Вада без рызыкі для жыцця. Даведаліся, як праходзіць купальны сезон на Шчучыншчыне

 

У Беларусі працягваецца купальны сезон. Летняя спёка спрыяе папулярнасці воднага адпачынку ў нашай краіне,  а дарослыя і дзеці ўсё часцей выбіраюцца на пляжы. Таму “Дзянніца” вырашыла даведацца, як праходзіць купальны сезон на Шчучыншчыне.

 

Сёлета для купання ў нашым раёне дазволена толькі адно месца – гарадское возера ў Шчучыне. Вада тут прайшла праверкі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, а дно было даследавана і ачышчана вадалазамі. Аднак галоўны плюс воднага адпачынку заключаецца ў тым, што там кожны дзень дзяжурыць каманда ратавальнікаў, якія заўсёды прыйдуць на дапамогу ў небяспечных сітуацыях, а такія выпадкі, на жаль, здараюцца.

 

Зусім нядаўна на шчучынскім возеры адбыўся непрыемны інцыдэнт. Дапамога ад ратавальнікаў спатрэбілася 15-ці гадовай дзяўчыне, якая пачала тануць. Падлетку пашанцавала, што яе своечасова заўважыў матрос Віктар Семянцоў, які неадкладна прыйшоў на дапамогу. Пра гэту сітуацыю ратавальнік расказаў нам сам:

 

– У той момант я быў на беразе і ўбачыў, што дзяўчынка пачала махаць рукамі і крычаць. З ёй былі сябры, якія разгубіліся і ніякіх дзеянняў не прымалі. Хутка падбег, кінуўся ў ваду і выцягнуў дзяўчыну. Яна была ў стане шоку, крыху адкашлялася, але хутка адышла. Пульс нармалізаваўся, напаілі яе гарачай гарбатай. Пасля таго як упэўніліся ў яе стане пагутарылі і адпусцілі дахаты.

 

 

– За два гады, што я працую ў Шчучынскім раёне, гэта першае такое небяспечнае здарэнне і, спадзяваемся, апошняе, – расказвае старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі ТВВАД, старшы матрос-ратавальнік Валерый Шаг. – Віктар добра і своечасова спрацаваў, дзейнічаў у адпаведнасці з усімі інструкцыямі. Яго прафесіяналізм дазволіў пазбегнуць трагедыі.

 

Сёлета шчучынскае возера карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод жыхароў. Самыя актыўныя дні выпадаюць на пятніцу і выхадныя. Шчучынцы любяць купацца і прыходзяць на возера цэлымі сем’ямі. Пляжная інфраструктура нармальна дае рады такой колькасці людзей, аднак дадатковая падсыпка пяском пляжу не пашкодзіла б, бо на ім маюцца ўчасткі з цвёрдай глінай.

 

На вялікі жаль з пачатку года ў нашай краіне ад утаплення загінулі 10 непаўналетніх, большасць з іх у перыяд летняга купальнага сезону. Самая частая прычына трагедыі – невыкананне базавых правілаў бяспекі і кепская дысцыпліна на вадаёмах

 

– Большасць небяспечных сітуацый на вадаёмах адбываецца праз банальнае балаўство, – адзначае Валерый Шаг. – Напрыклад, прыходзіць група юнакоў 5-6 чалавек, гуляюць, скачуць адзін на аднаго, падтапляюць. Такія сітуацыі не рэдкасць і на нашым пляжы. Пастаянна сочым за дзецьмі, просім і патрабуем паводзіць сябе нармальна. Калі хто не слухаецца, то выводзім з вады і індывідуальна знаёмім з правіламі.

 

Вядома, што ў дзяцей няма злых намераў, але вада не прабачае памылак, таму падчас знаходжання на вадаёмах важна захоўваць дысцыпліну і прытрымлівацца ўсіх правілаў. Нагадаем асноўныя з іх. Купацца можна толькі ў дазволеных месцах. Перапынак паміж прыёмам ежы і купаннем павінен быць не меншы за гадзіну. Знаходзіцца ў вадзе можна 10-15 хвілін. Нельга ныраць у незнаёмых месцах, катэгарычна забаронена скакаць у ваду з любых узвышшаў. Таксама забаронены гульні на вадзе, падчас якіх трэба тапіць іншых. Нельга ныраць, каб схапіць каго-небудзь за ногі – напалоханы чалавек можа ненаўмысна нанесці траўму жартаўніку. Пасля купання выцірайцеся ручніком насуха і апранайцеся.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!