Алаіза Пашкевіч: таямніца шлюбу, перыпетыі навучання і «вясковая манера»

 

Якія таямніцы захоўваюць архіўныя фонды? Якія, здавалася б, усім вядомыя «факты» не адпавядаюць гістарычнай праўдзе? Што новага і нечаканага можна знайсці пра вядомых персон? Запрашаем у падарожжа па архіве!

 

 

У лютым мінае сто пяць гадоў з дня смерці адной з самых вядомых жанчын Беларусі — нашай слаўнай Цёткі, Алаізы Сцяпанаўны Пашкевіч, паэткі, празаіка, публіцыста, вялікай асветніцы. Першыя біяграфічныя звесткі пра яе з'явіліся ў газеце «Гоман» за 15 лютага 1916 г. у некралогу «Алойзія Пашкевіч-Кайрысова», які пачынаўся словамі: «Яе жыццё — то была безупынная праца для свайго народу».

 

 

Але гэты артыкул не быў пазбаўлены некаторых фактычных памылак датычна яе біяграфіі, якія пасля паўтараліся многімі аўтарамі работ пра Цётку.

 

Упершыню падрабязна пра сям'ю і дзяцінства Алаізы Пашкевіч расказала Марыя Мілючанка ў рэфераце «Грамадская і літаратурная дзейнасць Цёткі», прачытаным у Вільні ў 20-я ўгодкі са смерці паэткі і пазней апублікаваным асобным выданнем. Праз дваццаць гадоў, у 1956 г., убачыў свет выдадзены асобнай кнігай крытыка-біяграфічны нарыс Лідзіі Арабей «Цётка (Алаіза Пашкевіч)». Гэтая кніга стане першым падрабязным даследаваннем яе жыцця. Аўтар нарыса пайшла шляхам архіўных пошукаў, выявіўшы найперш у сховішчах Вільні біяграфічныя дакументы Алаізы Пашкевіч, у Дзяржаўным гістарычным архіве ў г. Гродна — метрычную кнігу Васілішкаўскага касцёла з запісамі аб вянчанні 23 мая 1865 г. бацькоў Алаізы і хрышчэнні іх дзяцей. Амаль адначасова, у 1954 г., з'явіліся ўспаміны Сцяпонаса Кайрыса — мужа Цёткі. Варта згадаць і тое, што на ліст-просьбу Міхася Клімковіча ў 1946 г. Іларыён Свянціцкі адгукнуўся ўспамінамі пра яе жыццё ў Львове. Тэму «І. Свянціцкі і Цётка» ў свой час даследавалі Рагойша і Кабржыцкая і ўнеслі многа ўдакладненняў у яе біяграфію. У БДАМЛіМ дакументы Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў колькасці 266 адзінак захоўвання, у тым ліку дакументы Цёткі, паступілі ў пачатку 1960-х гадоў з Цэнтральнага дзяржаўнага архіва Літвы па распараджэнні Архіўнага ўпраўлення Літоўскай ССР. Дарэчы, менавіта Свянціцкі расказаў гісторыю некаторых дакументаў Цёткі, якія захоўваліся ў музеі і ў 1960-я паступілі ў сучасны БДАМЛіМ: «Яе асабістыя ўніверсітэцкія паперы (індэкс, пасведчанне) былі выдадзены з абменных фондаў Нацыянальнага музея [у Львове] 19 мая 1931 года для Беларускага музея ў Вільні». Апошняе значнае паступленне дакументаў да біяграфіі Цёткі адбылося ў складзе архіва пісьменніцы Валянціны Коўтун, аўтара рамана пра Цётку «Крыж міласэрнасці» і шматлікіх артыкулаў пра яе.

 

 

Булачкі ў парце

 

 

Пачнём вось з гэтага цікавага дакумента: пасведчання Віленскай прыватнай сямікласнай вучэльні аб пераводзе ў вышэйшыя класы вучаніцы Алаізы Пашкевіч.

