Канікулы з карысцю для ўласнага бюджэту. У Шчучыне прайшоў моладзевы кірмаш вакансій

 

Як правесці канікулы прадуктыўна і атрымаць першы ў сваім жыцці заробак? Такія пытанні цікавілі школьнікаў падчас моладзевага кірмашу вакансій, які прайшоў сёння на базе ДУК “Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі”.

 

Мерапрыемства праводзіцца ў рамках рэспубліканскага моладзевага кірмашу вакансій і сабрала каля 80 школьнікаў старэйшых класаў са Шчучына. Асноўная задача кірмашу – спрыянне ў працаўладкаванні вучнёўскай моладзі падчас летніх канікул.

 

 

Як адзначыў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Шчучынскага райвыканкама Андрэй Навіцкі, сёлета з дзяржаўнага небюджэтнага фонду выдзелена каля 41000 рублёў для таго, каб стварыць на базе навучальных устаноў раёна вакансіі для школьнікаў.

 

– Разам з тым мае месца і індывідуальнае працаўладкаванне на шэраг прадпрыемстваў нашага раёна, – адзначае Андрэй Навіцкі. – Будзе ажыццяўляцца падвоз, а таксама кантроль за выкананнем нормаў заканадаўства аб працы непаўналетніх. Упэўнены, што сённяшняе мерапрыемства пройдзе з карысцю для ўсіх прысутных, яны змогуць знайсці для сябе аптымальныя вакансіі і ўжо гэтым летам атрымаць, магчыма, першы заробак у жыцці.

 

 

Падрабязней аб асаблівасцях рэгулявання працы непаўналетняй моладзі расказала намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела дзяржаўнай службы занятасці Таццяна Вяжбіцкая:

 

– Грамадзяне Рэспублікі Беларусь з чатырнаццацігадовага ўзросту маюць права на працу, пры згодзе аднаго з законных прадстаўнікоў. З 16 гадоў такое рашэнне школьнікі могуць прыняць самастойна ўжо без удзелу бацькоў. Трэба памятаць, што згодна з заканадаўствам непаўналетніх нельга прыцягваць да працы ў начны час, дзяржаўныя святы і выхадныя дні. Таксама асобы, якія не дасягнулі васямнаццацігадовага ўзросту, не могуць быць задзейнічаны на работах са шкоднымі, альбо небяспечнымі ўмовамі працы.

 

10 арганізацый і ўстаноў раёна прапанавалі каля 110 вакансій для школьнікаў. На канікулах можна будзе папрацаваць у Шчучынскім РУП ЖКГ, Гродзенскім занальным інстытуце раслінаводства НАН Беларусі, СТАА “Клубніка Плантс” і іншых месцах. Падчас кірмашу працадаўцы арганізавалі для дзяўчат і хлопцаў прэзентацыі, а таксама праводзілі індывідуальныя сумоўі. Усе жадаючыя маглі звярнуцца па кансультацыю да спецыялістаў аддзела дзяржаўнай службы занятасці.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!