Царэвіч. Яго прыгожае прозвішча адпавядала прыгажосці душы

 

Неяк так ужо павялося, што напярэдадні нашага прафесійнага свята абавязкова ўзгадваюцца тыя, з кім давялося працаваць. Пра многіх з калег, якія ў розныя гады стваралі шчучынскую раёнку, мы ўжо расказвалі новым пакаленням чытачоў. А вось імя колішняга намесніка рэдактара газеты “Савецкая вёска” Уладзіміра Іосіфавіча Царэвіча пэўны час заставалася ў цяні.

 

Думаецца, успаміны нашых старэйшых таварышаў па пяру дапоўняць калектыўны партрэт любімай раёнкі, дзе кожны з супрацоўнікаў – асоба. Непаўторная, каларытная, творчая…

 

Менавіта такім быў дый застаецца ў памяці журналіст Уладзімір Царэвіч. Маё знаёмства з ім адбылося ў 1978 годзе, калі мяне, зусім юнай, залічылі ў штат рэдакцыі ў якасці карэспандэнта. За гэткі высокі давер бязмерна была ўдзячна свайму першаму рэдактару – Абраму Данілавічу Змудзяку. А вось з ягоным намеснікам асаблівых стасункаў мець не даводзілася, але... Добра запомнілася адно з рэдакцыйных заданняў, і найперш – мудрым урокам, што зялёнай пачаткоўцы тактоўна даў менавіта У.І. Царэвіч.

 

У той час у школьнікаў карысталася папулярнасцю газетная падборка (як цяпер бы амбіцыйна сказалі – праект!) “Піянерская зорка”. І вучні, і піянерважатыя ахвотна дасылалі ў рэдакцыю пісьмы аб цікавых мерапрыемствах, як гарохам сыпалі прозвішчамі самых актыўных ды ініцыятыўных, відаць, для яшчэ большага іх заахвочвання. Мне ж належала літаратурна апрацаваць і падрыхтаваць да друку гэтыя допісы. Учарашняя школьніца, я і сама мала чым адрознівалася ад тых юнкораў, аднак старалася і аўтарскі стыль захаваць, і нейкую сваю творчую іскрынку ўнесці. Адно было дрэнна: не заўжды разбірала почырк далёкіх ад каліграфіі рукапісаў. Не доўга думаючы, надрукавала так, як прачытала. Выбух адбыўся адразу пасля выхаду газеты. Акурат у абед, калі паштальёны даставілі ў рэгіёны перыёдыку, у рэдакцыі пачалі разрывацца тэлефоны. Адказваць на званкі давялося выключна намесніку рэдактара У.І. Царэвічу, які ў той дзень з-за занятасці не пайшоў палуднаваць. Прынцыповыя чытачы абураліся “паперакручванымі” прозвішчамі ў заметках злашчаснай “Піянерскай зоркі”.

 

Размова ў нас з Уладзімірам Іосіфавічам атрымалася такая запамінальная, што на ўсё жыццё. Ён не крычаў, нават не павышаў голас, не быў перапоўнены злосцю. Ён – вучыў: растлумачыў раз і назаўсёды, наколькі важна журналісту пісаць дакладна і верагодна, правяраць і пераправяраць кожнае слова, не гаворачы ўжо аб прозвішчах людзей і фактах. “Не будзе дакладнасці ў адным – табе ўвогуле не павераць ні ў чым!” – гэтая гутарка адбывалася без сведак, і болей ніхто, нават галоўны рэдактар, аб ёй не даведаўся. Высакародства Уладзіміра Іосіфавіча мяне ўразіла, а яго наказ стаў вельмі важным прафесійным урокам.

 

Тое, што сам ён быў прафесіяналам самага высокага кшталту, не выклікае сумнення. Памятаю, як на рэгіянальных лятучках (іх на журналісцкім слэнгу называлі куставымі), дзе калегі з іншых газет рабілі агляд друку – прынцыповы і далёка не камплементарны – заўжды адзначалі высокі ўзровень матэрыялаў па ваенна-патрыятычнай тэматыцы на старонках “Савецкай вёскі”. Гэту тэму асвятляў Уладзімір Царэвіч, як і партыйнае ды грамадска-палітычнае жыццё. Яго дабротная публіцыстыка адпавядала самым высокім крытэрыям таго часу, а нарысы і замалёўкі аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны, іх падрабязныя і эмацыянальныя ўспаміны, запісаныя нераўнадушным журналістам, і сёння надзвычай актуальныя – як адметны радок у летапісе нашай гераічнай гісторыі. Гартаю пажоўклыя старонкі газетных падшывак: імя У. Царэвіч амаль у кожным нумары. Напісанае застаецца!

 

– Я памятаю, як у 1969 годзе Уладзімір Іосіфавіч прыехаў у нашу рэдакцыю, – узгадвае былы фотакарэспандэнт шчучынскай раённай газеты Сцяпан Вацлававіч Яхімчык. – У тыя гады дужа практыкавалася “ракіроўка кадраў”. Нашага намесніка рэдактара Аляксандра Сыча тады накіравалі ўзначальваць “Астравецкую праўду”, а астравецкага рэдактара – Уладзіміра Царэвіча – прыслалі на яго месца ў Шчучын. Калектыў у нас быў цудоўны, і мы сустрэлі новага “зама” вельмі добразычліва. Як паказалі час і жыццё, гэта быў вельмі добры і прыстойны чалавек, надзейны таварыш, выдатны журналіст. Ён не шкадаваў сябе, быў вельмі простым і даступным для людзей, дапамагаў у вырашэнні праблем, часта сам садзіўся на рэдакцыйны матацыкл і калясіў па раёне, збіраючы інфармацыю для будучых публікацый. Так склалася, што ў апошняй для Уладзіміра Іосіфавіча камандзіроўцы па Першамайскім сельсавеце мы працавалі разам. Ён быў вясёлым (увогуле яго адрознівала неверагоднае пачуццё гумару!), зацікаўлена гутарыў з героямі будучых матэрыялаў, здавалася, да краёў напоўніў фактурай свой журналісцкі блакнот, а праз ноч яго не стала…

 

Так, недаравальна рана У.І. Царэвіч пакінуў зямное жыццё. Яму было ўсяго 49. У лютым 1981 года мы праводзілі свайго таварыша ў апошні шлях не проста ўсёй рэдакцыяй, а, лічы, усім горадам. Сёння ў Шчучыне жывуць дзеці Уладзіміра Іосіфавіча – сын Віктар і дачка Людміла, а малодшая – Алена – у Ражанцы. Радавод Царэвічаў працягваюць сямёра ўнукаў. Жыццё працягваецца…

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!