 

 

У 1892 г. шаснаццацігадовую Алаізу разам з малодшым братам Юзікам, з якім разам гадавалася ў Тарэсіне, бацькі адпраўляюць у Вільню пад апеку старэйшай сястры Марыі. Праз два гады прыватных урокаў, у 1894 г., Алаіза паступіла ў чацвёрты клас рускага прыватнага вучылішча Веры Міхайлаўны Прозаравай. Будучы па характары вельмі незалежнай, не жадаючы абцяжарваць сястру, старалася дзеля аплаты сваёй вучобы зарабляць самастойна. Заробак прыватнымі ўрокамі мела слабы, а таму часта галадала.

 

 

У нашым архіве захоўваецца часопіс «Конадні» за 1954 год з успамінамі Юльяны Вітан-Дубейкаўскай, дзе чытаем:

 

 

«Мая старшая сястра Жэня і я паступілі ў прыватную гімназію Веры Міхайлаўны Прозаравай, таму што ў казённую гімназію прыймалі дачок расейскіх чыноўнікаў, і каб папасці туды, трэба было мець пратэкцыю. У нашай гімназіі быў пераважна мясцовы элемент: шмат польскіх шляхцянак, затым яўрэйкі, былі і караімка, і татарка, і некалькі расеек... І беларуска знайшлася ў нашай гімназіі, і то асаблівая. У вышэйшых класах разам з маёй сястрой вучылася Алойзія Пашкевіч... Яна была старэйшая за другіх дзяўчат у класе. Казалі, што яна прыехала з вёскі. Яна трымалася асобна ад другіх, была маламоўная, але з маёй сястрой яна зыйшлася бліжэй, бо сястра ёй памагала адрабляць лекцыі французскай і нямецкай мовы, якімі Ал. Пашкевіч слаба ўладала. Наогул аб сваім жыцці й сям'і Ал. Пашкевіч ніколі не гутарыла, сястра ведала толькі, што яна жыве ў знаёмых на прадмесці. Але раз у гімназіі паўстаў вялікі перапалох, Ал.  Пашкевіч, вучаніца сёмай клясы, абамлела ў часе лекцыі, і школьная лекарка прызнала, што яна гэтак аслабела ад недаядання. Памятаю, мая сястра са слязьмі апавядала ў хаце, што Ал. Пашкевіч гэтак бедная, што на яду не хапае, але яна вельмі амбітная й не хоча прыймаць помачы. Мая маці сказала тады мне: «Я буду даваць табе булкі на дваіх, а ты кладзі ў яе столік, калі яе няма ў клясе». Мне гэта рабіла асаблівую прыемнасць — прыходзіць у клясу сястры і класці непрыкметна булкі ў пюпітр Ал. Пашкевіч. Яна спачатку пыталася ў клясе, хто гэта палажыў булкі ў ейны пюпітр, аднак віноўніца не адклікалася, і клясавая дама супакоіла яе, што гэта, мусіць, падарунак. Гэтак мы рабілі да сканчэння гімназіі... Наша Вера Міхайлаўна мела добрае сэрца і на бацькоўскім савеце парупілася, каб Ал. Пашкевіч прызначылі стыпендыю... Яна кідалася ў вочы сваім бледным, паважным тварам, які не блістаў свежасцю і красой маладосці, але які сваімі сур'ёзнымі вачыма, трохі выступаючымі скуламі, тонкімі і зжатымі губамі, казаў аб сіле і цвёрдасці характару».

 

 

Праз слабое здароўе і па патрабаванні дактароў Алаізе Пашкевіч прыйшлося на шостым класе гімназіі перапыніць вучобу і жыць некаторы час на вёсцы, дзе працавала настаўніцай. У 1899 г. Алаіза вяртаецца да вучобы ў гімназіі Прозаравай і паступае зноў у шосты клас.

 

 

У архіве захоўваецца копія пасведчання аб сканчэнні вучылішча ад 5 чэрвеня 1901 г., якое Алаіза Пашкевіч атрымала і зноў выехала на вёску. Праз год, 27 чэрвеня 1902 г., у названым пасведчанні з'явіўся запіс наступнага зместу:

 

 

«Поименованная в сем свидетельстве Алоиза Пашкевич выдержала в испытательном комитете при управлении Виленского учебного округа специальное испытание на звание домашней учительницы арифметики и получила из управления названного округа свидетельство на это звание».

