодкі адразу пайшла працаваць у калгас. “Старшыня Ганна Назарава ўзяла мяне ў кантору рахункаводам, – успамінае жанчына. – А потым накіравала на вучобу ў сярэднюю партыйную школу ў Магілёве. Пасля яе заканчэння ў 1963 годзе я прыехала ў Каменку дыпламаваным эканамістам. У гэтых мясцінах і лёс свой сустрэла – Мішу Добрука. Хутка пасля таго, як мы з ім пажаніліся, насупраць былой бальніцы будавалі домік для работнікаў, нам сказалі выбраць кватэру, але мой Міша заахвоціўся мець уласную сядзібу. Узвялі зруб дома, меліся перавезці яго ў Масты, але, так выйшла, потым паставілі яго ў Залесна. Лічы, усё сам гаспадар мой рабіў. Вокны заказалі ў чужых майстроў, дык і тыя на свой манер перарабіў”.

 

 Вёска Залесна адносілася тады да калгаса “Запаветы Ільіча”, які потым аб’ядналі з саўгасам “Пратасаўшчына”. Яніна Вацлаваўна так і засталася працаваць на мясцовым участку бухгалтарам. Яе прафесійны стаж – 46 год!

 

Першая дачка ў сям’і Яніны і Міхаіла Добрукаў нарадзілася ў 1966 годзе. Праз год з’явіўся на свет сын, з невялікім перапынкам – яшчэ двое дзетак. Часу расседжвацца ў дэкрэце не было, зазначае жанчына: “Давалі 56 дзён пасляродавых, і зноў за працу”. Былі ў жыцці і радасці, і выпрабаванні. Цяжка хварэлі дзеці, і на долю іх матулі прыйшлося шмат перажыванняў. Але, дзякаваць Богу, чорная паласа змянілася на светлую. Дочкі і сыны выраслі, знайшлі сваё месца ў жыцці, стварылі сем’і. Трое жывуць у Гродне, а малодшая Антаніна – ажно ў Італіі.

 

– Старэйшая дачка Алена некалі скончыла вучылішча і больш за 30 год працуе ў аб’яднанні “Хімвалакно”, – расказвае жанчына. – Сын Андрэй – вадзіцель, заняты ў энергетыцы, аб’ездзіў усю Беларусь. Другі сын –Анатолій – вывучыўся на машыніста цеплавоза, марыў вадзіць пасажырскія цягнікі, але лёс распарадзіўся інакш: крыху працаваў на чыгунцы, займаўся прадпрымальніцтвам, а цяпер ён вадзіцель. Малодшая Тоня – педагог па прафесіі. Але 20 год таму паехала ў Італію, каб свет паглядзець і адпачыць, ды і засталася. Тады якраз бацька памёр – дапамогі тут не было адкуль чакаць, вось і прыняла такое рашэнне. Сустрэла там свайго Лучана. Зяць з Тоняй неяк прыязджалі ў Залесна. І ён спадабаўся, і яму тут спадабалася. Калі ж цяпер тэлефануе мне, здароўкаецца па-свойму, а я ў адказ па-свойму.

 

Цяпер стан здароўя не дазваляе Яніне Вацлаваўне Добрук завіхацца па гаспадарцы. Дапамагаюць родныя, а таксама сацработнік. Але і гаспадыня зусім без справы сядзець не можа. “Шкарпэтак шмат звязала”, – расказвае. Рукі жанчыны заняты, а думкі – пра ўнукаў, якія ў маленстве лета бавілі ў Залесна. Надзя, Арцём, Каця, Алег, Эвеліна – усе ўжо дарослыя. Ёсць у родзе і свой інжынер-тэхнолаг, і ўрач, і повар-кандытар… Калі збяруцца разам, успамінаюць, як прасілі бабулю прыгатаваць бульбу фры, а яна ім вясковую, яшчэ смачнейшую страву на стол падала. Елі і дапытваліся, як такая смаката атрымалася… “Прашу ім толькі здароўя і каб дружныя былі”, – дзеліцца Яніна Вацлаваўна. Што ж, сапраўды добрыя і светлыя пажаданні!

 

Ала Дабрылка: “Мае душа і адносіны да жыцця – у маіх вышыўках”

 

Мае героі часта кажуць: “Жывём як усе, нічога цікавага… Але, як у той песні: “Подойди-ка с ласкою – откроешь клад, какого не видал”. Так выйшла і на гэты раз. Ала Дабрылка з Вялікага Мажэйкава шчыра падзялілася, як склалася яе і мужа жыццё, і прывабіла сваёй гісторыяй.

