Адзіны дзень інфармавання прайшоў у аграгарадку Васілішкі
У чацвер у рамках адзінага дня інфармавання інфармацыйныя групы райвыканкама сустрэліся з калектывамі Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства НАН Беларусі, ААТ “Дэмбрава“, саўгаса “Вялікае Мажэйкава“, жыхарамі гарадскога пасёлка Жалудок. Падчас сустрэч размова ішла аб знешняй палітыцы Рэспублікі Беларусь, рэалізацыі нацыянальных інтарэсаў, умацаванні пазітыўнага іміджу беларускай дзяржавы на міжнароднай арэне і іншых актуальных пытаннях.
Члены абласной інфармацыйнай групы, у якую ўвайшлі намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама І.Б. Сцепаненка, рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі С.А. Сяргейка, сустрэліся з работнікамі ААТ “Васілішкі”. У сустрэчы таксама прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама А.В. Пасюта, намеснік начальніка РАНС С.К. Бакун і старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ РАУС Р.П. Маркевіч.
Акцэнтуючы ўвагу прысутных на пытаннях знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, І.Б. Сцепаненка адзначыла яе шматвектарнасць, гатоўнасць супрацоўнічаць з рознымі краінамі. Зацікаўленасць замежных партнёраў у наладжванні ўзаемавыгадных адносін з Беларуссю пацвярджае каля чатырох тысяч міжнародных дагавораў, пагадненняў, мемарандумаў і заяў.
У Беларусі ажыццяўляюць сваю дзейнасць 48 пасольстваў, 4 аддзяленні пасольстваў, 39 консульскіх устаноў замежных дзяржаў, 18 прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый. Па сумяшчальніцтве з Масквы, Вільнюса, Варшавы і Кіева акрэдытавана 91 замежнае дыппрадстаўніцтва. Беларусь мае свае замежныя ўстановы ў 57 дзяржавах, а з улікам акрэдытацыі паслоў па сумяшчальніцтве - у 109.
Асноўным стратэгічным саюзнікам нашай дзяржавы была і застаецца Расійская Федэрацыя. Беларусь з’яўляецца актыўным удзельнікам Еўразійскага эканамічнага саюза. Паміж нашай рэспублікай і Кітаем устаноўлены найвышэйшы ўзровень адносін - усебаковае стратэгічнае партнёрства і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. Вядзецца сістэмная праца па развіцці эканамічных кантактаў з краінамі Афрыкі. Стабільна высокім застаецца ўзровень супрацоўніцтва Беларусі з арабскімі дзяржавамі Персідскага заліву, у першую чаргу з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі.
Ірына Браніславаўна падрабязна спынілася, у прыватнасці, на тых фактарах, якія спрыяюць умацаванню пазітыўнага іміджу нашай краіны на міжнароднай арэне. Беларусь уваходзіць у лік лідараў сярод сусветных экспарцёраў грузавых аўтамабіляў, трактароў, дарожна-будаўнічай і камунальнай тэхнікі. Доля вытворчасці кар’ерных самазвалаў “Белаз“ на сусветным рынку дасягае 30 працэнтаў. Амаль кожны дзясяты трактар у свеце выраблены ў Рэспубліцы Беларусь. Прыкметны на міжнародным узроўні дасягненні беларускай краіны ў адукацыі, навуцы, ахове здароўя, развіцці IT-галіны. Асабліва пазітыўна на іміджы краіны адбіваецца факт правядзення ў чэрвені II Еўрапейскіх гульняў.
Падчас сустрэчы абмяркоўваліся таксама пытанні крымінагеннай абстаноўкі і меры па прадухіленні пажараў і іншых надзвычайных сітуацый у раёне. Прыклады наступстваў выпальвання сухой расліннасці паказваюць, чым абарочваецца неасцярожнае абыходжанне з агнём, пераацэнка сваіх магчымасцяў і неабдуманыя дзеянні.
Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.