 

 

Яна яшчэ два гады працавала настаўніцай у вёсцы і ў 1903 г. (па пераканаўчым доказе Вячаслава Рагойшы) накіравалася ў Пецярбург, каб паступіць на Курсы выхавацелек і кіраўніц фізічнай адукацыі Лесгафта (так курсы называліся, калі там вучылася Цётка).

 

 

Ці скончыла Цётка курсы?

 

 

Дакументальныя матэрыялы сведчаць, сцвярджае Рагойша, што Алаіза Пашкевіч курсаў не скончыла. Калі браць пад увагу звесткі дакументаў Дзяржаўнага гістарычнага архіва Санкт-Пецярбурга (ДГА Сп-Б,Ф.139, воп.1, адз.зах. 8406 а, л.106; прозвішча А. Пашкевіч стаіць у спісе слухачак пад № 414), у 1904 г. яна павінна была прыступіць да слухання лекцый як першакурсніца.

 

 

Львоўскі філосаф Алаіза

 

 

А ці ведалі вы, што Цётка мела і адукацыю філосафа? Сярод іншых дакументаў, што датычыцца яе вучобы, захавалася заліковая кніжка Львоўскага ўніверсітэта за 1912 год.

 

 

Да таго ў жыцці паэткі здарылася шмат: у Пецярбургу Алаіза вытрымлівае «спецыяльныя іспыты» (экстэрн) у Аляксандраўскай жаночай гімназіі з вельмі добрымі вынікамі, і іспыт па лацінскай мове пры Першай гімназіі ў Пецярбургу, мае права паступлення ва ўніверсітэт. Але ў 1904 годзе вяртаецца ў Вільню і ўладкоўваецца на работу ў Віленскую акруговую псіхіятрычную бальніцу. Фельчарка Алаіза Пашкевіч згадваецца ў абвінаваўчым акце па «Справе лекараў» у другой палове 1905 года. Згодна з паказаннямі нейкіх Сцяпана Дзёміна і Соф'і Лістоўскай, Алаіза Пашкевіч брала ўдзел у сходах «групоўкі, якія праходзілі на кватэры доктара Яўгенія Клевезела і студэнта-практыканта Гірша Падзельвера. На мітынгах, якія адбываліся ў лякарні, яна прамаўляла на беларускай мове, намаўляючы слухачоў да непадпарадкавання ўладам, нясплаты падаткаў і барацьбе супраць ураду». Адправілася ў эміграцыю ў Львоў, нелегальна наязджала ў Вільню і Пецярбург і нават стала адным з заснавальнікаў першай беларускай газеты «Наша доля», дзе ў першым жа нумары быў надрукаваны яе верш «Наш палетак» і апавяданне «Прысяга над крывавымі разорамі».

 

 

Па ўспамінах Свянціцкага, Цётка прыехала ў Львоў у лютым 1908 г.

 

 

«Была яна па-асабліваму разгубленая, неспакойная, у гутарцы пераскоквала з тэмы на тэму, ва ўсім выяўляла сваю нервовасць і нейкую неўраўнаважанасць».

 

 

Пасля ён даведаўся пра яе хваробу і пра тое, што яна лячылася кумысам недзе ў Кіргізіі.

 

 

У тым жа годзе Цётка выехала ў Кракаў, дзе стала слухачкай гуманітарнага аддзялення Ягелонскага ўніверсітэта. А праз год зноў вярнулася ў Львоў. Вось там і паступіла на філасофскі факультэт універсітэта. Захавалася заліковая кніжка за 1912 г. — ці на латыні «іndex lectіonum», якая ўказвае на год яе вучобы, называе яе педагогаў і, што вельмі каштоўна, змяшчае фотаздымак Алаізы Кайрыс.

