Бронза рэспублікі ў “Арлянят”. Хакеісты са Шчучынскага раёна занялі трэцяе месца на рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі “Залатая шайба”

 

Нежартоўныя баталіі разгарнуліся на лядовай пляцоўцы “Чыжоўка-Арэны” ў Мінску, дзе на працягу апошніх трох дзён праходзілі рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Беларусі.

 

Сярод каманд старэйшай узроставай групы барацьбу за трафей вялі хакеісты са Шчучынскага раёна – “Арляняты” з Орлі.

 

За першыя два дні турніру нашы хлопцы змаглі перамагчы прадстаўнікоў Мінскай вобласці з лікам 5:3 і ўзялі верх над віцебскімі аднагодкамі з лікам 9:3.

 

У фінальны дзень спаборніцтваў хакеістам са Шчучынскага раёна дастаўся найгоршы з магчымых раскладаў матчаў. Нашы хлопцы гулялі дзве гульні ў той час, як астатнія прэтэндэнты на прызавыя месцы правялі па адной. Нягледзячы на гэта, “Арляняты” годна прадставілі наш раён і вобласць, згуляўшы ў нічыю з камандай з Магілёўскай вобласці. Аднак у вырашальнай гульні орлеўскія спартсмены саступілі камандзе з Гомеля.

 

Такім чынам, па выніку рэспубліканскіх спаборніцтваў першае месца забралі гомельскія спартсмены, другое – магілёўскія. Орлеўскія хакеісты занялі бронзавую прыступку п’едэстала і ўвайшлі ў тройку лепшых каманд краіны. Віншуем “Арлянят” з поспехам!

 

 

– Хлопцы – малайцы! – ацаніў гульню сваіх падначаленых трэнер “Арлянят”, дырэктар Орлеўскай СШ імя С.П. Шупені Уладзімір Хелскі. – Шчыры дзякуй нашай групе падтрымкі, якая налічвала ажно пяцьдзясят чалавек і дапамагала нам у Мінску. Таксама хачу выказаць вялікую падзяку кіраўніцтву раёна за выдзелены транспарт і арганізацыю паездкі нашай каманды  разам з заўзятарамі.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!