Адпачываем актыўна. Зіма – спартыўных забаў пара
Як толькі ў раёне ўсталявалася марозная надвор’е, на спартыўнай пляцоўцы ля ДЮСШ г. Шчучына прыступілі да заліўкі катка. Калі мінусавая тэмпература захаваецца, то ўжо праз 2-3 дні тут можна будзе пакатацца на каньках і згуляць у хакей.
-- Заліваць каток мы спрабавалі яшчэ на мінулым тыдні, але нечаканая адліга парушыла нашы планы, -- прызнаецца загадчык сектарам спорту і турызму адддела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іван Вікенцьевіч Гваздоўскі. – Аднак у бліжэйшы час лядовыя пляцоўкі з’явяцца ля кожнай навучальнай установы раёна, як і лыжныя трасы. Акрамя таго, пракладзём лыжню на гарадскім стадыёне “Алімп” і ў гарадскім парку культуры і адпачынку.
Не сакрэт, што своеасаблівым цэнтрам спартыўнага жыцця ў зімні час становіцца ДЮСШ г. Шчучына, дзе ўжо пяты год працуе пракат спортінвентару.
-- У нас налічваецца 50 пар канькоў розных памераў: ад 33-га да 45-га, -- гаворыць адміністратар спартыўнай школы Іван Янавіч Панімаш. – Ёсць хакейныя, фігурныя і нават дзіцячыя рассоўныя – для самых маленькіх аматараў зімовых забаў. Сёлета мы закупілі 7 пар канькоў і 20 лыжных камплектаў агульным коштам 2500 рублёў. Сумма немалая, затое цяпер выйсці на лёд ці лыжню зможа кожны жадаючы. Нашым наведвальнікам мы прапануем камфортныя раздзявалкі, душавыя кабінкі і … вясёлую музыку для падняцця настрою. А работнікі РУП ЖКГ паклапаціліся аб тым, каб наша “каробка” патанала ў свеце: замянілі па перыметры 10 старых лямп вулічнага асвятлення на больш яркія і энергазберагаючыя.
Маніторынг дзейнасці шчучынскага пракату спортінвентару правёў спецыяліст упраўлення сорту і турызму аблвыканкама Яўгеній Геннадзьевіч Юцэвіч і адзначыў, што ў ДЮСШ г. Шчучына створана выдатная матэрыяльна-тэхнічная база для заняткаў зімовымі відамі спорту.
Не засталіся без увагі і навучальныя ўстановы раёна, куды сёлета за бюджэтныя сродкі былі закуплены лыжы, клюшкі і іншы зімовы спортінвентар. Упэўнены, усе гэтыя абноўкі прыйдуцца да спадобы школьнікам і будуць актыўна выкарыстоўваюцца імі на занятках фізічнай культуры.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.
Карысная інфармацыя:
Рэжым работы праката ДЮСШ г. Шчучына:
- панядзелак – пятніца: з 15:00 да 21:00 – пракат канькоў, з 21.00 – гульня ў хакей;
- субота - нядзеля : з 12.00 да 19.00 – пракат канькоў, з 19.00 – гульня ў хакей.
Кошт пракату пары канькоў на гадзіну складае 3 рублі. Аплата праводзіцца ў ДЮСШ г. Шчучына. Усю неабходную інфармацыю можна атрымаць па тэлефонах: 29574 або +375(29)5858395