 

– Я з мясцовых, у дзявоцтве насіла прозвішча Астаповіч. Вывучылася ў Віцебску на швачку, а на працу патрапіла ў Хадзілоні, у мясцовую “бытоўку”, дзе загадчыцай была жонка брата майго будучага мужа. У іх я і кватаравала, – дзеліцца Ала Іванаўна. – Аднойчы туды прыехаў Леанард...

 

Радня Лёні (так па-свойску называлі хлопца між сабой блізкія) адразу стала прарочыць яго саюз з абаяльнай Алачкай, але пара іх словы ўсур’ёз не ўспрымала. Аднак з лёсам не паспрачаешся: пажаніліся і пайшлі па жыцці разам. І даўжыня гэтай агульнай дарогі – амаль пяцьдзясят год! Яна аказалася роўная і з выбоінамі, але калі паміж людзьмі лад і павага, помняцца толькі шчаслівыя імгненні. Дарэчы, быў у жыцці сям’і і нечаканы паварот. “Брат мужа пераехаў на Украіну, а за ім і мы, – расказвае Ала Іванаўна. – 24 гады на Херсоншчыне пражылі”.

 

 

Жанчына прыгадвае, як пераняла ад тамтэйшых людзей майстэрства вышыўкі. Адна суседка вышывала, другая… І Ала паспрабавала. Атрымалася. Ды так добра, што на традыцыйнай выставе, арганізаванай у іх сяле, яе работа з выявай Маці Божай была прызнана лепшай. Нават самую таленавітую мясцовую майстрыху абышла беларуска ў майстэрстве. “Я за гэта тады сервіз чайны атрымала”, – усміхаецца майстрыха.

 

Ала Дабрылка і да гэтага часу не пакідае сваё хобі. Вышывае для сябе і дачкі, добрым людзям у падарунак, сяброўкам на імяніны. Але найбольш любіць вышываць лікі святых. Атрымліваецца цудоўна – вачэй не адвесці! Асобныя яе вышыўкі-іконы захоўваюцца ў храмах, ёсць і ў прыватных калекцыях святароў. Цяпер для сваіх рукатворных твораў таленавітая жанчына выкарыстоўвае не толькі ніткі, але і навамодныя стразы. Так, ікона Маці Божай Вастрабрамскай аздоблена менавіта імі.

 

 А ў Леанарда Міхайлавіча ўсё больш мужчынскія клопаты. Ён ужо на заслужаным адпачынку. З маладосці і да нядаўняга часу гэты чалавек працаваў вадзіцелем на грузавых аўтамабілях. І на Херсоншчыне, і потым тут, на малой радзіме жонкі, куды сям’я ў 2003 годзе вярнулася па сямейных абставінах. У саўгасе “Вялікае Мажэйкава” Дабрылку цанілі і паважалі: яго партрэт быў і на Дошцы гонару, і ў нашай раёнцы. Не нахваліцца на мужа і Ала Іванаўна: “Я за ім як за каменнай сцяной! Добры, клапатлівы, гаспадарскі. Адным словам, мой чалавек! Мы з ім і павянчаліся ўжо ў сталыя гады – калі зразумелі, што многа значым адзін для аднаго”.
І яшчэ адзін штрых да партрэта сям’і Дабрылкаў. Перад вяртаннем на радзіму Леанард і Ала сабралі сваіх украінскіх сяброў. У знак дружбы яны падаравалі беларусам дэкаратыўныя драўляную булаву і трубку для курэння. Гэтыя сімвалы цяпер беражліва захоўваюццца. Не парываюцца і сувязі паміж людзьмі: мажэйкаўскія Дабрылкі штогод ездзяць у дарагія сэрцу мясціны.

 

Мы доўга гутарылі з Алай Іванаўнай. Яна расказала пра свой працоўны шлях, парадавала сваёй адкрытасцю і здзівіла… гісторыяй дома, у якім цяпер жыве сям’я: “Будынку гэтаму больш за 120 год, ён з калонамі і балконам. Як расказваў сусед, на гэты балкон некалі выходзіў граць на скрыпцы яго былы гаспадар, а вясковая дзятва слухала... Потым тут была школа, дзе я крыху і вучылася. Мой клас знаходзіўся якраз там, дзе цяпер у нас святліца”. А яшчэ Ала Іванаўна пашкадавала, што зімой нельга пабачыць непаўторную прыгажосць, якую стварае ля дома яе дачка Алеся. Дом проста патанае ў кветках. Не бяда, гаспадынька: будзе нагода для новай сустрэчы.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота з сямейных архіваў.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!