Аліса стварае цуды. Снежныя

 

Да чаго ж засумавалі без сапраўднай зімы і дарослыя, і дзеці! І як толькі студзень зацярушыў мяккім сняжком, хтосьці адразу паімчаў на “банныя горы”, а хтосьці паспрабаваў сябе ў ролі скульптара.

 

– Спачатку я зляпіла перад нашай шматпавярхоўкай на вуліцы Астроўскага Снегавіка і вясёлага сабачку Палкана, сфатаграфавала і выслала карцінку на вайбер сваёй любімай бабулі. Ёй так спадабалася мая работа, што я паабяцала ў выхадныя прыехаць да яе ў Буйвічы і таксама ўпрыгожыць двор, – гаворыць Аліса Маркевіч, якая вучыцца ў 5 “А” класе СШ №2 г. Шчучына, займаецца вакалам у Палацы творчасці дзяцей і моладзі, спрабуе сябе ў паэзіі і выяўленчым мастацтве. – А вось каб паставіць адзін агромністы снежны шар на другі, я паклікала на дапамогу бабулю. І нечакана яна таксама загарэлася “снежнай ідэяй”: мы вырашылі вылепіць ката!

 

– Колькі б нам не было гадоў, аднак адгалоскі гарэзлівага дзяцінства жывуць у кожным чалавеку, – смяецца Святлана Комар, якая даўно стала для ўнучкі не проста бабуляй, а сапраўдным сябрам і дарадчыкам. – Я заўсёды хацела ўдасканальваць свае навыкі маляваць і ляпіць, але жыццёвыя абставіны неяк не складваліся. А вось Алісе парэкамендавала паступіць у дзіцячую школу мастацтваў, дзе яна займаецца на мастацкім аддзяленні. Будзем лічыць, што сумесная снежная кампазіцыя – і ёсць замацаванне атрыманых ведаў на практыцы.

 

 Кот Рыбёшкін у гэтага творчага альянсу ўнучкі і бабулі атрымаўся на славу! Яго нават ацаніла рэальная кошка Сіма, выпісваючы вакол снежнага сабрата кругі і працягваючы лапку для знаёмства, чым здорава ўразіла і рассмяшыла гаспадароў крэатыўнага падворка. Як аказалася, аўтары скульптуры маюць намер яшчэ паўдзельнічаць і ў інтэрнэт-конкурсе. Мы шчыра жадаем ім перамогі. А калі ў вас таксама ёсць зімовыя дзівосы на падворку, дасылайце нам свае здымкі і кантакты. Будзем знаёміцца!

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!