 

 

Дзіўны шлюб

А вось яшчэ цікавы дакумент: метрычная выпіска з кнігі Віленскага касцёла ўсіх святых аб шлюбе Цёткі.

 

 

У 1911 годзе 7 лютага Алаіза Пашкевіч пабралася шлюбам з інжынерам Сцяпонасам Кайрысам, вядомым літоўскім палітыкам, узяла прозвішча мужа, што ў хуткім часе дазволіла ёй легальна вярнуцца на Радзіму. Відавочна, што менавіта гэтая акалічнасць спыніла яе навучанне ў Львоўскім універсітэце, а яе студэнцкая справа захоўвалася спачатку ва ўніверсітэцкім архіве, а пасля ў абменным фондзе Нацыянальнага музея, адкуль і была перададзена ў Беларускі музей у Вільні.

 

 

Пра віленскі перыяд жыцця Цёткі вельмі цікавыя згадкі пакінула ў сваіх успамінах «Сцежкі жыцця» Паўліна Мядзёлка:

 

 

«Бывала я і на кватэры Цёткі, якая жыла ў лясным прадмесці Звярынцы разам са сваім мужам Кайрысам. Не зусім звычайная гэта была пара. Мне казалі, што іх шлюб спачатку быў толькі фіктыўным, на манер Соф'і Кавалеўскай, а праз нейкі час сталі жыць разам, але я не адважылася ў яе самой пра гэта спытаць. У мяне склалася ўражанне, што Цётка з'яўляецца хутчэй кватаранткай, чымся гаспадыняй у сваім доме. Яна займала асобны пакой, вельмі просценька абсталяваны. На стале, на паліцах — поўна кніг. Толькі ў гэтым пакоі яна нас прымала, сюды прыносіла і пачастунак, ніколі не запрашаючы ў другія пакоі кватэры. І толькі раз, выпадкова сутыкнуўшыся ў калідоры з Кайрысам, Цётка пазнаёміла мяне са сваім мужам. Здавалася, што Цётка з мужам жылі кожны сваім асобным жыццём, не ўмешваючыся ў справы адзін аднаго. Іх ядналі хіба толькі рэвалюцыйныя справы. Кайрыс быў членам сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы, Цётка — Беларускай сацыялістычнай грамады.

 

 

Апраналася Цётка заўсёды ў просценькую чорную сукенку і такі ж чорны жакецік. Гаварыла крыхуў нос з чыста вясковай манерай і інтанацыяй. Не раз мне прыходзіла ў голаў нядобрая думка, што Цётка крыху рысуецца сваім сялянскім паходжаннем і зумысля напускае на сябе грубаватыя манеры і тон. Аднаго разу мы невялічкай грамадкай ішлі з Цёткай у «Беларускую хатку». Наперадзе ішла яе малодшая сястра і, не заўважыўшы дома, у двор якога нам трэ' было завярнуць, мінула яго і пайшла далей. Цётка спынілася і на ўсю вуліцу загалёкала:

 

 

— Зюнька-а-а! Каб цябе ха-ле-ра, куды цябе панясло-о-о!

 

Ну, зусім як баба на вёсцы. А людзі на вуліцы спыняліся і здзіўлена азіраліся».

 

Першая сусветная вайна ў лёс Цёткі ўвайшла вялікімі асабістымі трагедыямі. А ў лютым 1916 г. абарвалася жыццё і самой Алаізы Сцяпанаўны. Пра той час яе муж Кайрыс успамінаў:

 

 

«Пасля колькіх дзён я атрымаў тэлеграму, што і жонка небяспечна хворая. Таго ж дня выехаў чыгункаю і з Васілішак пехатою дабраўся да Старога Двара. Жонка ляжала непрытомная ўжо колькі дзён, хворая на той жа тыфус. Папрошаны з Васілішак лекар-немец мала ведаў пра тыфус, не памог нічога... Алёйза Пашкевічанка-Кайрыс памерла 5 лютага 1916 году пад роднаю страхою, не прыходзячы да памяці».

 

ЗВЯЗДА

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!