Хакейная “класіка” вярнулася. У Орлі прайшоў традыцыйны хакейны турнір на адкрытым паветры (+ВІДЭА)

 

Гарачыя лядовыя баталіі панавалі гэтымі выхаднымі на школьнай хакейнай пляцоўцы ў Орлі. Менавіта тут прайшоў адкрыты раённы турнір “Залатая шайба” імя Сцяпана Шупені.

 

Сёлета за галоўны трафей спаборніцтваў змагаліся два склады мясцовых “Арлянят” і гасцявыя каманды з Гродзенскага і Лідскага раёнаў. Перад пачаткам матчаў удзельнікаў турніру прывітаў дырэктар Орлеўскай СШ імя С.П. Шупені, нязменны трэнер каманды “Арляняты” Уладзімір Хелскі:

 

– Вітаю заўзятараў і хакеістаў. Шчыра дзякую нашым гасцям – камандам з Лідскага і Гродзенскага раёнаў за візіт. Таксама хачу выказаць вялікую падзяку ўсёй нашай школе, асабліва яе работнікам, якія старанна падрыхтавалі да спаборніцтваў хакейную пляцоўку. Прысутным хачу пажадаць здароўя і любіць хакей. А камандам – добрых вынікаў!

 

 

Пра тое, які від спорту лічыцца галоўным у Орлі, думаць не прыходзіцца, калі чуеш, як мясцовыя жыхары заўзеюць за сваю хакейную каманду. Падтрымаць “Арлянят” прыйшлі ўсе пакаленні вяскоўцаў: ад школьнікаў да людзей сталага ўзросту. Вось што значыць народная каманда.

 

Турнір распачаўся матчам каманд “Арляняты-1” і “Ліда”. З самага пачатку гульні ініцыятывай у гэтым супрацьстаянні авалодалі хакеісты са Шчучынскага раёна. Пад вясёлы гоман родных трыбун яны вырашылі лёс сустрэчы яшчэ ў першым перыядзе. Выніковы лік сустрэчы – 4:1 на карысць гаспадароў.

 

 

У другім матчы сустрэліся прадстаўнікі Гродзенскага раёна і малодшае пакаленне орлеўскіх хакеістаў “Арляняты-2”. Нашы імкліва атакавалі, але варатар гродзенцаў раз за разам парыраваў перспектыўныя падыходы саперніка. У рэшце рэшт “арляняты” змаглі забіць і сыходзілі на перапынак з перавагай. Аднак з пачаткам другой паловы сустрэчы госці адразу ж контратакавалі і хутка зраўнялі лік на табло. Вядома, што такі вынік не задавольваў гаспадароў. Таму “арляняты” пачалі новую хвалю атак. Хуткія перадачы з флангаў у цэнтр дазволілі орлеўскім хакеістам спачатку выйсці наперад, а потым яшчэ больш узмацніць сваю перавагу. Матч скончыўся з лікам 3:1 перамогай каманды “Арляняты-2”.

 

 

Далей удзельнікі турніру згулялі паміж сабой. Госці так і не змаглі перамагчы ні адну з орлеўскіх каманд. І па выніках усіх сустрэч прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: бронзу спаборніцтваў забралі госці з Ліды, срэбныя медалі былі ў “Арлянят-2”, а пераможцамі сталі “Арляняты-1”.

 

 

Сапраўдны хакейны майстар-клас паказалі выпускнікі Орлеўскай школы. Яны з задавальненнем прынялі запрашэнне паўдзельнічаць у турніры, каб падцягнуць узровень сваіх малодшых землякоў, якія сёлета будуць браць удзел у рэспубліканскіх спаборніцтвах “Залатая шайба”. Таму жадаем поспеху нашым землякам!

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!